У прэзідыуме – члены Мінаблвыканкама, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін, епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній, кіраўнік Цэнтра праваслаўнай асветы Прападобнай Ефрасінні Полацкай Аляксандр Бройка. Удзел у рабоце форуму прыняло больш 400 чалавек – прадстаўнікоў кіраўніцтва 15 раёнаў вобласці, якія ўваходзяць у юрысдыкцыю Барысаўскай і Слуцкай епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы: намеснікі старшыняў райвыканкамаў па ідэалогіі і начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Дэлегацыю крупчан прадстаўлялі работнікі бібліятэкі, цэнтральнай раённай бальніцы, Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, настаўнікі.
Напачатку ў храме святога благавернага князя Аляксандра Неўскага адбыўся малебен. Затым удзельнікі форуму накіраваліся ў раённы Цэнтр культуры, дзе азнаёміліся з выставамі метадычнай і духоўнай літаратуры, работамі юных мастакоў – пераможцаў конкурсу «Прыгажосць Божага свету», тут жа даваліся майстар-класы.
На плянарным пасяджэнні з прывітальнымі словамі выступілі намеснік старшыні аблвыканкама Іван Маркевіч, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін і епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній, выконваючы абавязкі старшыні Пухавіцкага райвыканкама Аляксандр Ласевіч. У выступленнях адзначалася добрая традыцыя такіх чытанняў, гаварылася аб тым, што яны праходзілі ўжо ў гарадах Барысаў, Жодзіна, Смалявічы, а ўсе прысутныя заклікаліся да актыўнага адкрытага дыялогу.
Падчас выступленнняў тэму «Хрысціянскія пісьменнікі аб выхаванні дзяцей» раскрыў пратаіерэй Уладзімір Башкіраў, загадчык кафедры багаслоўскіх дысцыплін інстытута тэалогіі БДУ, доктар багаслоўя. «Хрысціянскія каштоўнасці ў светапоглядзе сучаснай моладзі: праблема веры і даверу да свету» – такой была тэма выступлення доктара філасофскіх навук, прафесара, загадчыка кафедры філасофіі і метадалогіі гуманітарных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Марыны Мажэйка. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, кандыдат культуралогіі Аляксандр Суша гаварыў аб патэнцыяле навукова-праектнай дзейнасці моладзі.
Чытанні падоўжыліся ў секцыйным фармаце. Слуцка-Салігорскую епархію ў складзе кіраўніцтва секцый прадставілі: кіраўнік епархіяльнага аддзела па справах моладзі іерэй Павел Сяргееў (секцыя «Царква і моладзь»), кіраўнік лагера «Святая Русь» і духоўнік Прэабражэнскага брацтва Нясвіжскага благачыння пратаіерэй Алег Абрамовіч (секцыя сямейнага выхавання і дашкольных устаноў), кіраўнік епархіяльнага аддзела адукацыі і катэхізацыі пратаіерэй Георгій Пятроўскі (секцыя ўстаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічных устаноў), благачынны Капыльскай царкоўнай акругі пратаіерэй Сергій Чарны (секцыя ўстаноў культуры), благачынны Любанскай царкоўнай акругі пратаіерэй Аляксандр Драгун (секцыя «Царква і армія»), кіраўнік прэс-службы епархіі іерэй Андрэй Еўшаль (секцыя «Царква і СМІ»), памочнік благачыннага Слуцкай царкоўнай акругі па сацыяльным служэнні пратаіерэй Аляксандр Шклярэўскі (секцыя «Вопыт супрацоўніцтва з установамі аховы здароўя»).
Бясспрэчна, што работа з моладдзю няпростая, але гэта самы важны прыярытэт у сённяшняй дзейнасці многіх і многіх. Маладым трэба несці тыя ідэі, якія будуць для іх прыцягальнымі, варта навучыцца гаварыць зразумелай для іх мовай. Прадметам роздуму сталі і суадносіны чалавечай свабоды і маральнай адказнасці. Была абмеркавана наступная праблема: ці можа існаваць чалавечая свабода без адказнасці маральнай, і ці нясе чалавек маральную адказнасць, які не мае свабоды?
Пры падвядзенні вынікаў работы секцый усе адказныя за іх правядзенне адзначалі, што прайшлі яны з вялікай карысцю ў прадуктыўнай і канструктыўнай абстаноўцы, змястоўна, крэатыўна, захапляльна, многае ўзята на ўзбраенне.
На чытаннях прысутнічалі ўсе благачынныя Слуцка-Салігорскай епархіі, памочнікі благачынных, кіраўнікі епархіяльных аддзелаў. Правячага архіерэя суправаджаў сакратар епархіі пратаіерэй Мікалай Лабынько.
Прымаючы выніковы дакумент, епіскапы Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін і Слуцкі і Салігорскі Антоній адзначылі, што патэнцыял відавочны, як відавочна перспектыва новых спраў і ідэй, новых прапаноў і накірункаў.