Шаснаццаць відэаролікаў змешчаны на афіцыйным сайце Выдавецкага дома. Давайце ўзгадаем добра вядомыя нам са школы словы. Са старабеларускай на сучасную беларускую мову іх пераклаў вядомы паэт і перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Разанаў.
Як звяры, што блукаюць у пушчы,
ад нараджэння ведаюць сховы свае,
як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае,
як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае
і як пчолы бароняць вуллі свае – гэтак і людзі
да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе,
вялікую ласку маюць.
Гэтыя вядомыя і блізкія кожнаму беларусу радкі гучаць на іншых мовах. Іх чытаюць студэнты, выкладчыкі, перакладчыкі, навукоўцы. Людзі, якія з’яўляюцца носьбітамі мовы. Вельмі цікава прадуманы касцюмы, і ўвогуле самі вобразы чытальнікаў. Яскрава адчуваецца адметнасць кожнай нацыянальнасці – у напеўнасці мовы, у голасе, манеры гаварыць, у кожным поглядзе. Але аб’ядноўвае іх тое, што словы нашага асветніка сталі блізкія для гэтых людзей, таму вымаўляюць іх з асаблівым пачуццём, і гэта кранае.
Відэаролікі могуць паглядзець праз інтэрнэт людзі ў розных краінах. Паглядзець і адчуць тое, да чаго заклікаў славуты беларус. Такім чынам ён і праз гады стараннямі нашых сучаснікаў аб’ядноўвае людзей свету праз галоўнае – асэнсавання слоў беларускага першадрукара, выказаных душой і сэрцам амаль 5 стагоддзяў таму.
Давайце нагадаем, што «Юдзіф» – адна з кніг Бібліі, выдадзеная Скарынам у Празе ў 1519 годзе. На тытульным лісце змешчана гравюра і пашыраная назва кнігі («Зуполъне выложены на руский языкъ докъторомъ Франциском Скориною изъ славнаго града Полоцька напредъ Богу ко чти и людемъ посполитым к научению»), а на адвароце як раз тая самая прадмова, у якой Скарына коратка выкладае гісторыю Асірыйскай, Вавілонскай і Персідскай дзяржаў, а таксама абставіны патрыятычнага ўчынку Юдзіфі. Ён aкцэнтye ўвaгy чытaчa нa гepaiчным yчынкy Юдзiфi ў iмя cвaйгo нapoдa. У чac acaды poднaгa гopaдa янa пpaнiклa ў cтaн вopaгa, зaкaxaлa ў cябe вoeнaчaльнiкa Алaфepнa i, cкapыcтaўшы мoмaнт, aдceклa ямy гaлaвy. У кaнцы пepaкaзy Скapынa робіць фiлacoфcкaе aбaгyльнeнне, якое aфapыcтычнa выяўлeнa ў тых радках, што мы прывялі. Ён выказвае свае думкi пра патрыятычны абавязак кожнага чалавека перад сваiм народам, вернасць радзiме, пра бескарыслiвае служэнне грамадскаму дабру, пра глыбокую прывязанасць чалавека да зямлi, на якой ён нарадзiўся.
Даследчыкі, у тым ліку і аўтары відэапраекта, пра які мы распавядаем, упэўнены, што гэтая прадмова мае ўніверсальны, агульначалавечы змест, а таму, у ідэале, мусіць быць прадстаўлена на ўсіх мовах свету. І людзі гэта зрабілі. У 2014 годзе ў Выдавецкiм доме «Звязда» выйшла ў свет кніга «Францыск Скарына на мовах народаў свету». Першапачаткова духоўны запавет для ўсёй чалавечай супольнасці там падаецца на 64 мовах свету. Некаторыя мовы прадстаўлены некалькімі перакладамі: напрыклад, руская – трыма, крымска-татарская – двума, нямецкая – трыма, сербская – трыма, удмурцкая – двума. Затым было другое выданне. Рыхтуецца трэцяе, дзе прадмову можна будзе пачытаць на 100 мовах, што істотна пашырыць геаграфію ўспрыняцця спадчыны асветніка. Мяркуецца, што яно ўбачыць свет напярэдадні святкавання юбілею – 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Кніга мае багаты ілюстрацыйны матэрыял, там прадстаўлены гравюры Францыска Скарыны, а напрыканцы – выявы тытульных лістоў скарынаўскіх выданняў.
Вось такое ўнікальнае выданне і натхніла на стварэнне відэапраекта. Услухайцеся яшчэ раз у гэтыя словы, там – прастата, даходлівасць, лаканізм, насычанасць багатай інфармацыяй і вельмі вялікая эмацыянальнасць. Сярод тых, хто дакрануўся да творчасці асветніка, знакамітыя перакладчыкі Норберт Рандаў, Агагельды Аланазараў, Рыма Ханінава, Уладзімір Лучук, Гао Ман, Анатоль Клышка, Саідалі Мамур, Уладзімір Беразеў.
Творчай камандзе дапамагала ў здымках і кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Ролікі можна пабачыць на партале Выдавецкага дома «Звязда» http://zviazda.by. Паглядзіце, гэта цікава і кранальна!
Фото zviazda.by.