krupki.by

ru RU be BE en EN

Сакалавічам – пяць стагоддзяў. Мястэчка з такой назвай заснавана ў 1516 годзе



Сакалавічам – пяць стагоддзяў. Мястэчка з такой назвай заснавана ў 1516 годзе

Автор / Общество / Субота, 24 Верасень 2016 10:58 / Просмотров: 1999

З нагоды такой адметнай даты гэтымі вераснёўскімі днямі мы пабывалі ў названай вёсцы, сустрэліся з яе старажыламі, пагутарылі аб мінулым і сённяшнім населенага пункта. А папярэдне зазірнулі ў гісторыка-дакументальную хроніку «Памяць. Крупскі раён».

Погляд у мінулае

Згодна гістарычных даных, Сакалавічы згадваюцца як сяло ў пачатку 16 стагоддзя, якое належала да маёнтка князёў Друцкіх. У 1516 годзе князь Іван Васільевіч Красны завяшчаў сяло жонцы Марыне Іванаўне з роду князёў Заслаўскіх. У далейшым сярод уладанняў Друцкіх яно не ўпамінаецца. Магчыма, удава князя Краснага прадала ці завяшчала паселішча іншым уладальнікам. 

У 1559 годзе сяло знаходзіцца ў скла-дзе Варанцэвіцкай воласці, якая была прыпісана да Аршанскага замка. На гэты час тут 12 дымоў, 4 службы, уладанне графа Хадкевіча. Пазней частка сяла адносілася да маёнтка Бобр, частка – да маёнтка Варанцэвічы. Уладанне Станіслава Паца, затым Льва Сапегі, Станіслава Галінскага, Крыштофа Комара.

Згодна з інвентаром маёнтка Бобр за 1573 год, павіннасці сяла Сакалавічы складалі «чыншу з асёдлай валокі па 50 грошаў, бірчага – 5 грошаў, вепраўшчыны – 4 грошы, клікоўшчыны – ? гроша, папоўскі – 1 грош, жыта – 1 салянку, аўсу – 1 салянку, альбо за жыта і авёс – 20 грошаў, ільну па кальцу і даніна мядовая». У 1772 годзе сяло – уладанне Агінскіх, 15 двароў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) – у складзе Расійскай імперыі.

У вайну 1812 года вёска была разрабавана французскімі войскамі. У 2-й палове 19 – пачатку 20 стагоддзя – у Бобрскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У 1897 годзе налічвалася 25 двароў, 179 жыхароў, дзейнічалі народнае вучылішча, вадзяны млын. У 1909 годзе – 195 жыхароў.

Цікавыя сустрэчы сёння

Калі мы патэлефанавалі ў Бобрскі сельвыканкам і пагаварылі з яго старшынёй Уладзімірам Загорскім аб юбілейнай даце Сакалавіч, ён ахвотна згадзіўся суправаджаць нас у названую вёску. Тым больш, заехаўшы ў выканкам, вядучы спецыяліст сельвыканкама Галіна Невядомская назвала нам прозвішчы жыхароў, якія тут нарадзіліся, а таксама тых, хто лічыць Сакалавічы сваёй другой малой радзімай, бо ў вёсцы пражыта ўжо большая частка жыцця. 

Першая такая сустрэча адбылася з ура-джэнкай Гродзенскай вобласці Валянцінай Хоміч, якая ўжо 40 гадоў жыве на Крупшчыне.

– Як прыехала сюды ў студзені 1977 года, атрымаўшы спецыяльнасць інжынера лясной гаспадаркі, так і засталася, – гаварыла Валянціна Анатольеўна. – У Сакалавіцкім лясніцтве працавала спачатку майстрам, начальнікам гадавальніка, а затым больш 25 гадоў аддала бухгалтарскай справе. Ведаю і помню многіх цікавых людзей, з якімі давялося працаваць. Вось і на ўрачыстасці з нагоды Дня работнікаў лесу чатыром ветэранам нашага лясніцтва, у тым ліку і мне, быў уручаны знак «80 гадоў лясной гаспадарцы Рэспублікі Беларусь».

Далей ветэран працы расказала, што Сакалавіцкае лясніцтва ўтворана ў 1961 годзе на базе часткі Бобрскага і Шынкаўскага, назвала прозвішчы ляснічых, фатакарткі якіх змешчаны на спецыяльным стэндзе. Захоўваецца ў лясніцтве і альбом, ганаровае месца ў якім адведзена шчырым працаўнікам.

Зрабіўшы фота на памяць, мы накіраваліся на сустрэчу з карэнным жыхаром Сакалавіч Міхаілам Кноцька.

Міхаіл Мікалаевіч і Ніна Данілаўна КНОЦЬКІ

– Праз пяць месяцаў мне споўніцца 88 гадоў, – пачаў размову Міхаіл Мікалаевіч. – Як бачыце, шмат пражыта ўжо, шмат было ўсяго на жыццёвым шляху. Як расказвалі ў свой час бацька і дзед, на рацэ Еленка, што працякае ў канцы вёскі, было калісьці ажно тры млыны. І зерне малолі тут, і крупы дралі, прыязджалі сюды з усіх навакольных вёсак. Ды і людзей тады было колькі! Не тое, што цяпер: у Сакалавічах – крыху больш за 70, у Ліцвінцы ніхто не жыве, у Альшаніках са сваіх мясцовых – таксама нікога, у Еленку толькі ўлетку прыязджаюць... А колькі працаўнікоў, узнагароджаных ордэнамі і медалямі, нарадзіла наша вёска! Шчыравалі ўсе ў саўгасе «Бобр»: хто жывёлаводам, хто механізатарам, а хто на палявых работах. Я і сам працаваў брыгадзірам, ветфельчарам, ветурачом. А чатыры гады – з 1959 па 1963 – нават старшынёй Бобрскага сельсавета быў.

