Купалле – вельмі цікавае свята. Яно адно з тых нямногіх, што не паддалося часу і, як і даўней, збірае ля сябе моладзь. Столькі традыцый, ведаў і вераванняў, колькі нясе з сабой Купалле, бадай, не сустрэнеш у іншых беларускіх святах. Гэта сапраўдная культурная спадчына.
Увечары ў Крупках у гарадскім парку па традыцыі сабраліся тыя, хто захацеў яшчэ раз пагрузіцца ў купальскую атмасферу. Гасцей віталі дзяўчаты ў прыгожых сукенках і вяночках. Для іх былі падрыхтаваны карагоды, песні, забавы і гульні… Кожны мог тут знайсці нешта цікавае для сябе. Госці атрымалі выдатную магчымасць успомніць даўнія звычаі і перанесціся ў свет казак і народных паданняў. Работнікі раённага Цэнтра культуры падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне. Увесь вечар гледачоў забаўлялі традыцыйныя героі свята, а калі сцямнела, загадвалі жаданні ля купальскага вогнішча.