– Сёлетнюю вясну ў нашай краіне можна назваць ранняй. Праўда, сіноптыкі ўжо на мінулым тыдні папярэджвалі, што зіма яшчэ дасць аб сабе ведаць, што будуць замаразкі, моцны халодны вецер, – пачаў размову начальнік аддзела прамысловай вытворчасці ДЛГУ «Крупскі лясгас» Іван Машкала. – І ў прайшоўшыя выхадныя мы пераканаліся ў праўдзівасці гэтых прагнозаў. Бярозавы сок, да нарыхтоўкі якога мы прыступілі 16 сакавіка, замярзаў прама на дрэвах. Але ж, думаецца, хутка зноў пацяплее, і нарыхтоўка гэтай каштоўнай вадкасці працягнецца.
Іван Іосіфавіч расказаў, што бярозавы сок пачалі нарыхтоўваць у Крупскім, Бобрскім доследным, Дзянісавіцкім, Ухвальскім, Стараслабодскім і Гумнаўскім лясніцтвах. У бягучым сезоне плануецца нарыхтаваць 300 тон гэтага гаючага напітку, і асноўная частка яго будзе адпраўлена на перапрацоўку. Акрамя таго, бярозавы сок будзе рэалізоўвацца на рынку і непасрэдна ў лясніцтвах у месцах яго нарыхтоўкі.
– Дзялянкі, на якіх будзе праходзіць падсочка, вызначаюцца задоўга да сезона, – працягваў Іван Машкала. – Збіраць сок, як вядома, можна не з кожнай бярозы – толькі з тых, якія будуць высечаны на працягу наступных пяці гадоў і якія дасягнулі ўзросту хаця б 40—50 гадоў, але звычайна выбіраюцца дрэвы старэй – тыя, што растуць ужо 60—70 гадоў. Падсочка працягваецца прыкладна 20 дзён – да першага лісцейка на бярозе. Як толькі яно з’яўляецца, збор спыняецца.
Напомнім, што бярозавы сок для асабістых патрэб здабываць у лесе можна толькі з дазволу органа, які вядзе лясную гаспадарку па месцы пражывання. І абавязак кожнага з нас, каму неабыякавая прырода роднага краю, спыніць тых, хто ўзнімае злую руку на нашу беластволую прыгажуню.
Таццяна ТАЛКАЧОВА.