krupki.by

ru RU be BE en EN

Гуканне вясны ў Хацюхова



Гуканне вясны ў Хацюхова

Автор / Общество / Серада, 25 Сакавік 2015 11:33 / Просмотров: 1928

У суботні дзень напярэдадні Саракоў з самай раніцы ў аграгарадку Хацюхова было шумна і весела. Праўда, моцны вецер крыху скарэктаваў планы, прымушаў пераносіць сталы з настаўленымі на іх прысмакамі з месца на месца, дзе было, па падказках вяскоўцаў, больш зацішней. І хаця дзяўчаткі і хлапчукі, якія выступалі на пагорку, крышачку і замерзлі, але іх святочны настрой, карагоды і гукі баяна натхнялі гледачоў, што таксама курчыліся ад холаду, ісці ў скокі.

 

У традыцыйным земляробчым календары свята Саракі адзначаецца 22 сакавіка і з’яўляецца адным з важных у сялянскім жыцці. Астранамічна яно звязана з днём веснавога раўнадзенства (на Саракі дзень з ноччу мераецца). А па народным павер’і ў гэты дзень на нашу зямлю вяртаюцца сорак птушыных выраяў. Здаўна лічылася, што птушкі нясуць на сваіх крылах не проста вясну – разам з імі вяртаюцца продкі, якіх сустракалі рытуальным печывам – «сарачанкамі». Таму амаль паўсюдна ў гэты дзень выпякалі «птушачак». І абавязкова выходзілі на пагоркі, вадзілі карагоды і спявалі вяснянкі – гукалі вясну.

Адразу варта заўважыць, што загадчыцай Хацюхоўскага сельскага клуба Марыя Гадлеўская працуе дзесьці паўгода, а свята «Гуканне вясны» стала яе своеасаблівай справаздачай перад жыхарамі аграгарадка. І, забягаючы наперад, зазначым, што намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Мельнік ужо пасля правядзення мерапрыемства паставіла ёй выдатную адзнаку.

...Свята пачалося. Усе сцішыліся, калі ў паветры зазвінела песня жаваранка. Многія адразу і не зразумелі, што гукі даносяцца не з неба. Тоненькі срэбны званочак разліваўся так мілагучна, што душа замірала. А з вуснаў Яся – галоўнага героя вясновага гукання – мы пачулі:

– Сябры, сябры, жаваранак прыляцеў. Мілая птушачка, яна ўжо вярнулася з далёкай старонкі. Выходзьце на двор слухаць першую песню вясны!

І на імправізаваную сцэну – на пагорак, што ў парку ля клуба, выходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі ў прыгожых нацыянальных касцюмах, іх дзеянне суправаджаецца песняй-вяснянкай:

Жавароначкі, прыляціце!

Вясну красную прынясіце!

А зімачку забярыце,

Бо зімачка надаела,

Усе хлебушкі пераела...

І вось пасля выканання многіх іншых песен яны падбягаюць да дрэва і вешаюць папяровых птушак, зробленых загадзя, на галінкі, падкідваюць іх высока, бо вышыня сімвалізуе набліжэнне да Бога-сонца, якому падуладна прывесці вясну і даць волю новым сілам зямлі.

Вядучыя Аня і Лёша, а таксама ўдзельнікі свята Люда, Наташа, Ліза, Оля, Коля адгадвалі загадкі, частавалі зямліцу-матухну зернем, клікалі да сябе вясну. І яна – Вясна (Іра) – з’явілася, прынесла з сабой «песні-песенкі, каб спявалі іх шчыра з году ў год, каб вадзілі карагод», успомніла, як яе раней сустракалі, як у розныя гульні гулялі... Уважліва праслухалі ўсе легенду пра тое, адкуль на Беларусі з’явіліся буслы, разам спявалі валачобныя песні, дэкламавалі вершы. А затым Вясна, хаця ёй і спадабалася тут, развіталася, бо трэба рухацца далей, будзіць расліны і жывёл, але паабяцала кожны год завітваць сюды.

Затым за карагодамі чарадаваліся забавы, абрадавыя дзеянні, дзіцячыя гульні, загадванне і адгадванне загадак і зноў спеўныя карагоды. Для прысутных спявалі таксама маці і дачка Ганна Мікалаеўна і Альбіна Пётух з Ваўкавыска, якія пажадалі прыехаць у Хацюхова на Саракі. Акампанаваў ім мясцовы жыхар Мікалай Кляшчонак. А напрыканцы тых, хто завітаў на свята, частавалі жавараначкамі. Усе дзякавалі загадчыцы сельскага клуба за такія смачныя птушачкі-галушачкі, над якімі ўсю ноч шчыравала гаспадынька, дзяўчаткам і хлапчукам за створаны святочны настрой падчас гукання вясны.

Таццяна ТАЛКАЧОВА.

Фота аўтара.

Автор

Ольга Баравуля

Ольга Баравуля

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.