Працавітыя рукі Анастасіі Аляксандраўны ніколі не ведалі спакою. Ёй заўсёды трэба было нешта майстраваць – шыла лялек, адзенне, вырабляла розныя цацкі і сувеніры. А як выйшла на заслужаны адпачынак, цалкам захапілася вышываннем. Стварыла мноства карцін-вышывак рознай тэматыкі. У асноўным усё на падарункі для родных і блізкіх – ад шчырага сэрца і з вялікай любоўю.
Выстава карцін «Ніці сэрца» Анастасіі Аляксандраўны экспануецца ў зале Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея. Казачныя персанажы, маляўнічыя краявіды роднай прыроды выклікаюць захапленне.
Шчыра кажучы, бываю на розных выставах, але гэта пакінула самыя моцныя ўражанні і ўзварушыла памяць. І гэта зразумела – Анастасія Аляксандраўна была маёй першай настаўніцай. Да нас, сваіх вучняў, яна адносілася, як мама. Таму так было з ёй утульна і камфортна. Добра памятаю нашы міні-экскурсіі ў лес. Анастасія Аляксандраўна навучыла нас любіць прыроду, бо яна сама яе вельмі любіла. Казала, што кожны лісточак на дрэве, кожная раслінка – па-свойму прыгожыя. Разам з ёй мы слухалі спевы птушак. І кожны спеў атаясамлівалі з нейкімі вершаванымі радкамі. Шчырая, добрая, ветлівая Анастасія Аляксандраўна! У яе не было былых вучняў. Яна цікавілася справамі ў нас, дарослых, радавалася і перажывала разам з намі. Яшчэ ўспомніўся мне такі момант. Мне было гадоў 13, мы з мамай стаялі на аўтобусным прыпынку ў пас. Крупскім, каб ехаць у Крупкі. Падышла Анастасія Аляксандраўна і падзялілася сваёй радасцю – у яе нарадзілася першая ўнучка Волечка. Анастасія Аляксандраўна пяшчотна расказвала пра маленькую дзяўчынку, якая ціхенька ляжыць у сваёй люльцы, і пры гэтым зрабіла яе шчаслівай бабуляй.
Тая Волечка даўно вырасла, у яе самой падрастае сынок Ваня. І гэта яна арганізавала выставу ў гонар сваёй бабулі. А мне пашчасціла пазнаёміцца з ёй, каб яшчэ бліжэй стаць са сваёй першай настаўніцай. Сустрэліся на выставе, сярод шэдэўраў, якія стварыла Анастасія Аляксандраўна. Тут жа – яе партрэт і надпіс ад родных: «З захапленнем да тваіх залатых рук і шчырага сэрца. Бясконца любім цябе і вельмі сумуем…»
– Сэрца і душа не адпускаюць роднага чалавека, – кажа Вольга. – Бабулі няма сярод нас, а мне ўсё хочацца нешта зрабіць для яе. Думка пра выставу прыйшла яшчэ ў сакавіку. Дома ў бабулі было зусім мала карцін. У асноўным яна вышывала для нас – дзяцей, унукаў і праўнука. Мы беражліва захоўваем падарункі дарагога і любімага чалавека. Родныя маю ідэю адобрылі, таму пагадзіліся даць карціны для выставы. Я іх сабрала, мая сястра Таня аформіла інфармацыйны постэр і зрабіла запрашальныя паштоўкі. Дарэчы, на выставе ёсць работа бабулі, якую яна вышыла яшчэ ў свае школьныя гады. Вось яна (паказвае): «Чырвоная Шапачка и шэры воўк».
Замілаванасць выклікаюць карціны з дзіцячымі матывамі. Вось немаўлятка ў калясцы, а па абодва бакі – ветачкі з суніцамі, зверху надпіс «Ваня. 1.06.2018». Хлопчык запускае ў неба паветраны шарык. Рознакаляровая зебра, а побач пажаданне «Хай у тваім жыцці не будзе чорных палосак». Коцік з балалайкай у руках.
– Гэта бабуля вышывала для майго сына – свайго праўнука, – тлумачыць Вольга. – Так атрымалася, што нараджэнне Вані супала з бабулінай хваробай, яна перанесла інсульт. Але бабуля моцны чалавек, і нават пасля гэтага працягвала вышываць. Вельмі любіла кветкі, іх вобразы прысутнічаюць на карцінах. Яе двор заўсёды быў у квецені. Мы і зараз пасадзілі ў двары кветкі, як і пры жыцці. Безумоўна, цяжка ўсведамляць, што яе няма сярод нас. Прыязджаем, а нас ніхто не сустракае поглядам з вакна. Але бабуля пакінула нам бясцэнны скарб – сваю творчасць і светлую памяць. З бабуляй звязаны самыя добрыя і прыемныя ўспаміны дзяцінства. Памятаю швейную машынку, тканіны, рознакаляровыя гузікі – бабуля шые мне чарговую летнюю спаднічку, каб яе ўнучка была прыгожай. А я ў гэты час гуляю з абрэзкамі ад тканін. У бабулі было вельмі многа кніг – яна любіла чытаць і заўсёды дарыла мне кнігі. Памятаю, як яна падоўгу сядзела і пісала планы, правярала сшыткі, рыхтавалася да ўрокаў, каб вучням было цікава. А як прыгожа яна пісала! Літары роўненькія, акуратныя, злучаліся паміж сабой плаўна. Так старанна вышывала яна і свае карціны. Лес для бабулі быў любімым месцам. Там яна натхнялася, захаплялася прыгажосцю яго ва ўсе часы года. Хадзіла ў ягады. Прыносіла поўныя вёдры ягад і абавязкова мне на ветачцы. «Зайчык перадаў», – казала бабуля. І менавіта на ветачцы былі самыя смачныя чарніцы. З ранняга дзяцінства бабуля клапацілася пра мяне. Шчыра кажучы, яе хвароба яшчэ больш нас зблізіла. Мы як быццам памяняліся месцамі. Клопат і любоў, што бабуля аддала мне ў дзяцінстве, я вяртала ёй дарослым чалавекам.
Побач з партрэтам Анастасіі Аляксандраўны на выставе – няскончаная праца: у пяльцах, з іголкай і ніткай.
– Ці думалі вы завяршыць пачатую бабуліну карціну? – пытаюся ў Вольгі.
– Кожнаму з нас перадаліся ад бабулі яе таленты, – кажа Вольга. – Сястра мая, як і бабуля, атрымала прафесію настаўніка пачатковых класаў, развівае дызайнерскія здольнасці. Мама мая піша вершы. У бабулі быў добры эстэтычны густ. Яна любіла кожны год пераклейваць у хаце шпалеры, каб было свежа і прыемна ўсім. Гэтаму добра навучыўся яе старэйшы сын. А малодшы сын калекцыяніруе кнігі, многа чытае, мы нават называем яго хадзячай энцыклапедыяй. Бабуля наша была знатным кулінарам – выпякала смачныя бліны, пірагі. Гэта якасць перайшла мне. Вышываць не спрабавала. Але адчуваю, што гэта яшчэ наперадзе. Магчыма, і карціну скончу, што бабуля пачала. А яна дапаможа і падкажа, як і раней.
Назва выставы «Ніці сэрца» абазначае, што ніткі кожнай работы прайшлі праз сэрца і душу Анастасіі Аляксандраўны, з любоўю, як патлумачыла Вольга. А яшчэ ніці сэрца нябачна звязваюць з роднымі, блізкімі, калегамі, вучнямі. Сувязі гэтыя непарыўныя – мы заўсёды будзем помніць дарагую нашу настаўніцу.