krupki.by

ru RU be BE en EN

На Крупшчыне прайшло выязное пасяджэнне савета ветэранаў-педагогаў



На Крупшчыне прайшло выязное пасяджэнне савета ветэранаў-педагогаў

Автор / Общество / Пятніца, 08 Чэрвень 2018 16:05 / Просмотров: 1672

На Крупшчыне прайшло выязное пасяджэнне савета ветэранаў працы сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза імя Яўгена Валністага пры Мінскім абласным камітэце Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Пасля сустрэчы ўдзельнікаў мерапрыемства ў Мінску ў абкаме галіновага прафсаюза ўсе паехалі на магілу былога старшыні савета ветэранаў працы Яўгена Валністага, каб ускласці кветкі.

На мяжы Крупскага раёна дэлегацыю цёпла і сардэчна сустракалі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Па дарозе да помніка Герою Савецкага Саюза Васілю Чабатарову намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 3 г. Крупкі Таццяна Канавалёнак расказала пра багатую і слаўную гісторыю нашага раёна.

Вялікае ўражанне на ўсіх прысутных аказаў мемарыяльны комплекс і аповяд настаўніцы рускай мовы і літаратуры Бобрскай СШ Людмілы Ерамянок пра стварэнне гэтага мемарыялу, пра вызваленне гарадскога пасёлка Бобр ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пра подзвіг, здзейснены Васілём Чабатаровым 27 чэрвеня 1944 года. Людміла Пятроўна расказвала, каб захапіць пераправу цераз раку Бобр, оперупаўнаважаны аддзела контрразведкі «Смерш» танкавай брыгады Васіль Чабатароў разам з батальёнам прарваўся ў тыл праціўніка, знішчыў 10 гітлераўцаў і ўзяў у палон фашысцкага афіцэра. Пры дастаўцы палоннага ў часць ён натрапіў на фашыстаў, якія яго цяжка паранілі і закатавалі.

На мемарыяле можна было пазнаёміцца з імправізаванай выставай асабліва каштоўных дакументаў з музея Бобрскай сярэдняй школы. Эмацыянальны расказ Людмілы Ерамянок нікога не пакінуў раўнадушным. Педагогі-ветэраны дзяліліся адзін з адным уражаннямі, гаварылі аб памятных мясцінах сваіх раёнаў, дзякавалі за такую цікавую і пазнавальную экскурсію.

Хлебам-соллю сустракалі гасцей Крупшчыны дырэктар і вучні Ігрушкаўскай сярэдняй школы. Уразіў усіх гісторыка-краязнаўчы музей, створаны тут яшчэ ў 1987 годзе. У кожным з залаў прысутныя ўважліва слухалі экскурсаводаў. Вялікае месца ў музеі займаюць раздзелы археалогіі, этнаграфічны, гісторыі школы, вёскі, гаспадаркі, краю. Галоўны раздзел – гісторыя Вялікай Айчыннай вайны. У ім значнае месца адведзена матэрыялам пра 3-ці гвардзейскі кавалерыйскі корпус, які ў 1944 годзе вызваляў Крупскі раён. Экспануюцца таксама матэрыялы пра воінаў-афганцаў – выпускнікоў школы. У карціннай галерэі музея дэманструюцца карціны мясцовага мастака Аляксея Гаміна.

Вялікую зацікаўленасць выклікаў і канцэрт мастацкай самадзейнасці, паказаны вучнямі мясцовай школы. Усе засталіся ў захапленні ад іх артыстычнасці, вобразнасці, непасрэднасці, умення валодаць беларускай сакавітай мовай.

– Сённяшняя сустрэча з гісторыяй, з настаўнікамі, якія вучаць дзяцей цікавіцца родным краем, захоўваць спадчыну, любіць сваю малую радзіму, ва ўсіх нас выклікала задаволенасць і здзіўленасць. Не губляйце гэтага цудоўнага пачуцця, беражыце яго і ў далейшым перадавайце сваім дзецям, – выказаў меркаванне ўсіх прысутных старшыня абласнога савета ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху Вікенцій Іванчын.

Адкрываючы плянарнае пасяджэнне, старшыня абласнога камітэта галіновага прафсаюза Мікалай Башко вітаў усіх, хто адклікнуўся на запрашэнне наведаць Крупшчыну.

– Раз у год мы стараемся выязджаць у іншыя раёны, каб сустрэцца і абмеркаваць самыя розныя пытанні, – адзначыў Мікалай Мікалаевіч. – У апошні час імкнемся больш увагі ўдзяляць рабоце з моладдзю, бо, як гаворыцца, за імі – будучае, за намі – сённяшняе. Усе выказаныя падчас сустрэчы прапановы будзем разглядваць і рэалізаваць. Галоўнае, каб ніхто з настаўнікаў-пенсіянераў не быў забыты. Вы – сіла, масавая сіла і павінны ведаць кожнага чалавека, які стаіць у вас на ўліку, у твар, цікавіцца яго жыццём, па магчымасці сустракацца.

У сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вараб’ёў заўважыў:

– Асабіста я рады вітаць вас на крупскай зямлі. Хаця наша зямля і не такая ўраджайная, як, да прыкладу, нясвіжская, але тыя, хто працуюць на ёй, бяруць душой. Раён славіцца гасціннымі і працавітымі людзьмі, унікальнай прыродай і самабытнай гісторыяй. У яго вельмі багатае мінулае, актыўнае цяперашняе і вялікае будучае.

