Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла.
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла?
Песня «Зорка Венера» абудзіла лепшыя пачуцці і ў старшакласнікаў СШ № 1 г. Крупкі, якія разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Аксанай Уладзіміраўнай Бялаўскай прыйшлі на гэту сустрэчу. Вядучая Таццяна Каваленка пазнаёміла з біяграфіяй і творчасцю таленавітага паэта. Далей дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Бальбот паведала пра сувязь сям’і Багдановічаў з Крупскім раёнам.
– У гісторыі кожнага народа ёсць імёны, якімі ён асабліва ганарыцца, – гаварыла Тамара Уладзіміраўна. – Ёсць і такія, якія сталі здабыткам чалавецтва, таму што слава пра іх перайшла межы краіны і часу. Беларускі паэт Максім Багдановіч атрымаў вядомасць, дзякуючы свайму літаратурнаму таленту, грама-дзянскаму подзвігу і чалавечым якасцям. Яго імя заслужана стаіць побач з імёнамі слаўных заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Звонкая ліра Багдановіча, надзвычай багатая па зместу, напоўнена той сілай веры ў свой народ, якая зрабіла паэта адным з прагрэсіўных людзей гэтага часу.
На сустрэчы прагучалі шматлікія вершы паэта і песні на яго словы: «Зорка Венера», «Па-над белым пухам вішняў», «Слуцкія ткачыхі». Прысутныя ўбачылі дакладную копію адзінай прыжыццёвай паэтычнай кнігі М. Багдановіча «Вянок», у якой ёсць і радкі, нібы адрасаваныя нашаму сучасніку:
Жыві і цэльнасці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай.
Творчасць Багдановіча натхняла і натхняе пісьменнікаў і мастакоў. На вечары паэзіі была прадстаўлена карціна мастака-земляка Алеся Ксяндзова «Прысвячэнне. Памяці Максіма Багдановіча». Свой трыпціх «На радзіме» прысвяціў паэту беларускі мастак Віктар Барабанцаў. Партрэт Максіма Багдановіча выканаў і Святаслаў Федарэнка, назваўшы яго «Далёка ад радзімы». Дарэчы, гэтыя работы можна было ўбачыць у каталогах.
Многіх зацікавілі і рэпрадукцыі карцін Барыса Аракчэева: «Дом на вул. Любімскай», дзе жыла сям’я Багдановічаў, «Яраслаўль. Гады вучобы М. Багдановіча ў гімназіі», «Яраслаўль. Апошняя вясна М. Багдановіча ў ліцэі».
Усе прысутныя засталіся вельмі задаволеныя, бо даведаліся шмат новага і цікавага пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча. На небасхіле беларускай паэзіі неўміруча будзе ззяць зорка таленавітага паэта. Новыя пакаленні будуць захапляцца яго творчасцю і паўтараць:
Будзь жа, век малады,
Поўны светлымі днямі!
Пралятайце, гады,
Залатымі агнямі!
Хрысціна ЖУКАВА, навуковы супрацоўнік мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева.