Узнагароджаны ордэнам і медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», шматлікімі Ганаровымі граматамі. З’яўляецца ганаровым прафесарам Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэта.
Напярэдадні выхадных адпраўляюся ў Мінск на сустрэчу са знакамітым земляком. Васіль Старычонак – на чарговай нарадзе. Ёсць час дакладней падрыхтавацца да цікавай размовы.
– Прабачце, калі ласка, за вымушанае чаканне, – раптам чую ветлівы голас Васіля Дзянісавіча. Ён запрашае ў свой кабінет. – Вельмі напружаны тыдзень выдаўся. Літаральна днямі ўдзельнічаў у II З'ездзе навукоўцаў Беларусі. Дарэчы, у ім прымалі ўдзел больш чым дзве з паловай тысячы чалавек. У тым ліку замежныя госці – вядомыя навукоўцы Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў. Правядзенне з'езда – выніковае мерапрыемства Года навукі. У пленарным пасяджэнні прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сёння вось чарговая рабочая нарада адбылася.
Хуткія гаспадарскія клопаты. Вось ужо і чайнік закіпае. У паветры – пах толькі што нарэзанага лімона і духмянай кавы. Пачынаем нашу размову.
Дэкану філалагічнага факультэта БДПУ, доктару філалагічных навук, прафесару Васілю Старычонку прадастаўлены грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне навукі на 2017 год. Мэтавая грашовая датацыя накіравана на падтрымку таленавітага спецыяліста. Калі быць дакладным, Васіль Старычонак атрымаў грант на ўсталяванне найбольш частотных і прадуктыўных мадэляў семантычнай дэрывацыі, распрацоўку інавацыйнай метадалогіі класіфікацыі другасных намінацый беларускай мовы, стварэнне першага ў лексікаграфіі слоўніка другасных антропамарфічных намінацый, што дасць магчымасць выявіць новыя заканамернасці функцыянавання беларускай мовы, яе нацыянальную спецыфіку, механізмы ўзаемадзеяння ментальных і моўных структур. А таксама павысіць якасць выкладання сучасных беларускай і рускай моў ва ўмовах глабалізацыйных і інтэграцыйных працэсаў, міжкультурных камунікацый, якія сёння развіваюцца.
ЖЫЦЦЁВАЯ сцяжынка Васіля Старычонка пачынаецца з маленькай вёсачкі Луцішча, што на Крупшчыне. Менавіта ў гэтай маляўнічай мясцовасці праявілася ў яго любоў да роднага слова, да літаратуры. Каштоўныя чалавечыя якасці, такія, як спагада, працавітасць, добразычлівасць – вынік выхавання ў вялікай дружнай сям’і, у якой было сямёра дзяцей.
– Памятаю, класе ў дзявятым, лежачы на печы, доўгімі зімовымі вечарамі пісаў нататкі ў раённую газету «Ленінскім курсам», – расказвае Васіль Дзянісавіч. – Пра землякоў, пра розныя школьныя мерапрыемствы і пра многае-многае іншае. Цэлых два гады быў пазаштатным карэспандэнтам раёнкі. Нават ганарар атрымліваў! Ужо тады мне казалі: «Старычонак, паступай на філфак БДУ!» Што я паспяхова і зрабіў.
У студэнцкія гады Васіль праявіў сябе як удумлівы, улюбёны ў філалагічныя навукі студэнт. Актыўна ўдзельнічаў у маладзёжным руху, усе пяць гадоў з’яўляўся старастам групы.
