Удзельнікі рознага ўзросту дэманстравалі свае таленты ў шматлікіх намінацыях –вакальнае і танцавальнае майстэрства, акцёрскае мастацтва, вядучыя праграм, арыгінальная творчасць. Выканаўцы выступалі сола, дуэтам, трыа і калектывамі. Журы ацэньвала па наступным крытэрыям: артыстызм, яркасць выканання, этычны змест нумара і мастацкая выразнасць.
І сапраўды, сцэна Цэнтра культуры амаль на тры гадзіны стала сузор’ем зорак, якія складаюцца з талентаў, вялікіх намаганняў і жаданнем радаваць гледачоў. Замілавана і пранікнёна ліліся песні, гучалі вершы, выконваліся танцы.
– Фестываль “Крупскія зорачкі” ўжо стаў брэндам раёна, – кажа старшыня журы Галіна Бандарык. – Гэта своеасаблівая творчая пляцоўка, якая адкрывае новыя зорачкі. Для многіх гэта першая прыступка да вялікіх музычных і танцавальных перамог.
Дарэчы, пераможцы будуць аб’яўлены і ўзнагароджаны падчас святкавання Міжнароднага дня абароны дзяцей, якое адбудзецца ў гарадскім парку 1 чэрвеня. А таму мы кажам удзельнікам: “Да сустрэчы!”
Іна ГАРА.
Фота Аляксандра БУДЗЬКО.