У абмеркаванні важных пытанняў падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства ўзялі ўдзел міністры інфармацыі і культуры, прадстаўнікі іншых зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў.
Свята беларускага пісьменства, якое пройдзе ў самым старажытным горадзе Беларусі, стане сапраўды важнай падзеяй культурнага жыцця ўсёй нашай краіны. У прыватнасці, плануецца, што яго будуць асвятляць больш за сто журналістаў айчынных і замежных сродкаў масавай інфармацыі. Сама праграма святкавання аб’яднае расказы пра нашу культуру, гісторыю, літаратуру, выдатных землякоў. Пройдзе фэст сярэдневечнай культуры «Рубон», запланаваны таксама ўжо традыцыйны «круглы стол» літаратараў, у якім прымуць удзел прадстаўнікі 15 краін свету. Адбудзецца фінал конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», фінальныя мерапрыемствы навукова-асветнай экспедыцыі «Дарога да святыняў». Адной з галоўных пляцовак стане Музей беларускага кнігадрукавання. Тут пройдзе адразу некалькі выстаў: будуць прадстаўлены манеты ад Нацыянальнага банка, Псалтыры з усёй Беларусі, старадрукаваныя выданні.
Важнай пляцоўкай Дня беларускага пісьменства стане і старажытны Сафійскі сабор, дзе будуць праходзіць канцэрты. Плануецца таксама прэзентацыя выставы-пленэру «Полацк у гравюрах сучасных мастакоў».



На чарговым пасяджэнні Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята, якое адбылося ў Полацку, адзначалася, што яно распачнецца мастацка-гістарычным дзействам «Беларускі шлях», а таксама стане часткай урачыстага адкрыцця і пройдзе пад знакам дзвюх важных дат – 1155-годдзя Полацка і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Пасяджэнне праходзіла пад старшынствам намесніка прэм’ер-міністра Васіля Жарко.