Пра сваё жыццё ў Сакалавічах цікава расказвала і яго жонка Ніна Данілаўна, працоўны стаж настаўніцай якой 40 гадоў. Выкладала матэматыку спачатку ў Сакалавіцкай сямігодцы, затым школа стала няпоўнай сярэдняй.

– Больш за сотню вучняў было тады ў класах. Гэта ўжо ў 90-я гады класы сталі невялікімі, – працягвала Ніна Данілаўна. – У мясцовых дзяцей была цяга да вучобы, яны імкнуліся спасцігаць усе прадметы. Я ганаруся, што многія з іх закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы, сталі кіраўнікамі прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў. А дасылаемыя ў Дзень настаўніка паштоўкі ад іх – гэта ўдзячная памяць. Раней Сакалавічы былі вялікай вёскай. Напрыканцы 19 стагоддзя тут было заснавана народнае вучылішча, дзе настаўніцай працавала Аляксандра Цітовіч, а на пачатку 20-га стагоддзя дзейнічала Сакалавіцкая школа пісьменнасці, якая мела ўласны будынак. Так што, ёсць чым ганарыцца вёсцы.

Яшчэ аднаму карэннаму жыхару Сакалавіч – Васілю Пятровічу Разумнаму – ідзе восемдзесят дзявяты год. Доўгі час ён працаваў уліковым работнікам мясцовай трактарнай брыгады, добра ведаў усіх людзей, і цяпер цікавіцца справамі тых, хто працуе ў гаспадарцы. Толькі добрыя словы трэба сказаць і пра яго жонку – Ганну Іванаўну, якая ўсё сваё жыццё аддала жывёлагадоўлі. Яе прозвішча і фотапартрэты ў тыя гады не сыходзілі са старонак раённай газеты, неаднаразова была дэлегатам злётаў перадавых даярак, мае шмат працоўных адзнак.

Саракавыя, ракавыя...

Падчас размовы з вяскоўцамі проста немагчыма было не закрануць Вялікую Айчынную вайну. Смерць, слёзы, пакуты – вось што прынёс з сабой на нашу зямлю фашызм. Спаўна спазнала, што такое значыць нямецкі «новы парадак», і вёска Сакалавічы. Ужо літаральна праз тыдзень яна была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У вёсцы размяшчаўся варожы гарнізон. 

У мемарыялах Героя Савецкага Саюза Сяргея Жуніна «Ад Дняпра да Буга» расказваецца аб баявым шляху 8-й партызанскай брыгады, на чале якой стаяў сам Сяргей Георгіевіч, і якая дзейнічала ў Круглянскім, Талачынскім, Бялыніцкім, Крупскім і Бярэзінскім раёнах, неаднаразова ўпамінаюцца вёска Сакалавічы, партызанская сувязная Мальвіна Гармазінская (яна і зараз жыве ў Сакалавічах), многія іншыя жыхары вёскі. Да месца адзначыць, што на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 46 вяскоўцаў. Іх прозвішчы можна ўбачыць у хроніцы «Памяць. Крупскі раён». 

Валянціна Анатольеўна ХОМІЧ

У вёсак свая гісторыя

З 20 жніўня 1924 года вёска – цэнтр Сакалавіцкага сельсавета Крупскага раёна Барысаўскай, а праз тры гады – Аршанскай акруг. Паводле перапісу 1926 года, у вёсцы 42 двары, 221 жыхар. У час калектывізацыі арганізаваны калгас «Шлях сацыялізму», які на пачатак студзеня 1932 года налічваў 23 гаспадаркі. Тут працавалі няпоўная сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт. З 20 лютага 1938 года вёска знаходзіцца ў складзе Мінскай вобласці. У 1950 годзе да калгаса былі далучаны тры суседнія гаспадаркі. З 1960 года – у складзе саўгаса (затым калгаса) «Бобр», а з 2004 года – ААТ «Кляновічы».

На наша пытанне, адкуль паходжанне назвы Сакалавічы, у адказ пачулі некалькі варыянтаў. Прасцей, безумоўна, звязаць яе з прозвішчам чалавека, які, магчыма, пасяліўся некалі адным з першых у згаданых мясцінах ці нечым праславіўся, таму па яго імені і пачалі называць паселішча. І ўсё ж, верагодней паходжанне Сакалавіч ад птушак сокалаў, якіх калісьці, па ўспамінах відавочцаў, тут лётала вельмі многа. І вось ужо, як бачым, пяць стагоддзяў існуе вёска, у нагах якой бруіцца рака Еленка, гэты любы куточак для многіх і многіх пакаленняў.

Автор

Татьяна Толкачева

Татьяна Толкачева

Актуально

9 октября прямую телефонную линию проведет председатель Крупского райисполкома

В среду, 9 октября, с 11.00 до 12.00 по телефону 2-72-41 прямую телефонную линию проведет председатель Крупского районного исполнительного комитета КОЗЕЛ Анатолий Станиславович.

С 18 сентября работает "горячая линия" по лицензированию в сфере социального обслуживания

Крупский ТЦСОН информирует, что с 18 сентября работает телефон "горячей линии" 2-10-30 по вопросам лицензирования в сфере социального обслуживания и организации ухода за нетрудоспособными гражданами.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 4-12-21.

Please publish modules in offcanvas position.