Андрэй Віктаравіч расказаў пра гісторыю стварэння горада, пра герб і пра тое, што адлюстравана на ім, пра баі, што вяліся на тэрыторыі раёна. Асаблівая ўвага ў выступленні была звернута на патрыятычнае выхаванне школьнікаў. У прыватнасці, прысутныя ўважліва слухалі пра ваенна-патрыятычны клуб «Рубеж», у якім зараз 300 хлопчыкаў і дзяўчынак, пра давер да яго з боку бацькоў. Інтарэс у гасцей выклікала і такая форма патрыятычнага выхавання, як уручэнне прызыўнікам павестак і наручных гадзіннікаў ад імя старшыні раённага выканаўчага камітэта.

– Візітнай карткай Крупшчыны, як вядома, з’яўляецца возера Сялява, – працягваў Андрэй Вараб’ёў. – У летнія выхадныя дні сюды прыязджаюць адпачываць з розных куткоў Беларусі, і не толькі, да 8 тысяч чалавек. На зонах адпачынку створаны ўсе ўмовы для таго, каб адпачынак прынёс сапраўднае задавальненне. Карыстаючыся выпадкам, запрашаю і вас наведаць нашу Сяляву.

Аб рэаліях і перспектывах рэгіянальнай сістэмы адукацыі расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідзія Бачышчава. Яна прааналізавала работу ўстаноў адукацыі раёна, адзначыўшы, што асноўнай задачай з’яўляецца стварэнне роўных умоў для гарадскіх і сельскіх школьнікаў, умоў для абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы і якасць адукацыі. У школах раёна працуюць 535 педагогаў, з іх 5 выдатнікаў адукацыі. У розных конкурсах толькі ў мінулым годзе настаўнікі сталі намінантамі. Адзначалася таксама, што і аддзел адукацыі, спорту і турызму, прафкам работнікаў адукацыі і навукі заўсёды ідуць насустрач раённаму савету ветэранаў-педагогаў, ахвотна адклікаюцца на яго прапановы і пажаданні.

Вопытам работы раённага савета ветэранаў-педагогаў падзялілася яго старшыня Валянціна Скваркоўская, якая расказала пра новыя формы работы з ветэранамі педагагічнай працы. Гэта, у прыватнасці, праект «Сустрэчы для душы», ушаноўванне педагогаў-ветэранаў з юбілейнымі датамі і асвятленне іх вопыту на старонках перыядычных выданняў, падарожжы па малой радзіме, удзел у акцыях, конкурсах, аглядах.

– Хачу зазначыць, што дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», калі працуючыя ветэраны ўносяць пэўныя грашовыя сродкі, на якія набываюцца падарункі дзецям-інвалідам, праходзіць толькі ў нашым раёне, – гаварыла Валянціна Іванаўна. – Мы наведваем сем’і, дзе дзеці з інваліднасцю вучацца на даму, і ўручаем ім пасылкі з надпісам «Часцінкі любячых сэрцаў педагогаў-ветэранаў». Напярэдадні Дня Перамогі ўжо чацвёрты год праводзіцца акцыя «Вечная дарога памяці», падчас якой пасылкі, кветкі, падарункі ўручаюцца ветэранам педагагічнай працы, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Дзейнічае ў нас і валанцёрскі атрад «Надзея». Разам з прадстаўнікамі раённых арганізацый РГА «Белая Русь» і «БРСМ» мы клапоцімся аб адзінокіх, імкнемся прынесці маленькую радасць, непасрэдна наведваючы іх або размаўляючы па тэлефоне. Дэвіз раённага савета ветэранаў-педагогаў: рабіць дабро – гэта не абавязак, гэта радасць.

Аб рабоце з ветэранамі-педагогамі гаварыла і старшыня ветэранскай арганізацыі Ігрушкаўскай школы Юлія Якаўлева.

Пры падвядзенні вынікаў старшыня абласнога савета ветэранаў педагагічнай працы Вікенцій Іванчын адзначыў сардэчнасць і добразычлівасць, што зыходзіла ад кожнага, хто прымаў іх.

– Мы ўвачавідкі пераканаліся ў тым, што тут арганізавана сумесная работа, што ўсе ад душы перажываюць за агульную справу, цікавяцца жыццём ветэранаў, – адзначыў Вікенцій Ігнатавіч. – Асабіста я проста ў захапленні ад убачанага і пачутага. Ад імя ўсіх, хто прыехаў у гэты дзень у Крупскі раён, яшчэ і яшчэ раз дзякую прымаючы бок за шчырасць і гасціннасць.

Напрыканцы ўсім членам абласнога савета втэранаў працы сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза ад крупчан былі ўручаны памятныя сувеніры.

  

 

 

 

 

 

 

Автор

Татьяна Толкачева

Татьяна Толкачева

Актуально

8 апреля пройдет "прямая линия" с председателем Крупской проф­союзной организации работников АПК

Во вторник, 8 апреля, с 8.00 до 9.00 состоится «прямая линия» с председателем Крупской проф­союзной организации работников АПК КОЗЕЛ Валентиной Анатольевной. Телефон 8-01796 27-7-26.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 4-12-21.

Please publish modules in offcanvas position.