
Адказы падкажуць назіранні продкаў і ўспаміны жыхароў Крупшчыны.
Апошнія шэсць дзён перад Светлым тыднем асабліва значныя. Кожны з іх напоўнены асаблівым зместам.
Панядзелак пачынае тыдзень падрыхтоўкі да сустрэчы Вялікадня. Прыбіралі падвор’е, сад і агарод, не забывалі і пра хатніх жывёл… Лічылі, што дзень спрыяльны для лячэння дзіцячых хвароб. Дапамагала пры гэтым вадохрышчанская вада.
Аўторак падтрымліваў асноўны прынцып тыдня – ачышчэнне душы, цела, а галоўнае – дома. У народзе казалі: «У чысты панядзелак і аўторак нельга ў хаце трымаць што-небудзь нячыстае». Гаспадыні, калі бялілі печ перад святам, ціхонечка шапталі: «Забялю гразь, а з ёй каб усякаму ліху прапасць».
У сераду вымывалі і ўпрыгожвалі дом: мылі падлогу і рассцілалі чыстыя дываны і посцілкі, стол засцілалі свежым абрусам, на вокны вешалі святочныя фіранкі, на чырвоным куце займаў сваё месца новы ручнік.
Яшчэ ў сераду жывёл аблівалі снегавой вадой, каб зберагчы іх ад хвароб і дрэннага вока.

Анастасія Гайдук:
– Для мяне Вялікдзень – гэта падарожжа ў гісторыю, у карані нашай сям’і. Напярэдадні свята ў нас пачынаецца сапраўдная падрыхтоўка. Гэта нібы рытуал, які яднае нас, напаўняе цеплынёй і радасцю. Свята называюць галоўным. Я з гэтым згодна. Ад старэйшых заўсёды чула, што Вялікдзень сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, што трэба яго правесці так, каб перадаць традыцыі сваім дзецям. Успамінаецца, як у дзяцінстве мы верылі ў прыкмету, што сонца нібы танчыць, грае, пераліваецца ранкам у святочны дзень. Мы спяшаліся ўбачыць гэты цуд першымі.
На адкрытым месцы «пад зоркі» ў ноч з серады на чацвер ставілі соль. Раніцай яе забіралі ў хату. Казалі, што соль валодае выключнымі магчымасцямі: увесь год з’яўляецца мацнейшым абярэгам.
У славян таксама існавала прыкмета, што купанне раніцай у чацвер змывае ўсе грахі і хваробы.
Хадзілі ў царкву. Адтуль неслі свечкі дадому. Калі па дарозе атрымлівалася зберагчы агонь ад ветру, лічылася, што год будзе добрым.
Свечку называлі чацвярговай. На думку нашых продкаў, яна надзелена ачышчальнай сілай. Яе выкарыстоўвалі падчас навальніцы, лячэння цяжкай хваробы. Свечкай карысталіся нават пчаляры. Яны верылі, што так пасеку ніхто не сурочыць, а па восені будзе добры медазбор.
Старыя галінкі і смецце ў садзе складвалі ў адзін груд, каб спаліць перад узыходам сонца і тым самым зберагчы дрэвы ад вусеняў і іншых шкоднікаў.
Нашы продкі казалі, калі ў чацвер раніцай пералічыць грошы, якія ёсць у хаце, яны не перавядуцца ўвесь год. Пазычаць грошы ў гэты дзень катэгарычна забаранялася. Бо лічылі, што чалавек мае дрэнныя намеры.
Раней існавала правіла: дзяцей, якім хутка споўніцца год, ці споўнілася зусім нядаўна, упершыню стрыглі ў чацвер. Як і сеялі капусту на расаду і перабіралі цыбулю.
У Чысты чацвер гатавалі «вялікую вячэру» з 12 страў. Перад вячэрай гаспадар чытаў малітву, запальваў свечку. Затым уся сям’я садзілася за стол, успамінала родных.

Святлана Каляда:
– У пятніцу рашчынялі цеста і выпякалі кулічы, гатавалі святочную ежу, фарбавалі яйкі. Мая бабуля і маці заўсёды рабілі гэта ў шалупінні цыбулі. Так раблю і я. Іншых спосабаў не прымаем. Шалупінне спачатку замочваецца ў вадзе, затым даводіцца да кіпення. Туды акуратна апускаюцца яйкі і перамешваюцца, каб афарбоўка была раўнамернай. Хвілін дзесяць – і можна іх перакладваць у халодную ваду. Памятаю, як старэйшыя казалі: «Яйка не пафарбавалася – дрэнная прыкмета». У дзяцінстве нам падабалася гуляць «у біткі». Мы стукаліся святочнымі «крашанкамі». Той, хто разбіў яйка суперніка, захаваўшы сваё цэлым, забіраў яго сабе.
У велікоднага яйка шмат прызначэнняў: першыя тры дні пасля Вялікадня ўсе сямейныя трапезы пачыналіся з яго, яго даравалі сябрам і блізкім, неслі на могілкі – памянуць родных, клалі ў ваду і мыліся ёй раніцай, каб быць прыгожым і здаровым.
У пятніцу прытрымліваліся самага строга паста. Пілі толькі ваду з мёдам.
З поўдня да вечара ў суботу асвячаліся велікодныя стравы. Але лічылася, калі памёр нехта з родных і пасля яго смерці не прайшоў год, нельга фарбаваць яйкі і асвячаць ежу.
У нядзелю, як толькі загучаць званы, тройчы прыгаворвалі словы: «Хрыстос уваскрос, а маёй сям’і здароўя, майму дому багацця, майму полю – ураджай».
Пачыналі снедаць з велікоднага яйка. Яго раздзялялі на столькі частак, колькі ў сям’і было чалавек. Пасля гэтага дазвалялася спрабаваць астатняе.
Рэкамендавалі на Вялікдзень зрабіць 7 добрых спраў і падараваць 7 падарункаў блізкім, каб Гасподзь памятаў вашу дабрыню.
А Вялікае свята працягвалася Светлым тыднем.

Наталія Грыгаровіч:
– У нашай сям’і з пакалення ў пакаленне перадаецца рэцэпт святочных кулічоў. Мае бабулі ўсе сакрэты кулінарнага майстэрства перадалі мне. Калі дом напаўняецца смачным водарам, цудоўнае пачуццё прыносіць цеплыню і супакой. Калі я была маленькай, мяне далучалі да цікавай справы па афарбоўцы яек. Цяпер гэта раблю са сваімі дзецьмі. Выкаростоўваем ужо некалькі гадоў паталь, выглядае вельмі прывабліва. Падчас займальнага занятку мы дзелімся сямейнымі ўспамінамі. Ходзім у царкву, а ў нядзелю мы збіраемся разам усёй вялікай сям’ёй.
<p">Безумоўна, традыцыі продкаў трансфармуюцца, застаючыся асновай культурных і сямейных каштоўнасцей. Калі ў вашай сям’і ёсць свае традыцыі – беражыце іх. Калі пакуль няма – стварайце!
Уладзімір РОГАЎ.


