«Вянок сяброў» – гэта творчы праект народнага ансамбля песні «Лявоніха». І кожны раз крупскія артысты гасцююць у бярэзінцаў са сваёй музыкальнай праграмай. Сёлета Крупшчыну прадстаўлялі народны ансамбль народнай песні «Жывіца» і народны ансамбль народнай песні «Крупчанка».
– Мы рыхтавалі праграму з шасці нумароў, – распавядае дырэктар Крупскага раённага цэнтра культуры Галіна Бандарык. – Заўсёды прыемна сустрэцца са сваімі калегамі з іншых гарадоў. Упершыню прымала ўдзел група «Акорд» са Старых Дарог. Бярэзінцы пазнаёміліся з імі падчас выстаў летам на Кургане Славы і запрасілі на «Вянок сяброў». Усе ўдзельнікі разам з імі выконвалі фінальную песню «Не прадаецца хата бацькоў».
Удзельнікам праекта ўручаны дыпломы, а тыя ў сваю чаргу падаравалі вянкі.
– Гэта такая традыцыя, – працягвае Галіна Мікалаеўна. – Прадстаўнікі раёна, якія прыязджаюць на праект, пакідаюць у падарунак вянкі з пажаданнямі. Кожны раз, як праходзіць творчая сустрэча, гэтымі вянкамі ўпрыгожваецца сцэна. Шчыра кажучы, мы вельмі ўзрадаваліся, калі адшукалі на сцэне свой вянок мінулага года. Увогуле, атмасфера была святочная, настрой узнёслы, чакаем новых сустрэч.
Іна ГАРА.
Фота Крупскага РЦК.