– Уладзімір Віктаравіч, раскажыце, калі ласка, як змяніліся правілы палявання?
– Адразу хачу заўважыць, што многія патрабаванні сталі мякчэйшымі, спрасцілася працэдура атрымання неабходных дакументаў. Да прыкладу, аплаціць дзяржпошліну на права палявання цяпер можна будзе дыстанцыйна. Ніякіх адзнак прастаўляць у дзяржаўнай лесагаспадарчай установе не трэба: дастаткова мець пры сабе квітанцыю або карт-чэк, прычым без розніцы – у электронным выглядзе ці на папяровым носьбіце.
У новай рэдакцыі правіл канкрэтызаваны пералік арганізацый, дзе можна атрымаць дзяржаўнае пасведчанне на права палявання. Гэта УП «Белдзяржпаляванне» і дзяржаўныя лесагаспадарчыя ўстановы, падпарадкаваныя Мінлясгасу. Для атрымання пасведчання трэба здаць спецыяльны экзамен.
Адно з новаўвядзенняў у правілы – дазвол прысутнічаць на паляванні ў якасці загоншчыкаў асобам, якія дасягнулі 18 гадоў, але не маюць дзяржпасведчання на права палявання.
У дакуменце таксама пазначана, што калектыўнае паляванне павінна ажыццяўляцца пад кіраўніцтвам прызначанага карыстальнікам паляўнічых угоддзяў чалавека. Кіраўнік палявання – службовая асоба карыстальніка паляванняў або паляўнічы са спецыяльнай прафесійнай падрыхтоўкай і вопытам не менш за пяць гадоў.
Таксама ў правілах прапісаны выпадкі, калі паляўнічым пры правядзенні палявання ў прысутнасці службовай асобы – карыстальніка паляўнічых угоддзяў – дазваляецца перавозка разраджанай незачэхленай зброі (акрамя населеных пунктаў).
– Сярод новаўвядзенняў занатавана і павелічэнне тэрмінаў вясновага палявання. Што вы скажаце наконт гэтага?
– Так, сапраўды, калі раней гэта было 28 каляндарных дзён, то цяпер столькі ж, але паляўнічых. Змяніўся і час, калі вясновае паляванне забаронена: раней забарона дзейнічала з 11.00 да 18.00, з уступленнем у сілу ўказа – з 12.00 да 18.00. Згодна з новымі правіламі вясновы сезон палявання на гусей і качак па паляўнічых турах доўжыцца з другой суботы сакавіка па другую нядзелю мая. Зменены і тэрміны палявання на бабра, выдру: цяпер на іх можна паляваць і ў цёмны час сутак ружэйным спосабам у прысутнасці службовай асобы карыстальніка паляўнічай гаспадаркі. Расшыраецца таксама пералік паляўнічых відаў вадаплаўных птушак: яго папоўнілі гогаль, свіязь і вялікая белая чапля.
– Наколькі вядома, цяпер можна будзе купіць пуцёўку, не выходзячы з дому. Ці так гэта?
– У адпаведнасці з указам усе паляўнічыя карыстальнікі краіны павінны пачаць продаж пуцёвак праз інтэрнэт да 1 студзеня 2019 года. І гэта паслуга, дарэчы, карыстаецца вялікім попытам. Акрамя таго, пастановай Мінлясгаса № 20 выкладзены ў новай рэдакцыі парадак рэалізацыі паляўнічых пуцёвак, за выключэннем тых, што прадаюцца праз інтэрнэт. Пуцёўкі рэалізуюцца паляўнічым карыстальнікам угоддзяў, яго вышэйстаячай арганізацыяй або іншай арганізацыяй. Пуцёўкі для палявання на ваўка, лісіцу, янотападобнага сабаку, шэрую варону, сароку, баклана, шэрую і вялікую белую чаплю прадаюцца толькі карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў. Тое ж тычыцца дазволу на здабычу паляўнічай жывёлы і паляўнічых пуцёвак да яго.
– Адно з найбольш інтрыгуючых і доўгачаканых новаўвядзенняў – эксперымент па замацаванні паляўнічых за пэўнымі ўгоддзямі.
– Эксперымент пройдзе ў 2018-2020 гадах у 12 раёнах Беларусі – па два ў кожнай вобласці. У гэты перыяд першасныя аргструктуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў на замацаваных за імі паляўнічых угоддзях будуць выконваць біятэхнічныя, ахоўныя і іншыя мерапрыемствы для павелічэння колькасці паляўнічых жывёл. Мэта эксперыменту – далучэнне беларускіх паляўнічых да вядзення паляўнічай гаспадаркі на канкрэтнай тэрыторыі. Удзельнікаў абавяжуць уносіць свой уклад у павелічэнне папуляцыі звера, а ўзамен яны змогуць бясплатна паляваць на замацаванай за імі тэрыторыі. Калі вынікі эксперыменту атрымаюцца станоўчымі, а гэта высветліцца да 1 лютага 2021 года, тады ва ўказ будуць унесены змены, якія дазволяць укараніць дадзеную методыку вядзення паляўнічай гаспадаркі па ўсёй краіне.