Падчас правядзення выставы дарослыя і дзеці змаглі наведаць больш пятнаццаці культурных і духоўна-асветніцкіх мерапрыемстваў. А ў нядзелю адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця фестывалю з Падзячным малебнам.
– Заканчвае сваю работу і фестываль, і выстава-кірмаш, арганізаваныя Свята-Елізавецінскім манастыром, – адзначыў благачынны Крупскай акругі, настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Крупкі пратаіерэй Мікалай Гмір. – Мы вельмі ўдзячны гэтым людзям, якія ў чарговы раз прыехалі ў наш горад, каб падняць дух усіх хрысціян напярэдадні Вялікага паста. У даўніну, як вядома, усё пачыналася з малітвы і любая добрая справа заканчвалася малітвай. Вось і мы памолімся, а цяпер падзякуем за прыезд сёстраў манастыра і папросім іх наведваць нас часцей. Дай Бог, каб не толькі ў Крупках, але і ва ўсіх кутках Беларусі вас сустракалі так цёпла і сардэчна і каб вы радаваліся свайму майстэрству і рамяству і з любоўю неслі сваё паслушэнства. Усім моцы духу і сіл!
Са словамі ўдзячнасці да арганізатараў фестывалю звярнулася матушка Васіліса, якая гаварыла аб тым, што Гасподзь ужо ў чацвёрты раз вызначыў ім такое цудоўнае месца, і што яны рады сустрэчы, удзячны людзям, якія наведалі выставу-кірмаш, тым самым унеслі часцінку свайго сэрца ў іх манастыр.
І многія крупчане, з кім давялося сустракацца на выставе-кірмашу, адзначалі, што для іх фестываль праваслаўнай культуры – гэта важная, радасная і незабыўная падзея.