– Вёскі, як і людзі, маюць свой лёс, сваю гісторыю, – гаварыў падчас адкрыцця свята Аляксандр Толкач. – Сёння вёска Ваўкавыск налічвае 34 двары, 82 жыхары. На яе тэрыторыі размешчана Узнацкая сярэдняя школа, узводзяцца новыя дамы. А вось аб тым, як пачыналася гісторыя гэтай вёскі, усім нам раскажуць вядучыя.
...Паводле пісьмовых крыніц, Ваўкавыск вядомы з пачатку 19 стагоддзя. У Айчынную вайну 1812 года непадалёку ад вёскі рускія войскі Уластава і Гарне атакавалі французскае войска і разграмілі яго ар’ергард, у палон было ўзята 1 500 французаў. Пры адступленні французы часткова спалілі і разрабавалі вёску. У 1884 годзе слабада Ваўкавыск Бобрскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. Значную частку насельніцтва вёскі складалі стараверы. У 1897 годзе тут было 33 двары, 209 жыхароў, дзейнічалі малітоўны дом старавераў, царкоўна-прыходская школа. У 1909 годзе вёска – землеўладанне мяшчан, налічвала 18 двароў і 112 жыхароў. У 1912 годзе была адкрыта земская школа. У лютым-лістападзе 1918 года знаходзілася ў зоне акупацыі германскіх войск.
З 20 жніўня 1924 года вёска ў складзе Ігрушкаўскага сельсавета Крупскага раёна Барысаўскай, а з 9 чэрвеня 1927 года – Аршанскай акругі Мінскай вобласці. Паводле перапісу 1926 года, у вёсцы 37 двароў, 191 жыхар. У 1930-я гады арганізаваны калгас «Новы шлях». У 1941 годзе 26 двароў, 125 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну з 1.7.1941 да 28.6.1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі 8 мірных жыхароў. На франтах загінулі 10 чалавек.
– Не дажылі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны да нашых дзён, але памяць пра іх подзвіг навечна застанецца ў нашых сэрцах, – гаварылі вядучыя. І памяць загінуўшых была ўшанавана хвілінай маўчання.
Цёплыя словы гучалі ў адрас сённяшніх працаўнікоў, а таксама многіх ветэранаў працы – Івана Палякова, Марыі Красняковай, Веры Егуновай, Фядоры і Цімафея Скавародкіных, Ганны Лабаноўскай, Ганны Шульга, Дзмітрыя Птушко, Паліны Паляковай, Ірыны Паташовай, Марыі Кавалеўскай, Матроны Баравік, Наталлі Шарапінай і многіх іншых. Асобна выказвалася падзяка Пятру Лабаноўскаму, які ўзнагароджаны медалём «За працоўную адзнаку».
Намеснік дырэктара ААТ «Старасельскае» Марыя Нікалаёнак расказала прысутным на свяце аб тым, чым жыве сёння ваўкавыская зямля, аб яе людзях, аб планах на будучае. А затым зноў гучалі імёны тых, хто сваёй працай праслаўляе старасельцаў. Гэта – Мікалай Шульга, Аляксандр Лабаноўскі, Васіль Піскуноў, Валерый Балачкін, Віталь Корсак, Генадзь Шарапін, Іван Палякоў, Юрый Макараў і іншыя.
На свяце называліся і прозвішчы тых людзей, якія працуюць у іншых сферах народнай гаспадаркі, жывуць у Ваўкавыску, хварэюць душой за яго жыхароў. Гэта загадчыца Узнацкага фельчарска-акушэрскага пункта Наталля Макарава, дырэктар Узнацкай СШ, дэпутат Ігрушкаўскага сельсавета па Ваўкавыскай выбарчай акрузе Валянціна Пліско, загадчыца Узнацкай бібліятэкі-клуба Ганна Макарава.
Са святам вёскі Ваўкавыск віншавалі доўгажыхароў, якія практычна з дня заснавання сельсавета жылі яго жыццём. На тэрыторыі сельсавета 114 доўгажыхароў, якім споўнілася 80 і больш гадоў. І шэсць з іх жывуць у вёсцы Ваўкавыск. Тут жа прагучалі прозвішчы доўгажыхароў: Марыі Красняковай, Веры Егуновай, Івана Палякова, Наталлі Шарапінай, Матроны Баравік. А самы старэйшы з іх – Пракофій Краснякоў, яму ў красавіку бягучага года споўнілася 83 гады.
Варта адзначыць, што падарункі ўручаліся не толькі ветэранам працы, доўгажыхарам, а і маладым сем’ям. Для ўзнагароджання на імправізаваную сцэну запрашалася Алена Піскунова, якую віншавалі з нараджэннем дачкі Кацюшы – самага юнага жыхара вёскі. Віншаванні гучалі ў гэты дзень у адрас Івана і Паліны Паляковых, якія адзначылі ў бягучым годзе 55-годдзе сумеснага жыцця. Юбілейныя даты сёлета ва Уладзіміра Лабаноўскага, Дзмітрыя Птушко, Ганны Макаравай і Аліцыі Бялятка.
Затым называліся прозвішчы тых жанчын, якія нарадзілі і вырасцілі траіх і больш дзяцей. Гэта – Ганна Лабаноўская, Марыя Кавалеўская, Наталля Шарапіна, Матрона Баравік, Фядора Скавародкіна, Ганна Лабаноўская, Марыя Шарапіна, Алена Паташова.
Пажаданні дастатку, шчасця і ўдачы прымалі мнагадзетныя сем’і Шульга, Піскуновых і Ермачэнка. Усе атрымлівалі ў падарунак музычныя нумары, сувеніры, падарункі.
Да месца адзначыць, што правядзенню свята папярэднічаў рад мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні вёскі: на мясцовых могілках былі спілаваны старыя дрэвы, высечаны кусты і дробныя парасткі, скошана пустазелле, заменены помнік воінам-парашутыстам, загінуўшым у 1941 годзе, і воінам 5-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі, якія загінулі ў чэрвені 1944 года ля вёскі Гута. Самі вяскоўцы падрамантавалі агароджу, упрыгожылі свае падворкі вазонамі з петуніямі і іншымі кветкамі.
Вялікую падзяку кіраўніцтва сельвыканкама выказвае творчаму калектыву «Ляночак», а таксама ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці Ігрушкаўскага і Каменскага клубаў-бібліятэк, якія падрыхтавалі цікавую канцэртную праграму. І напрыканцы адзначым, што Ігрушкаўскі сельвыканкам першым прадоўжыў пачын правядзення штогадовых святаў вёсак.