krupki.by

ru RU be BE en EN

Старшакласнікі Бобрскай СШ акунуліся ў гісторыю нашай краіны



Старшакласнікі Бобрскай СШ акунуліся ў гісторыю нашай краіны

Автор / Общество / Серада, 30 Студзень 2019 11:41 / Просмотров: 2211

У гісторыка-краязнаўчым музеі школы прайшла сустрэча з дырэктарам Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамарай Уладзіміраўнай Бальбот і кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Дзмітрыем Мікалаевічам Хромчанка. Прадставіла гасцей намеснік дырэктара Бобрскай сярэдняй школы па асноўнай дзейнасці Алена Георгіеўна Барысава, якая адзначыла, што з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай звязана цэлая эпоха ў гісторыі нашай краіны, эпоха нацыянальнага і дзяржаўнага адраджэння беларускага народа, усіх сфер жыцця беларускага грамадства. Забягаючы наперад, заўважым, што прысутныя пачулі ў той дзень шмат новага і цікавага аб сваёй краіне, аб Бабры і многіх людзях, што тут нарадзіліся, жылі, працавалі.

Адразу быў прадстаўлены кароткі экскурс у гісторыю дзяржаўнасці. Згодна адметных дат яе станаўлення ў залу музея ўваходзілі вучні з напісанымі на спецыяльных таблічках вехамі.

– Лічыцца, што зямля належыць таму народу, які першы стварыў на ёй дзяржаву, – зазначыла вучаніца 10 класа Алеся Шараева. – На землях крывічоў такой дзяржавай стала Полацкае княства, якое ўзнікла ў ІХ стагоддзі. У ХІІІ стагоддзі Полацкае княства было перададзена Вялікаму Княству Літоўскаму. Гэта быў час, калі складвалася наша народнасць. У 1569 годзе ВКЛ увайшло ў склад Рэчы Паспалітай, а ў 1795 годзе адбыўся апошні падзел Рэчы Паспалітай, і наш народ на 120 гадоў страціў сваю дзяржаўнасць. 120 гадоў – тры паўстанні за сваю волю. Адрадзілася наша дзяржаўнасць 25 сакавіка 1918 года, калі была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка. Яе спадкаемцам і стала Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, абвешчаная ў Смаленску 1 студзеня 1919 года.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры, кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея Людміла Пятроўна Ерамянок, спыніўшыся ля экспазіцыі «Перадавікі саўгаса «Бобр», называла прозвішчы ардэнаносцаў Валянціны Арсенцьеўны Каліноўскай, Аркадзя Ільіча Шынкарова, Яўгена Лявонцьевіча Бараболі, расказвала аб іх шчырай працы і дасягнутых поспехах. Цікавасць выклікаў і зроблены яшчэ ў 1965 годзе фотаальбом «Эстафета добрых спраў», у якім занатаваны адметныя падзеі амаль усіх калгасаў і саўгасаў Крупшчыны. Тут жа ўвазе прысутных былі прадстаўлены ўнікальныя дакументы, фотаздымкі, копіі старых газет і часопісаў.

Уважліва, з вялікім інтарэсам слухалі ўсе Тамару Уладзіміраўну Бальбот. І хаця яна нарадзілася ў Малдавіі, але ўжо 46 гадоў жыве ў Беларусі і, у прыватнасці, у Крупках. Яна выказала сваё захапленне непаўторнай беларускай прыродай, памяркоўнымі, шчырымі, адкрытымі беларусамі.

– Я вельмі рада, што вы – маладыя, натхнёныя, узнёслыя – працягваеце справы сваіх бацькоў, – зазначыла Тамара Уладзіміраўна. – Тое, што вы зрабілі для свайго музея, – гэта проста выдатна. У вашым музеі вельмі многа экспанатаў, а, здавалася б, кожная дробязь – гэта ўжо гісторыя. У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі зараз налічваецца больш 12 тысяч экспанатаў. Аднак самае важнае, што і вам, і нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што паказаць. Галоўнае – быць патрыётамі сваёй радзімы, свайго краю, здзяйсняць тыя справы, якія стануць карыснымі для ўсіх.

Дзмітрый Мікалаевіч Хромчанка нагадаў, што калісьці жыхары Бабра былі ў складзе Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, аб чым і гаварылася на пачатку сустрэчы. Ён прыводзіў шматлікія цікавыя звесткі пра гэтыя часы. У прыватнасці, Люблінская ўнія была не першай спробай аб’яднаць ВКЛ і Польшчу ў агульнай дзяржаве. На Крупшчыне ў гэты час усё больш выдзяляўся род паноў Хадкевічаў. Еранім Хадкевіч атрымаў ад вялікага князя дазвол заснаваць мястэчка – паселішча Бобр. Шмат было сказана і пра вайну 1812 года, пра даваенны час, і, бясспрэчна, пра Вялікую Айчынную вайну.

Дзмітрый Мікалаевіч засяродзіў увагу школьнікаў на тым, што ўжо ў 1919 годзе ў Бабры была адкрыта дзіцячая сталовая. Сярод першых настаўнікаў на Крупшчыне былі муж і жонка Усачовы, Васіль Ціханавіч і Аляксандра Іванаўна, якія прыехалі ў мястэчка Бобр з Масквы. Яны арганізавалі тут вучэбную ўстанову, якая называлася Бобрская савецкая працоўная школа ІІ ступені. Да 1924 года ў Крупскім раёне працавалі 37 школ, з іх сямігадовая ў Бабры.

– Упэўнены, што вы ведаеце пра вызваленне свайго пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – працягваў Дзмітрый Мікалаевіч. – Падчас падрыхтоўкі гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Крупскі раён» мне давялося сустракацца з жывымі сведкамі гэтай падзеі. У кнізе запісаны ўспаміны жыхароў Бабра і навакольных вёсак. Хочацца нагадаць, што асобнай старонкай у гісторыю Бабра ўпісаны подзвіг Васіля Міхайлавіча Чабатарова. Летась Герою Савецкага Саюза споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння, а сёлета 27 чэрвеня споўніцца 75 гадоў, як ён загінуў.

Напрыканцы размовы Дзмітрый Хромчанка адказаў на пытанні вучняў, расказаў аб Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, дзе працуе сам, адзначыў, што сёння сярод дзясяткаў тысяч студэнтаў тут вучацца выпускнікі школ Крупшчыны. Ёсць і студэнты з Бобрскай СШ.

У той дзень яшчэ доўга вяліся размовы аб векавым шляху развіцця краіны, аб прадпрыемствах і гаспадарках Бобрскага сельсавета, працаўніках, што пакінулі адметны след. Напрыканцы Алена Георгіеўна паказала нам сачыненні «100-годдзе БССР вачыма маладога пакалення», якое пісалі старшакласнікі. Вытрымкі з іх будуць надрукаваны ў бліжэйшым нумары раённай газеты.

Автор

Татьяна Толкачева

Татьяна Толкачева

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.