Так, у гарадскім пасёлку Гара-дзея ўдзельнікі мерапрыемства даведаліся, як на цукровым камбінаце сумяшчаюць салодкую вытворчасць і клопат аб навакольным асяроддзі. А ў агракамбінаце «Сноў» пазнаёміліся з біягазавым комплексам, які садзейнічае скарачэнню аб’ёму выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу. Юным эколагам запомніліся падарожжа на электрамабілі па ландшафтах музея-запаведніка «Нясвіж» і чароўныя паданні, краязнаўчыя красворды, рэбусы падчас тэатралізаванага квесту.
На эколага-патрыятычным форуме выступіў старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі, які напомніў, што ў мінулым годзе такі форум стартаваў у маладым Салігорску, а зараз праходзіць у старадаўнім Нясвіжы. «Праз год форум зноў аб’яднае маладых людзей, якія клапоцяцца аб экалогіі і ахове прыроды, – зазначыў Іван Ліпніцкі. – Толькі месцам сустрэчы стане іншы раён Міншчыны».
Бясспрэчна, што кожным, хто прыехаў у Нясвіж, унесены значны ўклад у паляпшэнне экалагічнай сітуацыі ў сталічнай вобласці. Ва ўрачыстай абстаноўцы былі адзначаны асабістыя і калектыўныя заслугі. У прыватнасці, у намінацыі «Даследчыя праекты навучэнцаў» Анастасіі Кулевіч з Крупскай раённай гімназіі за работу «Мілыя карлікі або як вырасціць бансай» уручаны каштоўны падарунак і шматлікія сувеніры.
– Нашы юныя крупчане любяць і берагуць прыроду, – гаварыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дэлегат форуму Алена Рогава. – Разам з педагогамі яны ўдзельнічаюць у прыродаахоўных акцыях, даследчых конкурсах, працуюць над вырашэннем пытанняў чыстай вады, сваімі сіламі ўпрыгожваюць прышкольную тэрыторыю. І наша задача сёння – зрабіць усё магчымае, каб юным крупчанам прывівалася любоў да роднай зямлі, любоў да ўсяго жывога, любоў да людзей. І калі мы будзем рабіць гэта, калі будзем захоўваць і прымнажаць прыгажосць, жыццё наша з кожным годам будзе станавіцца лепшым і лепшым.