У час высокіх тэхналогій адкрываецца магчымасць ствараць дакладны аптычны вобраз пры дапамозе мастацкай галаграмы. Яна ўяўляе сабой фатаграфічную пласцінку, якая ў выніку тэхналагічных аперацый запамінае прасторавае размеркаванне прамянёў святла, адлюстраваных ад усіх участкаў аб’екта з’ёмкі, што прасвятляецца лазарам.
Калі на фотапласцінку накіраваць сонечнае або штучнае святло, назіральнік убачыць віртуальны аб’ект. У адрозненне ад фатаграфіі, галаграма трохмерная, бо фіксуе аб’ём.
У Крупскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі дзейнічае часовая экспазіцыя «Паэзія музейных каштоўнасцей», якая складаецца з некалькіх тэматычных раздзелаў. Да ўсіх галаграм падабраны вершы класікаў беларускай літаратуры.
У прадметаў, прадстаўленых у раздзеле «Цікавыя археалагічныя знаходкі», ёсць незвычайныя легенды. Напрыклад, пояс Вітаўта XV стагоддзя, умоўная назва паяснога гарнітура, быў знойдзены каля вёскі Літва Маладзечанскага раёна падчас падрыхтоўкі поля пад вырошчванне хмеля. Капаючы яму пад слуп, быў знойдзены манетна-рэчавы скарб.
Тут – і залатое скроневае кальцо дрыгавічоў XII-XIII стагоддзяў. Яго насілі жанчыны, каб падтрымліваць прычоску. Кольцы ўпляталі ў валасы па некалькі з кожнага боку, мацавалі з дапамогай стужкі ці раменьчыка. Даследчыкі лічаць, што скроневыя кольцы нясуць этнавызначальную функцыю, што дае магчымасць удасканаліць карту рассялення плямён.
Раздзел «Рэчавыя і пісьмовыя помнікі» звязаны з гісторыяй кнігадрукавання. Прадстаўлены Евангеліе 1701 года – адзін са старажытнейшых экзэмпляраў калекцыі старадрукаваных кніг, «Тлумачэнні да твораў Цыцэрона» Бенядыкта Гербеста 1762 года.
Здзіўляюць наведвальнікаў прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, музычныя інструменты, культавыя рэчы. Сярод іх – двухбаковы слуцкі пояс, выраблены ў 1770-я гады, пярсцёнак для шлюбнай цырымоніі, напрастольны крыж, ліра – струнна-смычковы інструмент 1910 года.
Пераносяць у мінулыя часы пячаткі афіцэра волжскага казацкага войска XIX стагоддзя, Ігуменскага павятовага спраўніка, пячатка шляхецкая з гербам XVII стагоддзя.
Тэхналогіі ўражваюць. Магчыма, у будучым галаграма дазволіць замяніць музейны прадмет, тым самым захаваць яго ад пашкоджанняў пры экспаніраванні.
Уладзімір РОГАЎ.