Валянціна Іванаўна Падчуфарава адна з трох жанчын, якія атрымалі гэтую высокую ўзнагароду да 1945 года. Другім кавалерам ордэна Леніна, дарэчы, стала партызанка, фельчар партызанскага атрада імя Варашылава партызанскай брыгады імя Кірава Яўгенія Максімаўна Шаўчэнка, якая вынесла з поля бою каля ста параненых байцоў і камандзіраў. Партызаны брыгады імя Кірава, як і 8-й, дзейнічалі большай часткай на тэрыторыі Крупскага раёна.
Да вайны Валянціна скончыла 9 класаў школы ў горадзе Тула. Адтуль у пачатку 1942 года з групай добраахвотнікаў была накіравана на вучобу ў дыверсійную школу, якая знаходзілася недалёка ад Масквы, а ў жніўні 1942 года – у варожы тыл. Ваявала ў атрадзе № 36 партызанскай брыгады № 8 С. Жуніна спачатку радавой партызанкай, затым камандзірам аддзялення падрыўнікоў.
Хутка аб ёй стала вядома не толькі ў брыгадзе. Газета «За Радзіму», якая выдавалася Магілёўскім падпольным абкамам партыі на акупіраванай ворагам тэрыторыі, 1 студзеня 1944 года адзначала, што Валянціна Падчуфарава мела на сваім асабістым рахунку 7 пушчаных пад адхон варожых эшалонаў. Гэтыя дыверсіі былі праведзены на адрэзку чыгункі ад Барысава да Оршы. З іх дзве – каля чыгуначнай станцыі Бобр. Адзначалася: «Отделение комсомолки Валентины Подчуфаровой неожиданно напало из засады на колонну гитлеровцев в 150 человек и рассеяло ее. Убегая, враг оставил 2 пулемета, несколько винтовок. Партизаны убили 2 гитлеровцев, ранили 7 и 2 взяли в плен».
У наградным лісце з выпадку прадстаўлення Падчуфаравай да звання Героя Савецкага Саюза адзначалася: «За время пребывания в отряде № 36 бригады С.Г. Жунина особо проявила себя в боях против немецких захватчиков: 3 августа 1943 года в бою, …где было убито 15 гитлеровцев; 16 ноября 1943 года с группой подрывников в составе 10 человек вела бой с противником, где было убито 11 гитлеровцев; будучи командиром отделения подрывников т. Подчуфарова при личном участии пустила под откос 7 вражеских эшелонов».
Як гэта было, Падчуфарава пазней дзялілася ўспамінам:
«У адну з летніх начэй наша група пераправілася праз Заходнюю Дзвіну, перайшла цераз лінію фронту і лясамі пачала прабірацца да чыгункі Орша-Мінск каля горада Талачына… Праз некаторы час мы сустрэліся з групай Васіля Мацюшэўскага, які з цягам часу і стаў нашым камандзірам. Ён афіцэр Чырвонай Арміі, які ўцёк з палону, быў старэйшы за нас, добра ведаў мясцовасць. Яго група ведала месцы дзе засталося шмат снарадаў, узрыўчаткі. Мы рабілі зарады з толу кілаграмаў па 16-20… Сталі хадзіць на чыгунку і ўзрываць фашысцкія эшалоны. Пры гэтым узрывалі мы не пры дапамозе бікфордавага шнура ці ўзрыўной машынкі, а, як мы гаварылі, «на шомпал». Тут быў шэраг цяжкасцей: маскіраваць зарад не было часу, бо шомпал ставілі ўжо пры прыбліжэнні цягніка. Так што павялічвалася небяспека сустрэчы з патрулём. Пры гэтым зарад трэба было ставіць вельмі асцярожна, бо можна было падарвацца. Хутка чуткі аб дыверсіях дайшлі да суседніх атрадаў і ў студзені 1943 года мы ўвайшлі ў склад партызанскай брыгады Жуніна, у атрад № 36, якім камандаваў Пётр Кудраўцаў, ва ўзвод падрыўнікоў, камандзірам якога быў Міхаіл Шэрстабітаў. У час адной з аперацый мы павінны былі перайсці шашу каля чыгункі, але трапілі ў засаду. Некалькі чалавек змаглі пад кулямётным агнём перайсці чыгунку і схавацца ў лесе. Пры ўспышцы ракеты мы ўбачылі, што на чыгуначным палатне застаўся ляжаць Саша Дзянісаў. Праз некалькі дзён на тым месцы, дзе загінуў Саша, мы ўзарвалі чарговы эшалон».
Улічваючы, што партызаны дзейнічалі на чыгунцы ў асноўным на тэрыторыі Крупскага і Талачынскага раёнаў і што шаша блізка падыходзіць у лясным масіве дзесьці ў раёне населеных пунктаў Крупкі-Красноўка, можна зрабіць пэўную выснову, што гэтыя здарэнні адбыліся дзесьці ў раёне Бабра.
6 лістапада 1943 года Падчуфарава была паранена і самалётам перапраўлена ў Маскву, у шпіталь. У баявой характарыстыцы, падрыхтаванай на Падчуфараву 5 чэрвеня 1944 года, камандзір атрада Пётр Кудраўцаў адзначыў, што «тов. Подчуфарова В.И. за период пребывания в партизанском отряде…, будучи подрывницей, пустила под откос 20 вражеских эшелонов с живой силой и техникой, …неоднократно сражалась в открытых боях с противником…» У адносінах да колькасці ўзарваных цягнікоў Кудраўцаў, відавочна, меў на ўвазе і тыя варожыя эшалоны, пушчаныя пад адхон групай падрыўнікоў, у складзе якой была і Валянціна Іванаўна.
Падчуфарава ўзнагароджвалася таксама ордэнамі Чырвонай Зоркі, Баявога Чырвонага Сцяга, а ў 1944 годзе ёй быў уручаны ордэн Леніна.
Пасля вайны Валянціна Іванаўна працавала ваенным перакладчыкам у Германіі. Пазней жыла ў Валгаградзе, выкладала ў вучэбнай установе замежную мову, выйшла замуж. Напісала кнігу «Непрыдуманыя расказы аб вайне», але рукапіс быў скрадзены… Памерла Падчуфарава ў 2007 годзе.
Дзмітрый ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.