Менавіта на гэта і звярнуў увагу начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерый Бялаўскі. Ён адзначыў, што тэрыторыя Крупскага раёна складае звыш 2 тысяч квадратных кіламетраў, пры гэтым 51 працэнт плошчы заняты лясамі. Акрамя ракі Бобр, у раёне налічваецца 26 малых рэк. Самае вялікае на Крупшчыне возера Сялява і яшчэ два – Абіда і Худавец – перададзены ў арэнду.
– На Крупшчыне 138 тарфяных месцанараджэнняў і балот плошчай больш 10 гектараў, агульная тэрыторыя якіх складае 27 962 гектары, – працягваў Валерый Бялаўскі. – У раёне 37 балот, якія належаць асаблівай або спецыяльнай ахове, плошчай 13 696 тыс. га. Выяўлены таксама 3 участкі агульнай плошчай 3 610 га асабліва каштоўных відаў торфу, якія ўваходзяць у агульную плошчу балот, што належаць спецыяльнай ахове.
Далей Валерый Бялаўскі спыніўся на відах птушак, раслін і жывёл, якія ёсць у раёне і занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, на праблемах выхавання людзей па навядзенні парадку на зямлі. З абурэннем адзначыў, што колькі б кантэйнераў не ставілі ў населеных пунктах, але ўсё ж знаходзяцца такія, што выкідваюць смецце і бытавыя адходы ў лес, на абочыны або проста ў бліжэйшыя кусты.
Узнімалася і праблема добраўпарадкавання могілак. Як зазначыў Ігар Часнок, клопат сельсавета – забяспечэнне кантэйнерамі, якія затым павінны своечасова вывозіцца, а ўжо клопат кожнага з нас – чысціня і парадак пагостаў і тэрыторый паміж участкамі пахаванняў.
Валерый Бялаўскі засяродзіў увагу на яшчэ адной праблеме – знішчэнні баршчэўніка Сасноўскага.
– Цвіце баршчэўнік з ліпеня па жнівень, плады паспяваюць з ліпеня па верасень. На адной расліне можа выспець да 100 тысяч штук насення, якое здольна імкліва захапіць вялізныя тэрыторыі, – нагадаў Валерый Аркадзьевіч. – Усходжасць насенне не губляе каля дзесяці гадоў, і засеяная ім зямля пераўтвараецца ў міну замаруджанага дзеяння, гатовую ў любы момант спрацаваць і выпусціць пад сонца новыя полчышчы пустазелля. Трэба, каб з гэтай раслінай змагаліся на сваіх падвор’ях і самі жыхары.
Пра добраўпарадкаванне і работу з насельніцтвам гаварыў намеснік дырэктара па будаўніцтву КУП «Жылцеплабуд» Віктар Канапліцкі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў акцэнтаваў увагу на прывіццё любові да сваёй малой радзімы, на належнае ўтрыманне прыдамавых тэрыторый, зямельных участкаў, на добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі, дадаўшы, што ўсё залежыць ад кожнага з нас.
Старшы інжынер групы забеспячэння і функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны РАНС Пётр Раскот падрабязна раскрыў дадатковую тэму «Пажарная бяспека ў лесе». Як вядома, асноўная прычына лясных пажараў – неасцярожнае абыходжанне з агнём у лесе насельніцтва. Загаранне магчыма не толькі ад дрэнна патушанага вогнішча, але і кінутых непатушаных запалак і недакуркаў. Лес можа загарэцца ад іскры з выхлапных труб аўтамашыны, трактара, ад недакуркаў, выкінутых з акна аўтамашыны. Пераважная большасць лясных пажараў – 90% – адбываецца па віне чалавека.
– Забарона на наведванне лясоў у нашым раёне ўведзена 11 чэрвеня, – працягваў Пётр Раскот. – Для таго, каб знізіўся клас пажарнай небяспекі, неабходна інтэнсіўнае выпаданне асадкаў. Толькі ў такім выпадку пажаранебяспечная абстаноўка ў лясным фондзе можа стабілізавацца.
Яшчэ адну дадатковую тэму – «Аб барацьбе з эканамічнымі злачынствамі» – раскрыў оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Крупскага РАУС Андрэй Вілюха, які назваў колькасць выяўленых крымінальна-наказуемых дзеянняў эканамічнай накіраванасці і колькасць адміністрацыйных парушэнняў.
На сустрэчы прысутнічаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Пётр Атрошчанка. У сваім выступленні ён адзначыў, што ў нашай дзяржаве паслядоўна і настойліва прымаюцца неабходныя меры па далейшым умацаванні законнасці і правапарадку, недапушчэнні пранікнення крыміналу ў органы дзяржаўнага кіравання, у палітычную і эканамічную сферы.
– Практыка паказвае, што на сённяшні дзень эканамічная злачыннасць праяўляецца ў розных формах, – гаварыў Пётр Аляксеевіч. – Сярод іх – хабарніцтва, вымаганне, лабізм, незаконнае размеркаванне дзяржаўных датацый, незаконная прыватызацыя, неабгрунтаванае прадастаўленне льго тных крэдытаў, раскраданні і інш. Але па ўсім бачна, што прадстаўнікамі правапарадку органаў аховы робіцца ўсё па выяўленні і спыненні супрацьпраўнай дзейнасці.
Далей Пётр Атрошчанка расказаў прысутным аб рабоце сесіі парламента і аб тых законапраектах, якія разглядаюцца на яе пасяджэннях. Дэталёва спыніўся на так званай «наркатычнай» тэме і на змякчэнні заканадаўства ў гэтым пытанні. Па заканчэнні Адзінага дня інфармавання Пётр Атрошчанка правёў прыём грамадзян.