Вось мы ўжо і сустракаем Вербную нядзелю – важны дзень у хрысціянскім календары, які прыпамінае ўваход Госпада ў Іерусалім. Мы ўспамінаем пакуты і смерць Езуса Хрыста. У гэты дзень вернікі прыходзяць у святыні, каб асвяціць галінкі вярбы альбо пальмовыя галіны, якія сімвалізуюць радасць. Гэта адлюстроўвае сцэну, калі народ сустракаў Хрыста, праслаўляючы «Гасанна!» і ўсцілаючы Яму шлях. У гэтай падзеі ёсць некалькі важных аспектаў. Па-першае, Вербная нядзеля нагадвае нам пра тое, што ісці за Хрыстом – гэта не толькі радасць і трыўмф, але і гатоўнасць прыняць выпрабаванні і пакуты. Народ, які сустракаў Езуса, як цара, вельмі хутка змяніў свае настроі і апынуўся сярод тых, хто патрабаваў Яго ўкрыжавання. Па-другое, гэта заклік да шчырага разважання над нашым жыццём, нашай верай і адданнасці свайго сэрца Езусу Хрысту.
Хачу падкрэсліць, што Вербная нядзеля – крыніца надзеі на будучыню. Мы ўспамінаем пакуты Хрыста і ведаем, што за крыжом ідзе Уваскрасенне. Гэтая аснова нашай веры і радасці. Галоўнае ў гэты святочны дзень – сустрэць Хрыста з радасцю і ісці за Ім на працягу ўсяго жыцця. Галінкі, якія мы будзем асвячаць у касцёле, храме, няхай стануць сімвалам нашай вернасці і гатоўнасці ісці за Госпадам у любых абставінах.
Ксёндз Віталій СТРЫГА, пробашч касцёла імя Святога Юзафа ў Крупках.