krupki.by

ru RU be BE en EN

Работа сямікласніцы Ульяны Рабчынскай адзначана Дыпломам ІІ ступені рэспубліканскага ўзроўню



Работа сямікласніцы Ульяны Рабчынскай адзначана Дыпломам ІІ ступені рэспубліканскага ўзроўню

Автор / Общество / Пятніца, 14 Май 2021 15:46 / Просмотров: 1039

Дзяўчынка даследавала археалагічны комплекс «Крыжавыя» на Ухвальшчыне. Гэтае цікавае месца адкрыў для мяне, настаўніцы, у свой час краязнаўца Міхаіл Баравуля. Своеасаблівы музей под адкрытым небам, што знаходзіцца недалёка ад вёскі Старая Слабада, дазваляе прыадчыніць заслону таямніцы на астранамічныя ўяўленні нашых продкаў.

Дзякуючы цікавай экскурсіі, праведзенай Міхаілам Адамавічам ва ўрочышчы, я натхнілася на даследванне, якое мы выканалі разам з вучаніцай нашай школы Ульянай Рабчынскай. Як вынік – на рэспубліканскім конкурсе навуковых краязнаўчых работ даследванне «Зорныя ўзоры Крупшчыны: погляд скрозь стагоддзі» было адзначана дыпломам ІІ ступені.

Ульяна Рабчынская і настаўніца Аксана БАЧЫШЧА
Ульяна Рабчынская і настаўніца Аксана БАЧЫШЧА

Каменны атлас

Што можа быць велічней зорнага неба? Людзі вывучалі яго са старажытных часоў. Веды пра зоркі захоўваюць міфы і легенды розных народаў. У беларусаў быў таксама свой унікальны погляд на космас.

Назва ўрочышча «Крыжавыя» пайшла ад слова «крыж», як знак перакрыжаваных дарог. Гэта месца – адзін з класічных прыкладаў старажытных славянскіх святых гаёў, месца пакланення багам.

На «Крыжавых» прыцягваюць увагу камяні і курганны могільнік. Сувязь камянёў з зоркамі бачна ўжо праз іх накіраванасць на поўнач. Калі назіральнік становіцца каля першага камяня і бачыць усю кампазіцыю, то ён арыентуецца менавіта на Палярную зорку.

Тут жа ва ўрочышчы на камяні-волаце рассыпаны кропкі-паглыбленні, якія, калі злучыць, паўтараюць малюнкі некаторых сузор'яў. Можна меркаваць, што перад намі каменны атлас зорнага неба. За сузор’ямі нашы продкі вялі назіранні і мелі ўласныя ўяўленні пра іх. Так, у Вялікай Мядзведзіцы бачылі воз. Таму частка варыяцый назвы звязана з вобразам воза або калёсаў: Перуновыя Калёсы, Калясніца або Воз святога Іллі. Сустракаецца і назва Коўш. Напэўна, пазней прыйшла грэчаская назва Мя­дзведзь, якую мы знайшлі ў каляднай песні (запісана ад Баравулі М.А.), дзе пад гэтай назвай згадваецца менавіта Вялікая Мядзведзіца:

Калядкі, Калядкі,

Залез мядзведзь у заградкі.

З заградак зваліўся –

На вілкі прабіўся.

Так у песні апісана становішча Вялікай Мядзведзіцы ў час Каляд, калі сузор’е знаходзіцца нізка над гарызонтам, над лесам, абрысы якога і нагадваюць вілкі, на якія і «прабіўся мядзведзь».

Па становішчу гэтага сузор’я вызначалі пару года. Так, калі ручка каўша апоўначы глядзіць на ўсход – на двары вясна, на поўдзень – лета, на захад – восень, на поўнач – зіма. І сапраўды, на працягу года становішча ручкі каўша Вялікай Мядзведзіцы мяняецца, указваючы на розныя бакі свету. Гэта таксама доказы на карысць астранамічных назіранняў нашых продкаў, як і беларуская легенда пра тое, што ў сузор'і ёсць маленькая зорка-сабачка, прывязаная вяроўкай, і калі яна перагрызе гэтую вяроўку, наступіць канец свету. Па сучасных дадзеных, самыя вядомыя зоркі Міцар і Алькор, не што іншае, як падвойная зорка.

У сузор’і Малой Мядзведзіцы беларусы бачылі Каромысел, Маленькі воз, Курачку. Скопішча Плеяды ведалі як Купкі, Валасінкі, Рэшата, Сітцы. У абрысах сузор'я Арыён грэкі бачылі паляўнічага, нашы ж продкі – касцоў, так як пасля яго ўзыходу пачыналіся палявыя работы. Было яно вядома і як Каромысел, Тры каралі.

На камяні ёсць выбітая рыса – гэта Млечны Шлях. Яго называлі Птушыная Дарога, Гусіная Дарога, Птушыны Шлях, Божая Дарога. Усе назвы аб’ядноўвае значэнне «шлях».

Праз самабытныя беларускія народныя астранамічныя назвы бачна, што ў іх пераважаюць асацыяцыі, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю.

Сувязь з астраноміяй праглядаецца і праз курганны могільнік з 8 курганаў. 7 з іх выкладзены ў форме сузор’я Вялікай Мядзведзіцы, а восьмы размешчаны строга над яго каўшом. Восьмы курган суадносіцца з Палярнай зоркай, бо зоркі ў ручцы каўша паказваюць накірунак менавіта да яе. Тое, што курганы выкладзены ў форме сузор’я, звязана з павер’ем, што зоркі – гэта душы памерлых людзей. Таму пахавальныя абрады і праводзіліся ў ямах кургана, выкла­дзеных по схеме сузор’я. Яшчэ адзін курганны комплекс у выглядзе Вялікай Мядзведзіцы знаходзіцца ў Бярэзінскім раёне, а курганны могільнік у форме Арыёна – на Крупшчыне. Курганы, як і камні, захоўваюць яшчэ шмат загадак.

Пра сутнасць «Калабка»

І яшчэ цікавы факт – на самым вялікім камяні археалагічнага комплекса можна разгледзець пашкоджаны малюнак. Захаваліся выбітыя выявы зайца і лісы, амаль збіты малюнак ваўка і мядзведзя вакол акрэсленага кола. Малюнак быццам ілюструе казку «Калабок». Згодна міфалогіі, малюнак можна прачытаць як рух сонца, дзе Калабок – гэта Сонца, Заяц – гэта раніца, Воўк – дзень, Мя­дзведзь – вечар, Ліса – ноч.

Малюнак можна прачытаць і як змену пор года. Сустрэча Калабка з Зайцам – прыход вясны, з Ваўком – вобраз лета, з мядзведзем – восені. І завяршаецца шлях Калабка сустрэчай з Лісой – сімвалам зімы. Такое значэнне маюць гэтыя жывёлы ў славянскай міфалогіі.

Казка «Калабок» трактуецца і як метафара руху Месяца, дзе бачны яго рост і зыход. Баба «наскрэбла» мукі – назіраем маладзік. Дадае ў муку ваду – і Месяц павялічваецца. А калі цеста змяшчае ў печ – Месяц расце. Калабок выпечаны –  поўня. Далей Калабок сустракае звяроў, якія, па адной з версій казкі, адкусваюць ад Калабка па кавалку. Ён змяншаецца, ператвараецца з поўні ў ветах. Менавіта так паводзіць сябе Месяц.

Такім чынам, у казцы «Калабок» метафарычнай мовай перадаюцца назіранні за рухам Сонца і Месяца – старажытных міфалагічных постацей, якім пакланяліся нашы продкі. Нездарма на другім камяні сярод таямнічых старажытных пісьмёнаў выбіты крыж – сімвал Сонца. Па Сонцу нашы продкі вызначалі час, а ў залежнасці ад фазы Месяца планавалі гаспадарчыя справы і вялі месяцовы каляндар. Па Сонцу, Месяцу і зорках раней вызначалі, якім будзе надвор’е і нават будучы ўра­джай. Прадбачанне народных прыкмет здзіўляе.

У знак удзячнасці

Гэта цікавае даследванне дазволіла Ульяне атрымаць спачатку дыплом трэцяй ступені на абласным узроўні, а затым – у красавіку – дыплом другой ступені на рэспубліцы. Але раздзяліць радасць перамогі з нашым праважатым і падзякаваць яму за ідэю і краязнаўчыя матэрыялы, на вялікі жаль, у нас не атрымалася. Напрыканцы 2020 года Міхаіл Баравуля пайшоў з зямнога жыцця. Таму ў гонар памяці і ў знак удзячнасці хочацца прыгадаць партрэт гэтага светлага Чалавека.

Міхаіла Адамавіча ведаюць як таленавітага настаўніка і кіраўніка школы. Гэта быў вельмі адукаваны, глыбокі педагог, улюбёны ў сваю справу. З водгукаў калег, трэба адзначыць, што, працуючы на ніве адукацыі, Міхаіл Адамавіч вылучаўся адказнасцю, адкрытасцю, шчырасцю, абвостраным пачуццём справядлівасці. На педагагічных канферэнцыях выступленняў Міхаіла Адамавіча чакалі, бо яны заўсёды былі змястоўнымі, злабадзённымі і адрозніваліся аб’ектыўным поглядам.

Міхаіл Баравуля шчыра любіў свой край, мінулае якога пастаянна вывучаў. Апантаны краязнаўца, па адукацыі філолаг, ён шмат даследванняў прысвяціў гісторыі роднай старонкі. Гэта быў даследчык з душой паэта, з грунтоўным, часам і лірычным поглядам на гістарычнае мінулае. Веру, што думкі і справы Міхаіла Адамавіча застануцца ў яго працах, у яго дзецях і вучнях…

Даследванне «Зорныя ўзоры Крупшчыны: погляд скрозь стагоддзі» прысвячаецца светлай памяці Міхаіла Баравулі, Грамадзяніна, Краязнаўцы, Патрыёта...

Аксана БАЧЫШЧА, настаўнік рускай мовы і літаратуры Худавецкай СШ.

Автор

admin

admin

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.