І вось сёлета ў адзін з прыгожых кастрычніцкіх дзён мне давялося сустрэцца (праўду казалі!) з гэтай прыгажосцю. У Шацькі я прыехала на сваім надзейным транспарце – веласіпедзе, які адразу ж быў пастаўлены ў двары дома. Дарэчы, тут жыве зараз адна сям’я Казловых – Валянцін Іванавіч, Валянціна Фёдараўна і іх сын Алег. Усіх іх я добра ведаю. Першы раз мы сустрэліся, калі ў рэдакцыі рэалізоўваўся праект пра аддаленыя вёскі. І ўжо тады мы падлічылі, што праз тры гады Шацькам споўніцца трыста гадоў і мы абавязкова сустрэнемся зноў. Так і надарылася. Час праляцеў хутка, і на трохсотгоддзе вёскі сабралася шмат людзей – ураджэнцаў гэтага населенага пункта, а таксама тых, чые бацькі альбо дзяды нарадзіліся тут, жыхароў з суседніх Сінічанкі, Кляновічаў, Мярэцкага Двара і нават з Худаўцоў. І ў той суботні жнівеньскі дзень на заўсёды ціхай вуліцы з самага ранку віравала жыццё.
І вось яшчэ адна сустрэча з ветлымі жыхарамі. На гэты раз сцяжынай да балота мяне правёў Алег. І калі я ў захапленні пачала фатаграфаваць возера, ён зазначыў: «Нам дык гэта не дзіва. У дзяцінстве мы бегалі сюды купацца, лавіць рыбу. А з другога боку балота да нас далучалася дзятва з Сінічанкі. Так весела было!» Размову пра гэта возера я працягнула і з Валянцінай Фёдараўнай, калі прыйшла з балота.
Зацікавіўшыся ўбачаным, ужо далей даведалася, што ў шостым томе папулярнай ілюстраванай энцыклапедыі «Все озера Беларуси» пра яго сказана наступнае: «Возера Сінічанка знаходзіцца ў Крупскім раёне Мінскай вобласці, у 11 км на паўночны захад ад г. Крупкі, паміж вёскамі Сінічанка і Шацькі і адносіцца да басейна р. Бобр (левы прыток р. Бярэзіна). Мясцовасць пераважна раўнінная, перасечаная працяглымі невысокімі градамі, нізінная, парослая лесам і кустоўем, у раёне возера балоцістая. Возера акружана вялізнай забалочанай поймай. Берагі пераважна нізкія, парослыя кустоўем, месцамі забалочаныя.
Плошча люстэрка каля 0,04 кв. км, даўжыня 0,23 км, найбольшая шырыня 0,2 км, даўжыня берагавой лініі каля 0,7 км. Аб’ём вады каля 0,15 млн куб. м».
А цяпер крыху з успамінаў ураджэнцаў Шацькоў.
Пётр Марозаў: «Помню, калі быў падлеткам, у вёсцы жыў дзед Ігнат, якому на той момант было гадоў 90. Згодна яго аповяду, вада ў возеры даходзіла ажно да Віктоліна. На самым яго беразе пабудавалі лазню, каб лягчэй было ваду насіць. Ды і хатнюю жывёлу паілі вадой з возера. Шацькам ужо ж за 300 гадоў. І тады тры стагоддзі таму ўздоўж яго пачалі сяліцца людзі. Бачыце, што ўсе населеныя пункты – і Шацькі, і Мярэцкі Двор, і Віктоліна, і Кляновічы – месцяцца на ўзвышшах. Пакрыху ўтвараўся грунт, вада адыходзіла далей, гэты грунт умацоўваўся. Па краі балота расце вольха, а па самім балоце пераважна сасёнкі. Да гэтага часу захаваліся крыніцы, якія струменяць з берагоў. Яшчэ даўно мы спрабавалі вымераць глыбіню возера, дык апусцілі ў ваду палку даўжынёй дзесьці метраў 18, а дна так і не дасталі...»
Валянціна Кузняцова: «Ведаю, што наша возера праз рэкі і перашыйкі злучана з Сялявай, ды і само балота ўваходзіць у склад заказніка рэспубліканскага значэння «Сялява». Мая маці ўспамінае, што вада была да самых дамоў. Яны і бялізну паласкалі ў гэтым возеры, бо падыход да яго быў высцелены дрэвамі. А вось пасля таго, як утварылася возера, на балоце засталося шмат мясцін, дзе самая сапраўдная дрыгва. Яна захавалася і цяпер. Па берагах мы збіралі грыбы, а ўжо ў самім балоце – журавіны. Часцяком, ужо калі пераехалі ў Крупкі, выязджалі туды на прыроду. Ведаем прыгожыя зручныя мясціны, ставім палатку і адпачываем».
Мае суразмоўцы былі рады роспытам пра возера, самі зацікавіліся і сваіх родных і знаёмых натхнілі на ўспаміны. Таму, думаю, кропку ставіць рана. Чакаем новых паведамленняў.