– Алена Леанідаўна, раскажыце, калі ласка, аб малавядомых падрабязнасцях маючага адбыцца перапісу насельніцтва?
– Сапраўды, перапіс насельніцтва Беларусі 2019 года будзе ўключаць у сябе нямала новаўвядзенняў у параўнанні з аналагічнай кампаніяй 2009-га. Адно з іх – розная працягласць: калі ў 2009-м інфармацыя сцякалася ў Белстат з 14 па 24 кастрычніка, то цяпер устаноўлены больш працяглы тэрмін – з 4 па 30 кастрычніка. Гэта звязана з тым, што пры правядзенні перапісу ў 2019 годзе пастаўлена задача скараціць фінансавыя затраты рэспубліканскага бюджэту на гэтыя мэты. Як вынік – будзе зменшана колькасць часовага перапіснога персаналу: замест ранейшых 46 тысяч чалавек мяркуецца прыцягнуць 10-12 тысяч.
Яшчэ адно новаўвядзенне – магчымасць адказаць на прапанаваныя пытанні ў рэжыме анлайн. Фінансавую дапамогу ў арганізацыі інтэрнэт-перапісу акажа Сусветны банк. Перапісныя лісты будуць загружаны ў базу адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы, і кожны чалавек, які сёння ўносіць камунальныя і іншыя плацяжы ў рэжыме анлайн, зможа іх запоўніць. А калі падключаны інтэрнэт-банкінг, то падыдзе любы мабільны гаджэт – планшэт, смартфон або камп’ютар. Таксама прапрацоўваецца пытанне падгрузкі інфармацыі, якая ёсць у рэгістры насельніцтва. Гэта можа дазволіць адразу запоўніць каля 20 працэнтаў даных у перапісным лісце.
Мяркуецца, што ў інтэрнэт-перапісу прымуць удзел каля 25 працэнтаў усіх рэспандэнтаў. Даны этап будзе доўжыцца 10 дзён, пасля чаго органы дзяржстатыстыкі сфарміруюць спісы тых, хто ў ім не прыняў удзел, каб адправіць туды персанал з планшэтамі. І, канечне ж, запросяць усіх, хто не пажадае бачыць у сябе дома часовы перапісны персанал, на стацыянарныя ўчасткі.
– А што вы скажаце наконт праграмнага забеспячэння перапісу?
– Яго прататып прайшоў выпрабаванне падчас правядзення пробнага перапісу ў Маладзечна, пасля чаго дапрацаваны, засталося вырашыць пытанне адаптацыі да інтэрнэт-перапісу. Што датычыць планшэтаў, з якімі перапісчыкі ўпершыню ў гісторыі прыйдуць у сем’і, то для іх праграмнае забеспячэнне поўнасцю ўжо гатова. Будуць выкарыстаны ўсе магчымыя лагічныя і арыфметычныя варыянты кантролю, у праграме закладзены тлумачальныя і ўсплываючыя вокны, каб пры неабходнасці перапісчык змог скарыстацца падказкай.
– Як вядома, напярэдадні перапісу насельніцтва ў лістападзе 2018 года пройдзе абход жылых пабудоў рэгістратарамі. Як гэта будзе праходзіць?
– Рэгістратарам патрэбна інфармацыя аб усім жылым і нежылым фондзе – усіх памяшканнях, дзе магчыма пражыванне людзей і куды ў кастрычніку 2019 года прыйдуць перапісчыкі. І таму трэба навесці парадак у адраснай гаспадарцы. Для ўпарадкавання назваў вуліц, нумарацыі жылых дамоў і кватэр у г. Крупкі і населеных пунктах раёна грамадзянам неабходна размясціць на жылых дамах нестаючыя аншлагі – нумарныя знакі і назву вуліцы. Заказаць дамавы знак можна ў любой рэкламнай майстэрні або іншай спецыялізаванай арганізацыі. Гэтай работай ужо займаюцца работнікі жыллёва-камунальнай службы раёна і прадстаўнікі сельсаветаў. Рэгістратары будуць працаваць да канца лістапада ў г. Крупкі, гарадскіх пасёлках Бобр і Халопенічы, а вось набор перапісчыкаў пачнецца летам 2019-га. І гэты персанал пройдзе навучанне ў верасні будучага года.
– У сродках масавай інфармацыі паведамляецца, што істотна будзе адрознівацца і змест перапісных лістоў. Раскажыце аб гэтым больш падрабязна.
– Так, да прыкладу, у наступным годзе грамадзян не будуць пытаць пра другую мову, якой рэспандэнт свабодна валодае, а таксама якую асноўную прадукцыю выпускае ці якія паслугі аказвае арганізацыя, у якой чалавек працуе. Апошняе пытанне, дарэчы, раней выклікала шмат нараканняў. Вырашана таксама адмовіцца ад інфармацыі аб перыяду пабудовы дома, аб матэрыяле вонкавых сцен, ці ёсць у членаў домагаспадаркі ва ўласнасці іншае жылое памяшканне. Затое ў перапісныя лісты будзе ўключана пытанне аб ідэнтыфікацыйным нумары, жанчын ва ўзросце ад 18 да 49 гадоў спытаюць аб планах нарадзіць дзіця – гэта важна для разумення дэмаграфічных тэндэнцый. Значна расшыраны блок пытанняў на тэму міграцыі. Пацікавяцца перапісчыкі і дадатковай адукацыяй. А самым заўважным новаўвядзеннем з’яўляецца апытальнік па сельскагаспадарчай дзейнасці. Плануецца сабраць інфармацыю аб наяўнасці ў грамадзян зямельных участкаў, пладова-ягадных насаджэнняў, жывёлы, пчоласем’яў. Пры гэтым размова пойдзе толькі аб колькасных паказчыках: сярэднія паказчыкі прадаставіць Нацыянальная акадэмія навук. Апытальнік па сельскагаспадарчай дзейнасці неабходны ў сувязі з патрабаваннямі ФАО (Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН) аб правядзенні раз у 10 гадоў сельгасперапісу. Наша краіна – адзіная на постсавецкай прасторы, дзе падобнае маштабнае даследаванне не праводзілася.
Час да пачатку перапісу яшчэ ёсць, і на старонках раённай газеты мы перыядычна будзем расказваць аб падрыхтоўцы да яго правядзення.