Як адзначае Валянціна Іванаўна, яна – чалавек эмацыянальны, добра адчувае мастацкае слова. Памятае, як у 5-м класе каля дошкі расказвала байку Кандрата Крапівы «Ганарысты парсюк». Ёй настаўнік тады сказаў: «Будучая артыстка».
Шлях да мары
– З педагагічнай прафесіяй ён дапамог мне вызначыцца, калі паўстала пытанне выбару справы жыцця. Школу я скончыла з залатым медалём, для паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна мне неабходна было здаць толькі беларускую мову і літаратуру вусна, – падкрэслівае Валянціна Крыварот. – Мой бацька, Іван Гаўрылавіч, хацеў, каб усе яго дзеці атрымалі адукацыю. А нас у сям’і было пяцёра. Аднойчы ён нас пасадзіў усіх за сталом і кажа: «Застануся ў адной куфайцы, а вас усіх вывучу». Сам тата скончыў толькі 4 класы, бо потым пачалася вайна.
І вось учарашняя выпускніца разам з бацькам са Слаўгарадшчыны Магілёўскай вобласці 6 гадзін ехала ўсю ноч на аўтобусе паступаць ва ўніверсітэт. У Мінску былі ў 7 гадзін раніцы. Галоўны корпус БДУ знаходзіўся побач з аўтавакзалам. Людзі падказалі, куды ісці, бо самі яны дарогу не ведалі.
– На экзамен я ўжо ехала адна. Там пазнаёмілася з дзяўчынкай Аленай з вёскі Багушэвічы Бярэзінскага раёна, якая потым стала маёй сяброўкай. З 1974-га года наша сяброўства працягваецца і па сённяшні дзень. Праз кожныя 5 год мы сустракаемся з аднакурснікамі, праз сацыяльныя сеткі падтрымліваем сувязь, – прадаўжае аповед настаўнік. – За экзамен тады я атрымала «5». А бацька мне сказаў: «Як здасі, адразу дай тэлеграму». Для нашай вёскі гэта было сапраўднай падзеяй, бо ў Мінск на той час яшчэ ніхто не паступаў. «Гаўрылавіч, ты, напэўна, карову здаў, каб дачка пяцёрку атрымала», – жартавалі аднавяскоўцы. Падтрымка бацькоў адчувалася заўсёды. Дамоў часта ездзіць не было магчымасці. Запомнілася мне, як у адну з субот у вакно інтэрната я ўбачыла тату. Гэта ён да мяне прыехаў у Мінск. «Сядзім з маці і думаем: закалолі кабанчыка, усё ў нас ёсць, а дачка можа галодная. Сабраў сумку, сеў на аўтобус і прыехаў», – патлумачыў ён мне.

Так саўпала, што Валянціна Крыварот перамагла ў розыгрышы прызоў сярод падпісчыкаў раённай газеты. Таму мы не толькі разам паразважалі на актуальную тэму, але і ўручылі ёй падарунак – прас. Настаўнік «Крупскі веснік» выпісвае з таго моманту, як пераехала на Ухвалу. Заўсёды – на паўгоддзе. У сераду і суботу з нецярпеннем чакае раёнку, каб перачытаць яе ад пачатку і да апошняй старонкі.
Прастора для развіцця
Працоўную дзейнасць Валянціна Іванаўна пачынала ў Бярэзінскім раёне, потым выйшла замуж у 1985 годзе і пераехала на Ухвалу. Дзякуючы настаўніцкай прафесіі змагла паказаць усе свае здольнасці: і педагагічныя, і артыстычныя, і арганізатарскія.
Яна стварае паспяховую атмасферу для вывучэння беларускай мовы. Прасторай для развіцця і творчасці стаў кабінет роднай мовы, дзе змешчаныя на стэндах радкі класікаў айчыннай літаратуры кранаюць сэрца.
– Настаўнік павінен быць прыкладам для вучняў. Трэба пастаянна ўдасканальвацца, развівацца, знаходзіць новыя педагагічныя прыёмы, каб адпавядаць патрабаванням сучаснасці і цікава падаваць матэрыял навучэнцам. На ўроках я выкарыстоўваю музычныя кампазіцыі, інсцэніроўкі. Яны дапамагаюць глыбей зразумець сэнс літаратурных твораў. Нават былі ў мяне вучні, якія спявалі вывучаныя вершы, – падкрэслівае суразмоўца. – Да Дня роднай мовы ў школе штогод рыхтуецца насычаная праграма. Наша галоўная мэта – паказаць прыгажосць і багацце моўнай спадчыны беларускага народа, выхаваць пачуццё любові і зацікаўленасці да матчынага слова.
Тое, што натхняе
Адзін з любімых твораў Валянціны Крыварот – «Новая зямля» Якуба Коласа. Яна лічыць, што ў ім найбольш праяўляецца багацце беларускай мовы і культуры.
– Тут – уся біяграфія нашага народа, усе святы і традыцыі. Гэта не проста мастацкі твор, а глыбокае даследаванне менталітэту і жыцця беларусаў. Падабаюцца «Жняя» і «Бандароўна» Янкі Купалы. Першы – паэтычны гімн працы і прыгажосці беларускай сялянкі, другі – пра барацьбу прыгожай, гордай дзяўчыны супраць прыгнёту, – звяртае ўвагу філолаг.
«Вы – настаўнік ад Бога», – кажуць выпускнікі школы пра Валянціну Іванаўну. А яна з усмешкай адказвае: «Вы мяне перахвальваеце».
На прыкладзе Валянціны Крыварот мы бачым, што настаўнікі беларускай мовы перадаюць сапраўдны скарб нашых продкаў наступным пакаленням. Для іх кожны дзень – гэта дзень роднага слова, што сагравае сэрца і кранае пачуцці.
Уладзімір РОГАЎ.


