krupki.by

ru RU be BE en EN

У Крупках адбылася ўрачыстасць з нагоды 100-годдзя ўтварэння БССР (фота)



У Крупках адбылася ўрачыстасць з нагоды 100-годдзя ўтварэння БССР (фота)

Автор / Главные новости / Пятніца, 25 Студзень 2019 14:45 / Просмотров: 3410

У раённым Цэнтры культуры было шматлюдна. Госці з цікавасцю знаёміліся са шматлікімі экспазіцыямі, падрыхтаванымі Крупскім гісторыка-краязнаўчым музеем і раённай бібліятэкай. Было светла ад шчырых усмешак і прывітанняў, добрых пажаданняў і ўспамінаў. На свята прыехалі людзі, якія ў гады БССР шмат зрабілі для Крупшчыны.

 Нельга было прайсці міма выстаў «Вехі гісторыі», «Мінулае Крупшчыны», «Ад гісторыі да сучаснасці», «У імя міру і працы», «Беларусь – гэта мы». Нікога не пакінула раўнадушным вялізная кніга «Нацыянальны атлас Беларусі», дзе на пачатку ХХ стагоддзя былі вызначаны межы нашай Крупшчыны. Прыцягвала ўвагу фотавыстава «Гісторыя ў асобах», дзе змешчаны фатаграфіі нашых знакамітых землякоў – Міхася Калачынскага і Уладзіміра Кавалёнка, Пятра Якімава і Веры Пятрушынай, Валерыя Філімонава і Сямёна Самцэвіча, Уладзіміра Усошына і Дзмітрыя Прышчэпава, Васіля Зуёнка і Івана Акаловіча, Ніны Мішаевай і Кацярыны Карстэн.

Дырэктар Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Бальбот зрабіла экскурс у гісторыю ўтварэння БССР і, у прыватнасці, нашага раёна. Госці нават змаглі пабываць на імправізаваным сходзе партыйнай арганізацыі саўгаса «Бобр», дзе адбывалася вылучэнне кандыдатуры брыгадзіра комплекснай брыгады Валянціны Арсенцьеўны Каліноўскай на раённую Дошку гонару. Усё як у старыя добрыя часы: зачытана біяграфія кандыдата, прайшло галасаванне, вынесена пастанова. Удзельнікі свята прайшліся па тэматычных пляцоўках «Беларусь – крыніца натхнення» і «Будучае Радзімы будаваць маладым».

І вось у актавай зале загучалі фанфары. На сцэне – ансамбль народнай песні «Жывіца» з пранікнёнай песняй «Беларусь – імя святое». З вуснаў вядучых гучаць узнёслыя словы: «БССР – гэта цэлая эпоха ў слаўнай гісторыі нашай Радзімы, гэта век адкрыццяў, дасягненняў, развіцця краіны, гэта наша жыццё. Без БССР не было б суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, сфарміраваліся тэрыторыя нашай дзяржавы і свядомасць беларусаў як адзінай нацыі. Нацыі, якой ёсць чым ганарыцца».

З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Козел:

– З нараджэннем БССР рэспубліка ўпершыню набыла законны палітычны і юрыдычны статус. У гэты час з’явілася дзяржаўная сімволіка, адкрываліся вышэйшыя навучальныя ўстановы, вызначаліся межы нашай краіны. З першых дзён савецкай улады самааддана і з энтузіязмам працавалі рабочыя і сяляне. Аднымі з першых былі створаны калгасы «Чырвоная ніва» ў Бабры і «Май» у вёсцы Майск. Да сярэдзіны 30-х гадоў налічвалася 200 калгасаў і саўгасаў, дзейнічалі 37 прадпрыемстваў. Але мірную стваральную працу абарвала Вялікая Айчынная вайна. І з першых дзён праявіліся мужнасць і гераізм нашых землякоў, якія сталі на абарону Радзімы. Высокае званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 11-ці ўраджэнцам раёна. Больш 2 тысяч крупчан узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Далей выступаючы засяродзіў увагу на асноўных гістарычных вехах, назваў людзей, што сваёй стваральнай і ратнай працай здабывалі дабрабыт радзімы, абаранялі яе ад ворага, аднаўлялі разбураную вайной гаспадарку, уносілі ўклад у развіццё раёна. І мы ганарымся, што такія прафесіяналы жывуць і працуюць на нашай зямлі, сваімі дасягненнямі ўслаўляюць малую радзіму, Мінскую вобласць і Рэспубліку Беларусь у цэлым.

– А вось якім будзе заўтра нашай краіны, залежыць толькі ад таго, з якой аддачай мы будзем працаваць сёння. Кожны павінен адчуваць адказнасць за лёс краіны. І яе будучае залежыць ад кожнага з нас, – падкрэсліў напрыканцы Анатоль Козел.

Апладысментамі ўсе сустракалі ўзнагароджаных. Ганаровая грамата раённага выканаўчага камітэта ўручана кандыдату гістарычных навук, аўтару публікацый і кніг аб гісторыі Крупскага раёна Дзмітрыю Хромчанку. Падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта – ветэрану працы, складальніку летапісу развіцця аховы здароўя Крупскага раёна Міхаілу Вайцяховічу і дырэктару Крупскага лясгаса Мікалаю Усеню.

