На бягучым тыдні, а дакладней у панядзелак, 5 жніўня, першыя тысячнікі на Крупшчыне вызначыліся на нівах адкрытага акцыянернага таварыства «Крупскі райаграсервіс». З гэтай нагоды старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Козел, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Валянціна Козел, выконваючы абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Мельнік, першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Уладзімір Рогаў завіталі ва ўрочышча за вёскай Лазоўка, каб павіншаваць перадавы экіпаж у складзе старшага камбайнера Валерыя Лукашэнкі і камбайнера Дзяніса Дзядовіча, а таксама вадзіцеля на адвозцы збожжа Валерыя Мацюшонка.
– Мы прыехалі да вас з прыемнай місіяй. Вы першымі ў раёне намалацілі і перавезлі тысячу тон збожжа, – адзначыў Анатоль Козел, уручаючы Падзячныя пісьмы. – Выказваю вам глыбокую прызнанасць і ўдзячнасць за бездакорную працу, высокі прафесіяналізм, унесены ўклад ва ўборачную кампанію і дасягнуты намалот у 1 000 тон збожжа. Дзякуй вам за тое, што вы разумееце важнасць справы, якую робіце. Пагадзіцеся, каб адчуць славы імгненне, трэба працаваць ад світання да заходу сонца.
Дарэчы, з Валерыем Лукашэнка мы знаёмы не адзін дзясятак гадоў. І варта адзначыць, што ён заўсёды настроены на рэзультатыўную працу, неаднойчы з’яўляўся лідарам як у гаспадарцы, так і ў раёне. Таму і першы ў раёне сёлетні тысячны намалот невыпадковы. Надзейна падрыхтаваная тэхніка, малады і ўвішны напарнік, адчуванне ўвагі як кіраўніцтва гаспадаркі, так і прафсаюзнага камітэта – усё гэта стымул, каб стаць лідарамі на жніве-2019.
Валерый Лукашэнка, Дзяніс Дзядовіч і Валерый Мацюшонак прымалі віншаванні таксама і ад раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў АПК. Віншуючы экіпаж камбайнераў і ўручаючы Падзячнае пісьмо, сувеніры і сцяжок пераможцы, яго старшыня Валянціна Козел пажадала хлопцам удачы і натхнення, дасягнуць у далейшым як мага большых рэзультатаў.
Не быў абыдзены ўвагай і малады камбайнер Дзяніс Дзядовіч. Першы сакратар РК ГА «БРСМ» Уладзімір Рогаў павіншаваў Дзяніса з працоўнай перамогай і таксама ўручыў яму Падзяку і сувеніры.
Далейшы маршрут пралягаў у ААТ «Старасельскае». Вадзіцель Юрый Макараў адвёз ад камбайнаў на збожжаток ужо звыш тысячы тон збожжа. На гэты раз работа кіпела, у поўным сэнсе слова, на палетках за вёскай Старая Пярэсіка, дзе шчыравала шмат камбайнаў, ад якіх вадзіцелі адвозілі збожжа. У адрас Юрыя Макарава прагучалі словы ўдзячнасці ад старшыні райвыканкама Анатоля Козела і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціны Козел. Падзячныя пісьмы, прэмія, сувеніры – усё гэта атрымаў Юрый Пятровіч літаральна за некалькі хвілін. Усе разумеюць, што жніво не церпіць прастояў і яго невыпадкова называюць самым адказным экзаменам года: ад некалькіх тыдняў напружанай працы залежыць далейшы дабрабыт гаспадаркі. На наша пытанне, колькі гадоў ён працуе вадзіцелем, Юрый Макараў, падыходзячы да сваёй машыны, адказаў: «У мяне 40 гадоў вадзіцельскага стажу, 28 гадоў з іх кожны год я працую на жніве. Жыву ў Валкавыску, у мяне два сыны вадзіцелі, чацвёра ўнукаў. Як бачыце, жыццё працягваецца».
Яшчэ адзін тысячнік на адвозцы збожжа – вадзіцель ААТ «Халопенічы», добра знаёмы многім крупчанам Вадзім Глінчык. Так-так, гэта ён – неаднаразовы пераможца раённага, абласнога і нават рэспубліканскага спаборніцтва, удзельнік рэспубліканскіх «Дажынак». Сустрэліся мы з ім далёка за вёскай Грыцкавічы, калі пасля чарговага рэйсу на збожжаток «Слабада» ён ізноў прыехаў на збожжавыя палеткі. І адразу ж прымаў віншаванні з дасягнутым поспехам і пажаданні, каб перавезеная тысяча тон была не апошняй. Тут жа Вадзіму Мікалаевічу былі ўручаны Падзякі і падарункі. Пры кароткай размове наш герой прызнаўся, што некалькі ўсхваляваны такой вялікай увагай. У размове ён нагадаў, што яшчэ школьнікам працаваў на камбайне разам з бацькам, да арміі таксама шчыраваў на палетках тады саўгаса «Халопенічы», а ўжо з 1994 года – вось ужо 25 гадоў – незаменны вадзіцель не толькі падчас жніва, але і іншых адказных сельскагаспадарчых кампаній.
Па дарозе дадому мы адзначалі, што ўсе ўзнагароджаныя адказаў працаўнікі – прызнаныя майстры сваёй справы. Фініш уборачнай – не за гарамі, і можна спадзявацца, што ў сённяшніх нашых шчырых і ўвішных працаўнікоў ён будзе ўдалым.