Старажытная зброя, даспехі, прылады кавальнага рамяства – з першых хвілін выстава пагружае наведвальнікаў у часы сівой мінуўшчыны. Экспанаты змайстраваны па рэальных гістарычных узорах і здольны выконваць галоўную функцыю – абараняць.
– Выстава дазваляе нам прасачыць развіццё ваеннай справы на нашых землях у эпоху Сярэднявечча, – распавядае галоўны навуковы супрацоўнік галерэі Хрысціна Жукава. – Тэхналогіі і спосабы вытворчасці зброі прыдумвалі, а затым рыхтавалі майстры-рамеснікі. Таму экспазіцыя пачынаецца з кавальнай майстэрні, бо частка даспехаў была змайстравана менавіта такімі інструментамі, як накавальня, горн, паддувальныя мяхі, зубіла, малаткі і іншымі. Трэба адзначыць, што ў часы Сярэднявечча кавалі былі ў пашане, іх праца – гонарам. Містычнасць гэтаму рамяству надавала тое, што кавалі працавалі ў паўзмроку, а кавальні знаходзіліся на ўскрайку населеных пунктаў. На самой справе аддаленасць ад паселішчаў была для бяспекі насельніцтва, а ў паўзмроку лягчэй было ўбачыць, як раскаляецца чыгун.
Сякеры і кінжалы, драўляныя шчыты, шлемы и кальчугі – рыцарскія элементы можна не толькі разгледзець дэталёва, але і прымерыць. Бо на выставе працуе інтэрактыўная пляцоўка.
Вучні Худавецкай СШ з задавальненнем адчулі сябе рыцарамі. Сярод жадаючых – і дзяўчаты. Хлопчыкі прызналіся, што насіць на сабе такі «строй» дастаткова цяжка. Паспрабавалі ў рыцарскіх пальчатках разгарнуць цукерку. Зрабіць гэта, канешне, можна, але не так хутка, як рукамі.
Выстава працуе да 30 жніўня, таму паспяшайцеся адчуць дух рыцарскай эпохі.