У галерэі ў той дзень сабраліся вучні гарадскіх школ са сваімі настаўнікамі, каб у чарговы раз сустрэцца з мастакамі і іх творамі. На гэты раз адбылося адкрыццё выставы «Квінтэт: на вольную тэму». Пяць вучняў вядомай беларускай мастачкі Аксаны Аракчэевай экспанавалі свае работы ў вялікай зале галерэі.
Пагадзіцеся, што, калі чуем слова «вучні», мы, як правіла, уяўляем дзяцей або падлеткаў школьнага ўзросту. Вучні ж Аксаны Аракчэевай – людзі рознага ўзросту: ад 9 да 40 гадоў. Трое з іх: 9-гадовая Маша Мармыш, 11-гадовая Юля Югава і 39-гадовая Святлана Дубавец – разам з педагогам Аксанай Аракчэевай прыехалі з Мінска на адкрыццё.
Удзел у мерапрыемстве прыняла намеснік загадчыка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раённага выканаўчага камітэта Таццяна Мельнік. Падчас свайго выступлення яна адзначыла: «Гонарам для нас, жыхароў Крупшчыны, з’яўляецца тое, што Крупская мастацкая галерэя носіць імя Барыса Уладзіміравіча Аракчэева, славутага беларускага жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў, кавалера ордэна Францыска Скарыны. Справу роданачальніка дынастыі мастакоў Аракчэевых працягваюць дочкі і ўнукі. Мы ўдзячны Аксане Аракчэевай за цеснае супрацоўніцтва з музеем, за плённую працу ў справе далучэння людзей да высокага мастацтва, у справе выхавання эстэтычнага густу».
Вядомая беларуская мастачка Аксана Аракчэева расказала прысутным, як ішла яе праца над тымі карцінамі, якія яна выставіла разам з вучнёўскімі работамі.
Прысутныя высока ацанілі майстэрства Святланы Дубавец, пераканаліся, што няма межаў магчымасцям чалавека, які займаецца любімай справай. Як адзначыла сама Святлана, у дзяцінстве любіла маляваць, але сур’ёзна гэтай справай не займалася. Пасля заканчэння школы выбрала прафесію бухгалтара, ёй застаецца вернай і сёння. Сур’ёзна Святлана захапілася мастацтвам, калі за плячыма было больш за тры дзясяткі гадоў. Пачынала з баціка (дарэчы, яе бацік «Касачы» экспануецца ў галерэі), затым паспрабавала сябе ў жанрах пейзажу і нацюрморта. Углядаешся ў работы Святланы Дубавец і міжволі ловіш сябе на думцы: «Як хораша! Нібыта рукою прафесійнага мастака створаны гэтыя невялікія па памеры карціны». А Святлана апавядае, што яна мастак-аматар і стараецца давесці прысутным, што трэба смела брацца за справу па душы, а час для любімага занятку знойдзецца. Шчасцем поўніцца позірк Святланы, калі яна расказвае пра лёсавызначальную сустрэчу з Аксанай Аракчэевай, пра сваё захапленне мастацтвам.
Цёплая сяброўская атмасфера садзейнічала адкрытаму дыялогу вучняў школ г. Крупкі і мастакоў-гасцей. Навучэнцы гімназіі – адзінаццацікласніцы Вольга Каштальян, Вераніка Кліменка і Настасся Канапліцкая – уразілі Аксану Аракчэеву сваімі дасягненнямі ў графіцы і жывапісе, падзяліліся сваімі планамі. А трэццякласніца сярэдняй школы № 1 Настасся Шчуцкая смела адказала, што такое «пастэль», і нават падказала, дзе можна набыць мяккія каляровыя алоўкі без аправы. Карацей кажучы, вучні школ нашага горада актыўна ўдзельнічалі ў вернісажы, парадавалі ўсіх прысутных, уразілі гасцей сваім інтэлектам. І невыпадкова, што акрэсліліся некаторыя накірункі новага праекта з удзелам Аксаны Аракчэевай. Няхай пашчасціць усім у ажыццяўленні задуманага!
Крыху затрымаўшыся, адразу далучыліся да ажыўленага дыялогу яшчэ дзве вучаніцы Аксаны Аракчэевай – дзевяцігадовая Маша Мармыш і адзінаццацігадовая Юлія Югава (дзяўчынкі прыехалі з Мінска са сваімі бацькамі).
Юля Югава марыць выдаць сваю кніжку «Апошні дракон вады». На выставе – Юліны работы, што ілюструюць асобныя раздзелы будучай кнігі. Уражвае і падводны свет, і па-майстэрску намаляваная акула, і загадкавы дракон…
А вось самая малодшая з усіх вучаніц Аксаны Аракчэевай Маша Мармыш прадставіла на суд гледачоў свае работы ў жанрах «партрэт» і «нацюрморт».
Зала галерэі напоўнілася акордамі фантазіі і рэалізму, святлом бачання рэчаіснасці пачынаючымі і славутымі мастакамі, адчуваннем радасці і шчасця ад магчымасці займацца любімай справай.
Выстава «Квінтэт: на вольную тэму» будзе доўжыцца да 30 чэрвеня бягучага года. Крупская мастацкая галерэя імя Б.У. Аракчэева чакае сваіх наведвальнікаў, усіх, хто жадае далучыцца да свету мастацтва, хто хоча пазнаваць яго таямніцы.
Таццяна БОНДАР, навуковы супрацоўнік Крупскай мастацкай галерэі імя Б.У. Аракчэева.