Для ўшанавання на сцэну былі запрошаны лаўрэаты ганаровага звання «Чалавек года Міншчыны» 2018 года загадчык аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў Крупскага ТЦСАН Людміла Гур, намеснік начальніка філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ № 164» Ірына Патылкіна і машыніст тралёвачнай машыны Крупскага лясгаса Дзмітрый Фамін. Кветкі і памятныя сувеніры ўручаны ветэранам працы, якія ў свой час былі ўдастоены ўрадавых узнагарод. Гэта нашы заслужаныя землякі – Ірына Уладзіміраўна Белая, Міхаіл Пятровіч Буры, Галіна Аляксандраўна Акульчык, Вольга Арцёмаўна Міронава, Іван Іванавіч Маеўскі.

А вядучыя працягвалі расказваць пра БССР – жывы і яркі дакумент гісторыі. І кожнае з пакаленняў упісала ў яго сваю старонку. Для аднаго пакалення – гэта былі рэвалюцыя, грамадзянская вайна, калектывізацыя і індустрыялізацыя краіны, першыя пяцігодкі. Для іншых – Вялікая Айчынная вайна, гераічныя працоўныя гады пасляваеннага аднаўлення. Відэафільм «Маладосць мая – Беларусія» перанёс гасцей свята ў мінулыя часы і дазволіў адчуць дыханне той адметнай эпохі. Кадры кінахронікі краналі сэрца.

Ізноў гарталіся старонкі насычанай і цікавай гісторыі БССР, прапаноўваліся адметныя факты і падзеі, называліся знакамітыя імёны: Міхась Клімковіч – аўтар Дзяржаўнага гімна «Мы – беларусы», Дзмітрый Прышчэпаў – народны камісар земляробства БССР, легендарныя лётчыкі, Героі Савецкага Саюза Васіль Князеў і Мікалай Зайцаў.

Як вядома, гісторыя любой дзяржавы вяршыцца людзьмі. За кожнай лічбай, фактам або дасягненнем стаяць імёны. За гэтыя гады на чале Крупскага раёна стаяла слаўная плеяда таленавітых, самаадданых, мудрых і адказных людзей. Асобныя з іх былі ў зале. На сцэну запрашаюцца Мікалай Жураўскі – першы сакратар РК КПБ, Дзмітрый Карань – намеснік старшыні райвыканкама, Аляксей Гарнак – старшыня Крупскага райвыканкама і Юрый Гаўрылаў – сакратар райкама партыі. Падчас інтэрв’ю на пытанне, што для кожнага з вас азначае эпоха БССР, прысутныя пачулі самыя шчырыя і сардэчныя прызнанні. «У Крупкі я еду, як у сваё мінулае», «Ніколі не губляў сувязі з крупскай зямлёй», «Каб працаваць у Крупскім раёне, ім трэба захварэць», «Хаця і нарадзіліся мы ў розных мясцінах, але ўсе мы – крупчане, і імкнемся апраўдваць гэта званне» – гучала з вуснаў выступаючых. Называліся шматлікія прозвішчы кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў і вядомых людзей, дасягненні ў жывёлагадоўлі і земляробстве, адзначалася, што такіх працавітых і таленавітых людзей, як на Крупшчыне, не знайсці.

Шмат было сказана пра гады Вялікай Айчыннай вайны, пра пасляваеннае адраджэнне краіны, выказваліся словы ўдзячнасці рабочым і аграрыям, інжынерам і будаўнікам, урачам і педагогам, артыстам і спартсменам, вучоным і кіраўнікам, усім, хто сваёй працай ствараў нашаму рэгіёну аўтарытэт і славу. Для інтэрв’ю на сцэне ветэраны працы – сельскагаспадарчай вытворчасці Зінаіда Свірыдовіч, педагагічнай галіны Валянціна Скваркоўская, раённага аддзела ўнутраных спраў Тамара Каляда і сферы аховы здароўя Яніна Гарадкова. У сваіх успамінах яны нагадалі падзеі эпохі БССР, якія яны лічаць найбольш важнымі ў сваім жыцці, у адрас прадстаўнікоў сённяшняга пакалення гучалі пажаданні не баяцца цяжкасцей, дабівацца пастаўленай мэты, любіць сваю малую радзіму.

Вялікі інтарэс у прысутных выклікалі прэзентацыі эколага-патрыятычнага клуба «Спадчына» і ваенна-патрыятычнага клуба «Рубеж», уручэнне білетаў грамадскага аб’яднання «БРСМ» маладому пакаленню Крупшчыны, музычныя нумары ў выкананні Юрыя і Маргарыты Еўсявіцкіх, Яўгеніі Дзем’яновіч, Камілы Александровай, Алы Пашко, Паліны Дзем’яновіч і Анастасіі Філімонавай, салістаў студыі эстрадных спеваў «Жамчужына», народнага ансамбля народнай песні «Крупчанка», танцавальных нумароў у выкананні вучняў СШ № 3 г. Крупкі і старшай групы «Эдэльвейс».

Напрыканцы ўдзельнікам свята ад імя Крупскага раённага выканаўчага камітэта былі ўручаны кветкі, прагучалі пажаданні міра, дабра, шчасця, дабрабыту ў кожнай сям’і і кожным доме, зроблена памятная фатаграфія кіраўніцтва раёна, ганаровых гасцей і моладзі Крупшчыны.

 

Автор

admin

admin

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.