krupki.by

ru RU be BE en EN

Крупчане ўзялі ўдзел у абласных «Дажынках» у горадзе Мядзел



Крупчане ўзялі ўдзел у абласных «Дажынках» у горадзе Мядзел

Автор / Главные новости / Аўторак, 02 Кастрычнік 2018 14:21 / Просмотров: 3729

Прадстаўнічая дэлегацыя на чале са старшынёй Крупскага райвыканкама Анатолем Козелам накіроўвалася на свята-фестываль з добрым настроем. У яе складзе – лепшыя хлебаробы Крупшчыны, кіраўнікі сельгасарганізацый, раённых арганізацый і ўстаноў.

Абноўлены Мядзел быў вельмі гасцінны, нас сустракалі як добрых сяброў традыцыйна хлебам-соллю і вітальнай беларускай песняй. Усё наваколле было прасякнута духам свята. Да асноўнай дзеі быў яшчэ час, і мы накіраваліся гуляць. Паглядзець было на што. Гандлёвыя рады працягласцю больш за паўтара кіламетры размясціліся ў цэнтральнай частцы горада і як промні разыходзіліся па некалькіх вуліцах і завулках. Прадукцыя больш як трох сотняў прадпрыемстваў Міншчыны – багаты выбар на любы густ. Дэгустацыі, прэзентацыі, латарэі – з кожнага павільёна чуліся запрашэнні і заклікі.

У святочным натоўпе мы сустрэлі нашых прадстаўнікоў Крупскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны прапанавалі гасцям набыць арыгінальныя вырабы, што падрыхтавалі творчыя актывісты цэнтра. А ў падзяку сваім пакупнікам дарылі далонькі дабрыні з самымі лепшымі пажаданнямі.

Традыцыйна «Дажынкі» – гэта не толькі падвядзенне ўраджайных вынікаў, гэта своеасаблівая творчая справаздача. Было цікава глядзець, як прэзентуе сябе наш Дом рамёстваў. Шукаем Горад майстроў. Ярка-сінія кубы-падстаўкі, на якіх былі ўстаноўлены лепшыя вырабы з саломкі, заўважылі здалёк. Гэты кідкі колер як нельга лепш падкрэсліваў залацісты бляск адмысловых саламяных шэдэўраў. На выставу трапілі сапраўды лепшыя, многія вырабы маюць статус пераможцаў творчых конкурсаў. Да крупскай экспазіцыі актыўна падыходзілі гледачы, амаль усе рабілі фота, асобныя былі гатовыя купіць, але выставачныя ўзоры не прадаваліся.

Кірмаш шумеў, а тым часам удзельнікі «Дажынак» рыхтаваліся да галоўнай дзеі свята – урачыстага шэсця «Шлях да хлеба». Раёны выстройвалі свае калоны. Было відаць, што ўсе грунтоўна рыхтаваліся, і ў параўнанні з мінулым годам шэсце было больш відовішчным і яркім.

Наша дэлегацыя выглядала адметна, заўважным акцэнтам сталі шалі, на якіх была выява герба Крупскага раёна, спецыяльнай эмблемай былі абазначаны і курткі. Так што кожны бачыў, што гэта – крупчане. На пачатку калоны хлопцы ў святочных нацыянальных строях неслі штандар – вялікае саламянае сонца з надпісам «Крупскі раён». За імі ўрачыста неслі наш дажыначны каравай і дабротны сноп, спавіты прыгожым саламяным поясам, – з залатога калосся новага ўраджаю. Нашу дэлегацыю было і бачна, і чутна. Пра гэта паклапаціліся артысты народнага ансамбля народнай песні «Жывіца», вакальнай групы «Сялявіца», народнага ансамбля народнай песні «Крупчанка». Дэлегацыю аграрыяў  Крупшчыны ўзначальвала кіраўніцтва раёна.

Урачыстае шэсце шматкаляровым патокам лілося па вуліцах Мядзела. Трэба адзначыць, як шчыра віталі кожны раён госці свята, якія сабраліся па абодва бакі ўсяго маршрута шэсця. Яны махалі флажкамі, гучна крычалі «Прывітанне! Ура!», здымалі дзею на мабільныя тэлефоны і былі шчодрыя на кампліменты. Быў нават момант, калі адзін з гасцей на ўвесь голас зацягнуў песню, а нашы музыканты тут жа падхапілі матыў, а артысткі дружна заспявалі. Адчувалася сапраўднае адзінства людзей – і герояў жніва, і тых, хто прыйшоў прывітаць працаўнікоў, якія ведаюць, які ён, сапраўдны шлях да хлеба.