– Гэтага тытула мяне ўдастоілі, бо ў маёй характарыстыкі было напісана: «Вельмі актыўны», – усміхаецца Васіль Дзянісавіч. – А яшчэ я адказваў за арганізацыю будаўнічых атрадаў у Малдавію, тры гады выязджаў у далёкі Слабадзейскі раён Малдавіі ў якасці камандзіра летняга будатрада «Мара». Наогул, вучоба ва ўніверсітэце мне падабалася. Наш курс быў у сваім родзе цікавы – аж 30 хлопцаў-філолагаў! Разам са мной вучыліся Мікола Мятліцкі, Алесь Жыгуноў – знакамітыя зараз беларускія паэты… Нейкі час я хадзіў у танцавальны гурток «Крыжачок». Потым – спрабаваў сябе ў тэатральным майстэрстве. Але ж ні танцора, ні артыста з мяне так і не атрымалася. А вось вучыўся толькі на выдатна. Праўда, пра навуку ў той час нават і не думаў.
Пасля закончэння з адзнакай БДУ Васіля Старычонка размеркавалі ў адну з мінскіх школ. Але ж атрымалася ўсё інакш: з верасня ён пачаў працаваць ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі.
– Так я назаўсёды звязаў свой лёс з яе «высокасцю» навукай, – працягвае Васіль Дзянісавіч. – Напісаў і абараніў дысертацыю. Праз пэўны час мяне запрасілі працаваць у педінстытут. Пачынаў дацэнтам, потым стаў прафесарам. З 2001 года – дэкан філфака. І ўвесь час займаюся навукай.
КОЛА навуковай дзейнасці Васіля Старычонка даволі шырокае. Гэта дыялекталогія, лексікалогія, лексікаграфія, міжмоўныя кантакты, полісемія, семантыка, культура маўлення і іншыя аспекты мовазнаўчай навукі. Пачынаў Васіль Дзянісавіч як дыялектолаг, ён глыбока адчувае колеры жывога і гаваркога слова. Працуючы ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, летнімі месяцамі амаль штогод выязджаў у дыялекталагічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі і пагранічныя раёны Латвіі і Літвы.
– Мае першыя навуковыя працы ўяўлялі сабой тэматычныя і рэгіянальныя падборкі дыялектных слоў, змешчаных у навуковых зборніках «Жывое слова», «Народная словатворчасць», – гаворыць Васіль Дзянісавіч. – Па дыялектнай лексіцы ў 1980 годзе я абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Васіль Старычонак з’яўляецца суаўтарам дзвюх фундаментальных акадэмічных прац: пяцітомнага «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» і таксама пяцітомнага «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак».
– Дарэчы, ён быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь у галіне навукі, – дадае Васіль Дзянісавіч.
ШМАТЛІКІЯ артыкулы ў часопісах «Вопросы языкознания», «Филологические науки», «Studia z filologii polskiej i słowiańskiej», «Baltistica», мноства зборнікаў навуковых прац. Вынікамі навуковай дзейнасці з’явіліся першы ў беларускай лінгвістычнай навуцы «Слоўнiк амонiмаў беларускай мовы» і манаграфія «Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў)». Асноўныя палажэнні манаграфіі былі выкладзены ў якасці доктарскай дысертацыі, якую Васіль Старычонак з поспехам абараніў у 1998 годзе.
– У 90-я гады я выкладаў беларускую літаратуру на падрыхтоўчых курсах розных ВНУ горада Мінска, – працягвае Васіль Дзянісавіч. – І часта задумваўся, як дапамагчы юнакам і дзяўчатам здаць станоўча экзамен, паказаць магчымыя шляхі вывучэння экзаменацыйных пытанняў, застрахаваць ад традыцыйных памылак, пазбегнуць літаратурных «рыфаў». На жаль, гэтыя і многія іншыя пытанні тады заставаліся без адказаў нават у той невялікай колькасці кніг па беларускай літаратуры, адрасаваных менавіта абітурыентам.
– І як выйсце з таго складанага становішча можна лічыць вашы першыя публікацыі па гэтай тэме, – падрымліваю гутарку. – Гэта тры выпускі метадычных парад і рэкамендацый абітурыентам, якія выйшлі асобнай кніжкай пад назвай «Беларуская літаратура: Дапаможнік для абітурыентаў».
