– Калі на абласны этап конкурсу «Калядная зорка» мы намініравалі пераважна кампазіцыі ЦДТ, то на «ТэхнаЁлку» з 10 адабраных работ 7 – з устаноў адукацыі, – распавядае дырэктар Цэнтра дзіцячай творчасці Вераніка Сяліцкая. – Усяго ж на нашым раённым этапе было прадстаўлена 25 работ. Школы вельмі пастараліся. Хочацца адзначыць крэатыў і нестандартны падыход дзяцей і настаўнікаў Ухвальскай, Каласоўскай, Халопеніцкай СШ, гарадскіх сярэдніх школ № 1 і № 3.
Конкурсу ўжо шмат гадоў, і прафесійнае журы штогод вітае нешта новае, творчыя знаходкі, таму мінулагоднімі падыходамі яго не здзівіць.
– І мы гэта кожны раз улічваем, каб трапіць у кагорту лепшых, хоць гэта вельмі не проста, – працягвае Вераніка Сяліцкая. – Бо ў першую чаргу будуць браць да ўвагі фактар інавацыйнай творчасці, тэхналагічнае выкананне, эстэтычны выгляд. У нашай скарбонцы ёсць дызайнерскія ёлкі, кампазіцыі, святочныя ўпрыгожванні. Назвы гавораць самі за сябе: «Ёлка-металістка», «Ёлка-весялушка», «Чароўны фанарык», «Каляднае ззянне» і іншыя.
Жадаем ім поспеху і будзем чакаць весткі аб перамозе!