Паляванне на зайца-русака і зайца-беляка дазваляецца ў светлы час сутак як ружэйным, так і безружэйным спосабамі. Ружэйнае паляванне на зайцоў дазволена з засады, з падыходу, загонам. Дапускаецца прымяненне гладкаствольнай паляўнічай зброі з выкарыстаннем патронаў са шротам, а таксама паляўнічых сабак усіх парод, пры безружэйным паляванні – хартоў і лоўчых птушак.
Ружэйнае паляванне на іншыя вышэйпералічаныя віды пушных жывёл дазволена ў светлы час сутак з падыходу, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі ўсіх парод, акрамя ганчакаў і хартоў. Дазволенымі прыладамі пры ружэйным паляванні з’яўляюцца гладкаствольныя паляўнічыя стрэльбы з выкарыстаннем патронаў са шротам, наразная паляўнічая зброя калібру 5,6 міліметра. Пры безружэйным паляванні дазволена прымяняць капканы і пасткі (акрамя петляў).
Як нам паведамілі ў Барысаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, пры паляванні на пушніну з гладкаствольнай зброяй паляўнічым забараняецца мець пры сабе патроны з карцеччу і кулямі. За іх нашэнне прадугледжаны штраф да 15 базавых велічынь, а пры паўторным парушэнні гэтай нормы – пазбаўленне права на паляванне.