У цудоўным амфітэатры, што ўтульна размясціўся на маляўнічым беразе возера Мястра, адбылася цырымонія ўзнагароджвання перадавікоў жніва. На пачатку кіраўнікі лепшых гаспадарак Міншчыны ўручылі святочны дажыначны каравай кіраўніку сталічнага рэгіёну, старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолю Ісачанку са святочнай справаздачай: «Дазвольце нам ад усіх працаўнікоў Міншчыны рапартаваць, што ўраджай 2018 года сабраны і склаў 1 мільён 300 тысяч тон!»

Сапраўды, Міншчына і сёлета пацвердзіла статус галоўнай жытніцы краіны і надзейнага пастаўшчыка харчавання для жыхароў сталіцы і іншых рэгіёнаў. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, што істотна паўплывала на ўраджайнасць збожжавых і вобласць не дасягнула мінулагодніх вынікаў, жніво прайшло арганізавана, у сціслыя тэрміны, і людзі зрабілі ўсё, што маглі.

 

Мінская вобласць сёлета адзначае 80-гадовы юбілей, і прыемна, што менавіта аграрыі цэнтральнага рэгіёну зрабілі самы вялікі ўнёсак у рэспубліканскі каравай. І зараз маюць усе правы заслужана святкаваць і атрымліваць узнагароды за сваю самаадданую працу.

– У кожнага свята ёсць свае вытокі, свае асаблівасці, адметныя рысы, – адзначыў Анатоль Ісачанка, вітаючы герояў жніва. – Яно каштоўнае для нас удвая як даніна павагі да продкаў, і як магчымасць сказаць шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто мае дачыненне да нашага каравая. Аграрыі Міншчыны працавалі добрасумленна. Я шчыра віншую ўсіх з агульнай працоўнай перамогай, жадаю працаўнікам аграпрамысловага комплексу здароўя, поспехаў, дастатку. Няхай ваша праца заўсёды прыносіць добры ўраджай!

Анатоль Ісачанка сказаў шмат цёплых слоў хлебаробам і іх сем’ям, ветэранам галіны, якія шчодра перадаюць свой вопыт моладзі, кіраўнікам раёнаў і сельгасарганізацый. Асобна адзначыў Мядзельскі раён, падкрэсліўшы, што горад літаральна пераўтварыўся, стаў сапраўды камфортным для жыхароў і гасцей.

Апладысментамі ўдзельнікі ўрачыстасці сустракалі лепшых з лепшых. Ужо другі год запар лідарам на ўборцы ўраджаю з’яўляецца Дзяржынскі раён. Сёлета ён паказаў самую высокую ўраджайнасць збожжавых у вобласці – 45,5 цэнтнера з гектара, і стаў лепшым па намалоце збожжа. Другое месца ў абласным спаборніцтве заняў Пухавіцкі раён, трэцяе – Мінскі раён.

Пераможцай сярод сельскагаспадарчых арганізацый стала ААТ «Гастэлаўскае» Мінскага раёна. Іх вынікі – сур’ёзная падстава для гонару, аграрыі змаглі атрымаць па 90 цэнтренаў збожжа з кожнага гектара. Гэты паказчык па ўраджайнасці прызнаны самым высокім не толькі ў вобласці, але і ў краіне.

Падчас цырымоніі ўзнагароджвання на сцэну амфітэатра выходзілі кіраўнікі гаспадарак, пераможцы, лепшыя па прафесіі, сямейныя дынастыі. Прыемна, што ў іх ліку быў і прадстаўнік Крупшчыны. Падзяка Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм аб’яўлена вадзіцелю ААТ «Старасельскае» Уладзіміру Толкачу. Узнагароду ўручыў старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода.

Падарункам для ўсіх стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны лепшымі творчымі калектывамі Міншчыны. А напрыканцы – галоўная інтрыга. Усе з нецярпеннем чакалі, каму ж будзе перададзена эстафета абласного свята. У наступным годзе фестываль-кірмаш прыме суседні з намі Барысаў. Старшыня Мядзельскага райвыканкама ўручыў свайму калегу сімвалічны фестывальны пераходны сноп.

Доўжылася свята да самай ночы, не сціхала на гандлёвых радах, былі яшчэ канцэрты і вячэрні святочны феерверк.

Увогуле, Міншчына здаўна славілася багатымі ўраджаямі, высокімі дасягненнямі ў галіне сельскай гаспадаркі і працавітымі людзьмі. Адшумела свята, і аграрыі вярнуліся да сваіх штодзённых клопатаў – пра ўраджай будучага года.

 

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.