– Лёс гэтай кнігі быў шчаслівы, – згаджаецца Васіль Дзянісавіч. – З рознымі дапаўненнямі і ўдакладненнямі яна перавыдавалася больш за 10 разоў. Сёння яе асноўныя палажэнні ведаюць практычна ўсе школьнікі і настаўнікі беларускай літаратуры.
– І таму можна смела сказаць, што задача, пастаўленая вамі ў пачатку 90-х гадоў, паспяхова вырашана.
– Спадзяюся: так яно і ёсць…
СВОЕАСАБЛІВЫМ абагульненнем прац па беларускай літаратуры, вынікам шматлікіх пошукаў вырашэння метадычных задач можна лічыць кнігу-даведнік «Беларуская літаратура: ад А да Я». Гэта першае ў беларускім літаратуразнаўстве энцыклапедычнае выданне, дзе Васіль Старычонак поўна і ўсебакова адлюстраваў матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры, зместу твораў мастацкай літаратуры, літаратурных жанрах, мастацкіх метадах, стылях, эпохах, літаратуразнаўчых тэрмінах, жыццёваму і творчаму шляху многіх пісьменнікаў.
Адна за другой у свет выходзілі кнігі Васіля Старычонка па беларускай літаратуры. Паралельна ён актыўна працаваў над метадычнымі рэкамендацыямі па напісанні сачыненняў.
– У адносінах да гэтага жанру славеснай творчасці заўсёды выказваюцца розныя прапановы, – гаворыць Васіль Дзянісавіч. – У свой час уступны экзамен быў у выглядзе сачынення, што на самой справе цяжкае і складанае выпрабаванне. Сёння абітурыенты здаюць ЦТ. У школе ж вучні па-ранейшаму пішуць сачыненні. Вось такая работа, дзе правяраюцца не толькі граматнасць, пісьменнасць, але і ўзровень эстэтычнага і духоўнага развіцця вучня, яго ўменне лагічна, паслядоўна, эмацыянальна і стылістычна правільна выказваць уласныя думкі, разуменне ідэйнага зместу твора, літаратурнага працэсу, тэорыі літаратуры і многае іншае.
– І згадзіцеся, што выканаць усе гэтыя патрабаванні школьнікам даволі цяжка.
– Безумоўна. Каб дапамагчы ім у вырашэнні такой складанай задачы і была задумана серыя дапаможнікаў: «Ах сачыненні, сачыненні...», «Як правільна пісаць сачыненні па беларускай літаратуры», «55 сачыненняў па беларускай літаратуры», «50 новых сачыненняў па беларускай літаратуры», «100 сачыненняў па беларускай літаратуры», «150 сачыненняў па беларускай літаратуры», «155 сачыненняў па беларускай літаратуры».
