krupki.by

ru RU be BE en EN


Партызаны, якія мужна замагаліся з ворагам на тэрыторыі Крупскага раёна

Автор / Новости района / Серада, 28 Чэрвень 2023 14:09 / Просмотров: 375

Працягваем аповяд пра партызан, якія мужна замагаліся з ворагам у партызанскім фарміраванні, што базіравалася на тэрыторыі Крупскага раёна. Матэрыял створаны на аснове ўспамінаў, а таксама дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Расіянін Шчарбакоў Аляксей Васільевіч з 1943 года і да канца акупацыі выконваў абавязкі сакратара падпольнага Крупскага райкама партыі. Ён асабіста ўдзельнічаў у разгроме гарнізона вёскі Дубавое, прычым гранатай знішчыў дзот з двума кулямётчыкамі, дыверсіях на чыгунцы, рэльсавай вайне, неаднойчы ўдзельнічаў у засадах, у ходзе якіх было знішчана больш за 20 акупантаў. У час карнай аперацыі супраць партызан вясной 1943 года асабіста знішчыў 18 гітлераўцаў. Адначасова Аляксей Васільевіч праводзіў сходы ў вёсках, арганізаваў выпуск газеты «Партызанскі шлях», з яго ўдзелам створана 17 пярвічных падпольных арганізацый. Узнагаро­джаны ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» першай і другой ступеняў. Пасля вызвалення ён працаваў першым сакратаром Крупскага райкама партыі, у 1945 годзе за арганізацыю работы па хлебапастаўках быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны першай ступені.
Можна таксама адзначыць былога камандзіра падрыўнікоў Івана Уласавіча Падалінскага, які выконваў адначасова абавязкі начальніка штаба атрада «Гвардзеец». У часопісе баявых дзеянняў атрада, вытрымкі з якога мы робім у гэтым артыкуле, у прыватнасці, яго прозвішча не аднойчы ўспамінаецца ў сувязі са зробленымі дыверсіямі на чыгунцы. За баявую дзейнасць Іван Уласавіч узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга. Пасля вайны ён жыў і працаваў у вёсцы Ігрушка Крупскага раёна.
Яны былі кіруючым ядром атрада, вакол якога з’ядноўваліся дабраахвотнікі-патрыёты, галоўным чынам, мясцовыя жыхары, у тым ліку былыя акружэнцы, якія па розных прычынах засталіся на акупіраванай тэрыторыі, але не скарыліся.

Напрыклад, Панін Аляксей Ігнатавіч пасля ўцёкаў з плена ў вёсцы Асінаўка прыбыў у атрад, у складзе якога прайшоў баявы шлях ад радавога партызана да камандзіра роты, удзельнічаў у многіх ваенных аперацыях. Ён быў узнагаро­джаны медалём «Партызану Айчыннай вайны першай ступені», ордэнам Чырвонай Зоркі. На сайце «Подзвіг народа» прыведзены ўвесь спісачны склад «гвардзейцаў». Можна назваць сярод іх і крупчан: Аўхімовіча Паўла Ерамеевіча з вёскі Слоўч, Аксяновіча Яўгена Васільевіча з вёскі Радзіца, Арлёнка Уладзіміра Дзямьянавіча, Батуру Уладзіміра Васільевіча, Богдана Пімена Фёдаравіча, Буйло Пятра Міхайлавіча з вёскі Падбярэззе, Бацяноўскага Сцяпана Кузьміча з вёскі Ігрышча, Дворнікаву Марыю Радзіёнаўну, Хацкевічаў Ула­дзіміра і Івана Яфімавічаў, Хацкевіча Аляксандра Іванавіча з вёскі Восава, Занімонца Івана Апанасавіча з вёскі Вострава, братоў Крына Аляксандра, Андрэя і Мяфодзія Агафонавічаў, Макрыцкага Аляксандра Паўлавіча, Макрыцкага Віктара Макаравіча з вёскі Падбярэззе, братоў Казлоўскага Мікалая і Дзмітрыя Емельянавічаў, Кляшчонка Віктара Іванавіча з вёскі Дзянісавічы, Касцюкевіча Фёдара Васільевіча з вёскі Ігрышча, Асіповіча Леаніда Савельевіча, Асіповіча Федара Прохаравіча і Асіповіч Антаніну Савельеўну з вёскі Радзіца, Мікуліча Віктара Восіпавіча з вёскі Ігрышча і інш. Іх удзел у барацьбе з ворагам, як і іншых партызан атрада «Гвардзеец», быў адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. Як бачым, пералік дазваляе меркаваць, што папаўненне ў атрад ішло з большасці вёсак раёна. Пры гэтым трэба ўлічваць, што мясцовыя жыхары папаўнялі рады і другіх партызанскіх атрадаў і брыгад. Гэта дазваляе зрабіць вывад, што вайна супраць нямецкіх акупантаў была сапраўды ўсенароднай.

Па рознаму склаліся іх баявыя шляхі. Напрыклад, Дворнікава Марыя Радзіёнаўна да вайны мела самую мірную прафесію: была настаўніцай. Але калі ў вёску прыйшлі акупанты, яна стала на шлях барацьбы, спачатку выконвала даручэнні партызан у якасці сувязной, была правадніком, разведчыцай, перадала ў атрад 2 вінтоўкі і некалькі сотняў патронаў да іх. Пазней яна непасрэдна ўступіла ў атрад, удзельнічала ў разгроме некалькіх гарнізонаў. Бацяноўскі Сцяпан Кузьміч з вёскі Ігрышча да вайны быў прадстаўніком самай мірнай прафесіі – працаваў бухгалтарам. Але прыйшлі акупанты і ён узяў у рукі зброю. Партызан вылучыўся ў баях па разгрому нямецкіх гарнізонаў у вёсках Хацюхова Крупскага, Блонь Барысаўскага раёнаў, у час блакады ў чэрвені 1944 года, гэтак жа як і яго аднавясковец, таксама да вайны бухгалтар, Буйло Пётр Міхайлавіч. Такія прыклады не адзінкавыя.

Партызаны заўсёды адчувалі дапамогу і падтрымку насельніцтва. Напрыклад, жыхар вёскі Радзіца Аксяновіч Яўген Васільевіч, якому на той час было ўжо каля 70 гадоў, працаваў сувязным, дамапагаў прадуктамі харчавання. Ён быў арыштаваны гестапаўцамі і пасля катаванняў накіраваны ў сумнавядомы канцэнтрацыйны лагер «Майданек», адкуль і не вярнуўся.

Занімонец Іван Апанасавіч з вёскі Вострава разам з сынам таксама былі сувязнымі атрада «Гвардзеец». Ён быў схоплены карнікамі і расстраляны ў Барысаўскай турме. Гэта не выключ­ныя прыклады. Без падтрымкі насельніцтва супраціўленне было б проста немагчымым.

Дзмітрый ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.

Автор

admin

admin

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.