Дар’я СМАНЦАР:
– Вось ужо трэці раз у складзе народнага ансамбля я выступаю на свяце ў Александрыі. Гэта, вядома, не галоўная сцэна, але гледачы былі ўсе ветлівыя, сустракалі бурнымі апладысментамі. Выконвалі беларускія народныя песні. З упэўненасцю скажу, што мы выклаліся на ўсе 100 працэнтаў. І людзі гэта адчулі. Яны нас здымалі на відэа, фатаграфаваліся. Гледачоў было шмат. Мы змаглі пагуляць і па пляцоўках. Чаго тут толькі не ўбачылі. Мне па душы вырабы, зробленыя сваімі рукамі. Вечарам змаглі ўбачыць ужывую зорак эстрады. Думалася, а раптам і мы калі-небудзь зможам праспяваць на галоўнай сцэне свята «Купалле».
Вераніка СЯЛІЦКАЯ:
– Я ўпершыню была на свяце ў Александрыі. Гэта было нешта! Мяне здзівіў маштаб, а таксама вялізная колькасць гасцей. І гэта ўсё адбывалася ў аграгарадку. Дарэчы, сустрэлі тут шмат крупчан. Мы пагулялі па пляцоўках. Убачылі вырабы народных майстроў з Беларусі і Расіі. Недзе нават запазычылі ідэі для сваёй работы. Пабывалі на малой канцэртнай пляцоўцы, дзе спявалі крупскія артысты. Падтрымалі іх. Скажу, што іх выступленні не саступалі іншым. Вялікі вячэрні канцэрт быў напоўнены творчасцю і любоўю да сваёй Радзімы. Натхніла выступленне нашага Прэзідэнта. Канцэртны рэпертуар быў падабраны ў тэму Года міру і стварэння. Гучалі патрыятычныя песні, артысты выступалі ў яркіх касцюмах, феерверкі – усё прадумана. Вырашылі, што ў наступным годзе паедзім усім калектывам ЦДТ.