Гучны званок тэлефона – паўза ў нашай размове. Пасля чаго Васіль Дзянісавіч зноў працягвае разважаць:
– Родную мову трэба любіць. І гэта пачуццё павінна зыходзіць ад настаўніка, выкладчыка. Патрабаваць можа кожны. А вось па-сапраўднаму зацікавіць – справа даволі складаная. Я заўсёды кажу і настаўнікам, і выкладчыкам: «Вы павінны быць узорам ва ўсім: дасканала ведаць і любіць беларускую мову, валодаць камп’ютарнымі тэхналогіямі, быць сапраўдным аўтарытэтам для вучняў і студэнтаў, ад вас павінны адыходзіць спагадлівасць і чуласць. Навучыцеся дараваць памылкі і недапрацоўкі, паважаць меркаванне вучняў. Толькі ў гэтым выпадку вы выклікаеце ў маладога пакалення цікавасць да жывога роднага слова». Што датычыцца асабіста мяне, то адна палова маіх работ на рускай мове, другая – на беларускай. У навуцы я, вядома, беларусазнаўца. На рускай мове размаўляю, безумоўна. А беларускай мовай я жыву…
Васіль Старычонак выступае ў друку з 1977 года. З’яўляецца аўтарам звыш 300 навукова-метадычных прац. Займаецца падрыхтоўкай вучэбна-метадычных дапаможнікаў па філалагічных дысцыплінах для студэнтаў і вучняў. Сярод якіх «Лінгвістычныя аналізы», «Беларуская мова ад А да Я», «Беларуская мова: Узоры моўнага аналізу. Трэніровачныя заданні. Тэсты». У 2015 годзе апублікаваны першы ў беларускай лексікаграфічнай практыцы «Беларуска-азербайджанскі слоўнік». Як дэкан факультэта рускай філалогіі ён надае вялікае значэнне выкладанню рускай мовы і літаратуры ва ўмовах беларуска-рускага білінгвізму, стварэнню інавацыйных дапаможнікаў па рускай мове, даведачных выданняў па праблемах культуры вуснага і пісьмовага маўлення. З’яўляецца суаўтарам трох частак кніг «Современный русский язык», дапаможніка «Основы фонологии», навуковым рэдактарам вучэбнага дапаможніка «Современный русский язык», аўтарам дапаможніка «Русский язык: Лингвистические анализы», слоўніка-даведніка «Русский язык. Школьный словарь-справочник», «Большой лингвистический словарь» і іншых дапаможнікаў па рускай мове.
– Наколькі мне вядома, ў Кітаі будуць вывучаць рускую мову па кнізе беларускага аўтара? – цікаўлюся я.
– Інфармацыя, сапраўды, правільная, – з усмешкай дадае Васіль Дзянісавіч. – Мае кнігі «Деловое общение и речевая культура современного преподавателя», «Современный русский литературный язык» апублікаваны на кітайскай мове.
Акрамя таго, Васіль Старычонак вядзе вялікую грамадскую работу. З’яўляецца старшынёй Аб’яднанага навуковага семінара па філалагічных навуках, атэстацыйнай камісіі аспірантаў БДПУ, уваходзіць у склад спецыялізаваных саветаў па абароне доктарскіх дысертацый БДУ і МДЛУ. Ён – арганізатар правядзення многіх міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, член рэдакцыйнай калегіі часопісаў «Весткі БДПУ», «Вучоныя запіскі», «Роднае слова», «Русистика в Беларуси», «Кем быть?», «Kalba ir kontekstai» і іншых.
Васіль Старычонак увесь час рухаецца наперад, усё сваё жыццё нечаму вучыцца і сапраўды ўмее перадаваць свой вопыт іншым. Сёння ён поўны новых планаў і задум:
– У гэтым годзе выйшаў у свет мой трохтомнік «Мнагазначнасць слова ў беларускай мове». Зараз хачу ўзяцца за нераспрацаваную ў беларускай навуке тэму – дзеясловы. Думаю гады за два напісаць манаграфію.
З гэтай нагоды Васіль Дзянісавіч расказаў амаль анекдатычную гісторыю, якая адбылася з іракскім аспірантам:
– Для дысертацыі ён якраз такі і выбраў тэму «Дзеясловы». Але ж ніяк не мог, небарака, зразумець: якім такім крокам ідуць часы і як хутка час бяжыць… Прыйшлося выбіраць іншую тэму.
У Васіля Старычонка самая што ні на ёсць сапраўдная сям’я навукоўцаў. Жонка – таксама філолаг. Выкладае замежную мову ў БДУ. А вось сын працуе разам з бацькам. Ён – старшы дацэнт на гістарычным факультэце, кандыдат гістарычных навук. У галіне гэтай жа навукі праяўляе сябе і нявестка.
Карыстаючыся выпадкам, Васіль Старычонак пажадаў шаноўным землякам-крупчанам моцнага здароўя, поспехаў, здзяйснення самых запаветных жаданняў. Настаўнікам – таленавітых і ўдзячных вучняў, новых навуковых адкрыццяў.