– Мой першы нацюрморт быў намаляваны тады, калі я вучыўся дзесьці ў 6 або 7 класе, – адзначыў падчас сустрэчы Уладзімір. – Пасля заканчэння Худавецкай сярэдняй школы паехаў у Адэсу і паступіў там у мастацкае вучылішча імя М.Б. Грэкава. Вучоба працягвалася 3 гады. Першым маім настаўнікам, якога я запомніў на ўсё жыццё, быў Мікалай Арцем’евіч Паўлюк. Ужо тут з’явіліся копіі з карцін Ісака Левітана «Залатая восень», Валянціна Сярова «Дзяўчынка з персікамі» і іншыя. Тады ўвесь час хацелася рабіць эцюды, пейзажы, адлюстроўваць каларытныя куточкі малой радзімы. У Адэсе я меў магчымасць наведваць музеі. Ад выстаў карцін вядомых мастакоў мог не адыходзіць гадзінамі, пільна ўглядваўся ў кожны штрых, у кожны колер палотнаў, імкнучыся ўсё гэта ўвабраць у сябе, каб затым прымяняць з карысцю.
Як гаварыў Уладзімір, у кожнага з нас ёсць на свеце куточак, з якога пачаўся яго шлях. І той знаёмы куточак – малая радзіма – заўсёды ззяе яму пуцяводнаю зоркай.
З Уладзімірам Красоўскім мы сустрэліся ў Худавецкім сельскім клубе-бібліятэцы, дзе размяшчаецца яго выстава «З любоўю да жыцця». На ёй прадстаўлена каля 50 работ мастака. І літаральна пра кожную з іх аўтар расказваў з такім імпэтам, што хацелася разам з чырвонымі конямі сігануць у цемру ночы, пакратаць рукамі залаты дождж, прыпыніцца на мастку, перакінутым праз ставок, любавацца захадам сонца, аж пакуль яно не схаваецца за гарызонт... Толькі кінеш позірк на асобныя карціны, як бачыш знаёмыя мясцовыя краявіды, храм ва ўсе поры года...
– А вось па два партрэты маёй бабулі і суседкі, якая таксама ў свой час папрасіла яе намаляваць, – працягвае экскурс мастак. – З задавальненнем пісаў нацюрморты. Вось на гэтым, у прыватнасці, стараўся перадаць колер апельсінаў, чырванабокіх яблыкаў. А вось вячэрні пейзаж, і бабуля з граблямі ідзе з уборкі сена. На гэтай карціне – дом з печкай, перагародкамі, шафай, у якім я нарадзіўся і жыў. Работы ўсе розныя, заўсёды імкнуся ўбачыць штосьці адметнае і перадаць гэта фарбамі. Здаецца, мне з дзяцінства ўдавалася разумець раку, чуць лес, адчуваць прыгажосць кветак і траў. Усю серыю гэтых карцін я назваў «З далёкага мінулага». Чаму? Бо маляваў іх сапраўды даўно – дзесьці з 1979 па 1984 гады, каб пакінуць памяць пра сябе. Цяпер часу не вельмі стае, але, думаю, у мяне яшчэ ўсё наперадзе, бо часцяком сняцца сны – я за мальбертам, і нараджаецца новая карціна. Значыць, усё так і будзе.
Фото Аляксандра БУДЗЬКО.