З нагоды Міжнароднага дня музеяў, які адзначаецца ў гэтыя майскія дні, наш карэспандэнт сустрэўся з дырэктарам Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамарай БАЛЬБОТ і папрасіў яе расказаць аб самым цікавым:
– Адразу хачу заўважыць, што адной з адметных экспазіцый у нас з’яўляецца сучасны брэнд Беларусі – слуцкі пояс. За час экспанавання яго ў нашым музеі прайшло 17 экскурсій, людзі прыходзілі і паасобку, усяго слуцкі пояс убачыла каля 500 наведвальнікаў. Пагадзіцеся, што кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што стварылі талент і працавітасць бацькоў, продкаў, што выяўляе нацыянальнае аблічча народа, яго думку, памкненні, наогул, усё тое, што кожнае пакаленне павінна шанаваць і памнажаць. Таму мы, супрацоўнікі Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея, і ставім сваёй мэтай адраджэнне беларускай народнай спадчыны і гісторыі раёна, прыкладваем усе намаганні на збор, навуковую апрацоўку, захаванне і аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей Крупшчыны.
– Тамара Уладзіміраўна, давайце нагадаем нашым чытачам аб тым, калі пачаў дзейнічаць музей?
– Крупскі гісторыка-краязнаўчы музей быў адкрыты 30 чэрвеня 2004 года, а заснаваны 26 мая 1995 года. У год адкрыцця музейны фонд налічваў каля 5 тысяч экспанатаў, сёння ж – 11 500. Цяпер у нас сабраны 33 калекцыі. Гэта экспанаты часоў ледніковага перыяду, археалагічныя знаходкі каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Дарэчы, зусім нядаўна археалагічная калекцыя папоўнілася амулетамі, падвескай з арнаментам, грузікамі, знойдзенымі падчас раскопак вострава Выспа, што на возеры Сялява. Вялікі матэрыял сабраны аб ваенных дзеяннях на тэрыторыі раёна ў 1941–1945 гадах, ёсць здымкі і звесткі аб героях вайны і працы, заслужаных дзеячах навукі і культуры, аб воінах-афганцах. І зноў жа варта адзначыць, што апошнім часам гэта экспазіцыя папоўнілася дакументамі нашых землякоў. Многіх наведвальнікаў цікавяць старыя кнігі, дакументы, фотаздымкі, нагрудныя знакі і медалі, паштоўкі мінулых часоў, папяровыя грошы. Сёння мы маем магчымасць правесці наведвальнікаў сцежкамі нашых дзядоў, нашай старажытнай мінуўшчыны, пазнаёміць з побытам продкаў, якія ў кожную зробленую рэч укладвалі і вялікае ўмельства, і вялікую любоў.
– Каб дакрануцца да мінулага, у музей прыходзяць людзі розных узростаў, прафесій, з розных куткоў краіны. У Кнізе водгукаў – нямала падзяк за цікавыя выставы і экскурсіі, за адкрыццё новых старонак гісторыі вайны, за ўшанаванне ветэранаў і за вялікую работу па патрыятычным выхаванні моладзі...
– Сапраўды, пагартаўшы Кнігу водгукаў, можна пераканацца, якая багатая геаграфія наведвальнікаў нашага музея: Беларусь і Германія, Расія і Францыя, Украіна і Італія... Калі ж гаварыць аб асобах, нельга не назваць прозвішча нашага земляка, двойчы Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Кавалёнка, паэта-песенніка Івана Цітаўца, заслужанага майстра спорту, чэмпіёна Алімпійскіх гульняў па веласпорту ў 1976 годзе, чэмпіёна свету і трохразовага сярэбранага прызёра чэмпіянатаў свету Уладзіміра Камінскага, заслужанага трэнера СССР і БССР па веласпорту Леаніда Корбута, галоўнага рэдактара выдавецтва «Чатыры чвэрці», лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Ліліяны Анцух і многіх іншых. Усім нам прыемна чытаць такія радкі: «Ваш музей – сэрца вашага горада і раёна. У ім – уся гісторыя і ўсе вытокі...», «Вы захоўваеце сваё мінулае, прасякнутае пачуццём высокага патрыятызму, а гэта значыць, што ў вас ёсць цудоўнае будучае, ёсць будучае ў маладога пакалення», «Вялікі дзякуй за такі цікавы музей! Мы ў вас не першы раз, і заўсёды музей радуе экспанатамі. Абавязкова прыедзем яшчэ»...
– А што вы прапануеце крупчанам з нагоды свайго прафесійнага свята?
– 18 мая Крупскі гісторыка-краязнаўчы музей і мастацкая галерэя імя Барыса Аракчэева запрашаюць на дзень адчыненых дзвярэй. Падкрэслю яшчэ раз, што ў музеі таксама можна ўбачыць унікальны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – слуцкі пояс, наведаць фотавыставу «4383 дні дзяцінства» Міжнароднага конкурсу «Маленькімі ножкамі па вялікай планеце», а таксама пастаянныя экспазіцыі ў залах археалогіі, этнаграфіі, Вялікай Айчыннай вайны і сучаснай гісторыі. А ў мастацкай галерэі ёсць магчымасць пазнаёміцца з пастаяннай экспазіцыяй карцін беларускага мастака Барыса Аракчэева. Дарэчы, нядаўна ў галерэі выстаўлены новыя экспанаты – асабістыя рэчы мастака: эцюднік, палітра, пэндзлі.
– Напярэдадні Міжнароднага дня музеяў прыміце нашы шчырыя віншаванні і пажаданні.
Р.S. Супрацоўнікі Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея звяртаюцца да крупчан з наступнай просьбай: калі ў кагосьці захаваліся старадаўнія рэчы, тканыя або вышываныя вырабы, іншыя цікавыя прадметы побыту, прыносіць іх у музей. Усё гэта будзе выкарыстана для далейшых экспазіцый.