krupki.by

ru RU be BE en EN

90 гадоў крупская раёнка трымае сваіх чытачоў у курсе ўсіх падзей і навін



90 гадоў крупская раёнка трымае сваіх чытачоў у курсе ўсіх падзей і навін

Автор / Общество / Чацвер, 30 Верасень 2021 17:13 / Просмотров: 909

Дзевяць дзясяткаў гадоў крупская раёнка трымае сваіх чытачоў у курсе ўсіх падзей і навін. І мы ганарымся, што працуем у адной са старэйшых газет Міншчыны. Уявіць толькі, 11 тысяч 630 нумароў – жывая гісторыя Крупшчыны!

У нашай рэдакцыі захоўваюцца газетныя падшыўкі шмат якіх гадоў, шкада, што не ўсе. Напярэдадні юбілейнай даты неяк захацелася перагартаць, пачытаць, уявіць, як працавалася калегам тады, нешта супаставіць. Цікавы атрымаўся экскурс. Усе гэтыя дзесяцігоддзі газета ішла крок у крок з часам. Спачатку толькі дзве старонкі, усяго 1 000 экземп­ляраў. І, што цікава, доўгія гады пад матэрыяламі не было подпісаў штатных супрацоўнікаў. Чаму? Ды які быў штат? У асноўным у газету пісалі рабселькары – свая сетка была ў кожным калгасе. Прычым, даволі сур’ёзная.

Як у кінастужцы, перада мной праляталі гады, дзесяцігоддзі – старонка за старонкай. Шмат падзей, шмат людзей, розная лексіка, розная журналісцкая стылістыка… Але вось што адчулася адразу і прайшло праз усе гэтыя гады нязменным, дык гэта шчырасць тых людзей, што рабілі свае допісы, іх адказнасць за кожнае слова, якое, як бачым, засталося і жыве. Ці то калі рабілі справаздачы, ці то калі расказ­валі пра працаўнікоў і іх дасягненні, ці то калі хлёстка выкрывалі лайдакоў і манюк.

Ішоў час, і з газетных старонак больш заўважна загучаў журналісцкі голас. Шмат задавальнення атрымала я, чытаючы тыя матэрыялы, такі своеасаблівы майстар-клас ад папярэднікаў.

11 тысяч 630 нумароў. Гэта каласальная праца, гэта талент і самаадданасць журналістаў, наборшчыкаў, карэктараў, друкароў, якія ўвесь час жылі ў адной сям’і, у адным зладжаным творчым калектыве.

Што яшчэ адметнага хочацца адзначыць, дык гэта вялікую адданасць людзей, якія працавалі ў рэдакцыі і друкарні тады, і працуюць зараз. Заўважце, нават не гадамі, а дзесяцігоддзямі. Можна сказаць, што ў ка­лектыве не было выпадковых людзей. Вось такая вернасць прафесіі, якая сапраўды стала справай жыцця для многіх маіх калег – сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы.

Шмат змянілася за гэты час і ў тэхнічным, і ў творчым плане. Але сутнасць нашай працы застаецца ранейшай – несці людзям сваім словам усё самае лепшае, добрае, стваральнае. У нас у раёне столькі ўсяго цікавага. Памятаю, даўно, як толькі ўпершыню пераступіла парог рэдакцыі, падумала: «Вось пра гэта напішам, пра гэта, а тады?» Зараз усміхаюся такім успамінам, бо насамрэч тэматыка невычарпальная, а работа вельмі ўдзячная, хоць і няпростая. Яе не адкладзеш на заўтра, яна патрабуе вялікай інтэлектуальнай і эмацыянальнай напружанасці, бо журналіст заўсёды навідавоку, у кожнае слова ўкладвае душу, пад кожным матэрыялам ставіць сваё імя. Але як прыемна, калі сваёй творчасцю ты прыносіш радасць лю­дзям! І нават самыя скептыкі будуць берагчы і захоўваць газетную выразку з артыкулам пра сябе, бачылі гэта шмат разоў.

Зараз наша ўстанова – гэта не толькі газета і праграма радыёвяшчання, як было некалі. Гэта яшчэ і сайт, і разнастайныя сацыяльныя сеткі. У нас велізарная колькасць падпісчыкаў, слухачоў, карыстальнікаў – прыхільнікаў друкаванай і электронных версій. Вядома, што гэта вельмі добра. Але вось уласна мне бліжэй да душы менавіта друкаваная версія газеты. З часам розныя былі меркаванні наконт таго, будуць увогуле газеты ці не. На шчасце, яны ёсць. Зараз мы трывала стаім на нагах, што з’яўляецца бясспрэчнай заслугай маіх калег вось ужо дзевяць дзесяцігоддзяў.

Асобныя мяркуюць, што не за гарамі той час, калі друкаваныя газеты і часопісы стануць элітным прадуктам, які будуць спажываць глыбокія і разважлівыя людзі. Чаму? Бо, каб прачытаць, трэба адвесці час, спакойна, на канапе, з кубачкам чаю або кавы, затым абдумаць, абмеркаваць. Так сцвярджаюць тыя, хто стаміліся ад хуткіх патокаў інфармацыі, часцяком сумніўнага характару, якія нізрынуліся на іх з інтэрнета, і засумавалі пра тое, дзе ёсць больш сэнсу і душы. Зразумела, што гэта пераважна гараджане, якія надта ж спяшаюцца за часам, а то і жадаюць яго перагнаць. І ў гэтай гонцы нямала чаго страчваюць.

А вось нашы крупчане былі і ёсць тыя глыбокія і разважлівыя людзі, якія чытаюць перыёдыку, у тым ліку і раённую газету. Гэта сапраўды так, бо тыраж «Крупскага весніка» працягвае заставацца адным з самых высокіх у вобласці, за што вялікі дзякуй кожнаму нашаму падпісчыку асабіста.

Калектыў заўсёды ў  пошуку новых творчых ідэй. Нам цікава, што б хацелі бачыць на старонках газеты нашы чытачы, таму дзверы рэдакцыі заўсёды расчынены.

Спадзяюся, што мы вельмі доўга будзем разам і адзначым яшчэ не адзін прыгожы юбілей. Віншую ўсіх нас, шчыра зычу здароўя, шчасця і міру.

Автор

admin

admin

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.