krupki.by

ru RU be BE en EN


Калі творчасці патрабуе душа, не трэба чакаць і сумнявацца, трэба спрабаваць – і ўсё абавязкова атрымаецца

Автор / Фарбы и рыфмы души / Аўторак, 12 Ліпень 2016 16:12 / Просмотров: 2386

Пачатак ліпеня 1991 года. У Крупках ва ўрочышчы Лебартова – вялікае свята да трох важных падзей – Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў, Дня моладзі і надання Крупкам статуса горада. Падчас свята прама ва ўрочышчы была наладжана выстава, што экспанавала творы мясцовых мастакоў. Адзін з іх хваляваўся надзвычай, бо прадставіў на суд гледачоў свае палотны ўпершыню. З тае пары мінула 25 гадоў. І гэтыя юбілейныя дні – цудоўная нагода ўспомніць добрага мастака.

Фёдар Андрэевіч Сарокін усё сваё прафесійнае жыццё быў звязаны з аўтамабільным транспартам. Аўтаслесар, дасканала ведаючы тэхніку, вадзіцель, чые рукі шмат гадоў упэўнена вялі машыны па дарогах вялікага Саюза. А сэрца тым часам лавіла імгненні прыгажосці, што сваім непаўторным хараством заставалася ў памяці да драбніц.

Майстэрскі тэхнік і пранікнёны лірык надзвычай добра ўжываліся ў асобе гэтага цікавага чалавека. Здаецца, ён сам так і не вырашыў, што, усё ж такі, бліжэй. 

Радкі біяграфіі сведчаць пра першае: у свой час Фёдар Андрэевіч вывучыўся ў рамесным вучылішчы на слесара, працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце. Затым лёс закінуў яго аж у Магнітагорск на фабрыку па перапрацоўцы руды. Там стаў аўтаслесарам, дасканала вывучыў машыны, набыў прафесію шафёра. Затым зноў у Крупках, быў шафёрам на хуткай дапамозе, нават з год у рэдакцыі раённай газеты вадзіцелем і адначасова фатографам. 12 гадоў прайшло за рулём легкавога таксі ў аўтабазе – вазіў пасажыраў па Беларусі, у Прыбалтыку, Расію, Украіну. Апошнія гады працаваў інжынерам па бяспецы працы. І ў гэтыя бясконцыя дарогі натхнёнай стружкай уплецена мастацтва.

– Бацька быў вельмі творчы чалавек. Што б ён ні рабіў, выходзіла асабліва, – успамінае дачка Ірына. – Ён адчуваў тэхніку і вельмі яе любіў. Усім дапамагаў рамантаваць машыны і тэлевізары. Памятаю, з вёсак прывозілі людзі свае тэлепрыёмнікі, і яны стаялі ў нас на ўвесь калідор у катомках. Ніколі нікому не адмовіў. Возьмецца майстраваць і кажа мне: «Ідзі і глядзі, як я раблю». А мне было вельмі цікава. Можа, таму і любоў да тэхнікі перадалася, хоць чалавек я па натуры і па прафесіі творчы, зараз працую ў дзіцячым садку музыкантам. 

– Маляваць бацька пачаў даўно. Здаецца, усё жыццё, – расказвае сын Юрый. – Замалёўкі ў алоўку рабіў дзе толькі мог, занатоўваў, што бачыў, увесь час. І сяброў у вучылішчы, і цудоўныя пейзажы за акном свайго аўтамабіля.

У сямейным архіве Сарокіных зхоўваецца адна цікавая кніга – «Дванаццаць стулаў» і «Залатое цяля» знакамітых Ільфа і Пятрова выдання 1957 года. Суцэльны тэкст, без карцінак. Дык вось, Фёдар Андрэевіч пяром і тушшу на лістах з тонкага кардону яшчэ ў той час намаляваў некалькі ілюстрацый і ўклеіў у кнігу.  

– Калі я ўпершыню іх убачыла, была проста ўражана, – расказвае Ірына. – Кіса Вараб’янінаў – выліты акцёр Сяргей Філіпаў. І гэта пры тым, што экранізацыя была знята толькі ў 1971 годзе. 

Усё, або амаль усё можна зрабіць сваімі рукамі. Пры жаданні і старанні. Гэта засвоілі трое дзяцей Фёдара Андрэевіча з бацькавага прыкладу.

– Рукі ў яго сапраўды былі залатыя, – працягвае дачка. – Ён у тыя даўнія часы сам змайстраваў стэрэакалонкі, вялізныя, са спадручнага матэрыялу, тады яшчэ такой музыкі ў раёне не было ні ў кога. Усе Крупкі прасілі пакарыстацца гукаўзмацняльнікам на вяселлі. Як працаваў на таксі, сам зрабіў дугу над машынай з рыбалоўнымі званочкамі (іншых не было), каб аздобіць аўтамабіль, калі даводзілася вазіць маладых. І для нас, сваіх дзяцей, заўсёды прыдумваў сюрпрызы. Напрыклад, калі на Новы год адкрывалі каробку з цукеркамі і бачылі там цікавы малюнак і персанальны ліст са святочным пажаданнем, то свята верылі, што гэта Дзед Мароз. 

Усё жыццё гэтага чалавека яго творчая натура шукала розныя шляхі да сваёй рэалізацыі. Сур’ёзна займаўся фатаграфіяй, затым купіў кінакамеру «Кварц-2М» і праектар, стаў здымаць фільмы. Для сям’і, асабліва любіў для дзяцей: вось яны ідуць у школу, а вось – выпускны. Здымаў для знаёмых, вельмі ўдала атрымліваўся мантаж. Асабліва ў памяці блізкіх застаўся фільм «Поры года».

 – Тады гэта была амаль сенсацыя, – успамінае Ірына, – бацьку нават паказвалі па тэлебачанні. Музыку ўключалі з бабін, фільм трансліравалі на сцяну замест экрана. У сюжэце – здымкі навакольнай прыроды, усе 12 месяцаў,  пакладзеныя на музыку вялікага Чайкоўскага. Сапраўды, уражліва. Памятаю, калі бацька паказаў яго ў аўтабазе сваім шафёрам, яны пазналі Крупскія пейзажы, глядзелі ў абсалютнай цішыні, а потым ці жартам, ці ўсур’ёз спыталі: «Адкуль ведаў Чайкоўскі, што ты такі фільм здымеш?» Нам у спадчыну засталася багатая фільматэка, трэба заняцца і перавесці ўсё ў лічбавы фармат.

Калі Фёдар Андрэевіч выйшаў на пенсію, пачаўся новы этап яго творчай дзейнасці. І на першы план выйшла тое, для чаго да гэтага не хапала часу. Падарожжы і жывапіс. Разам з жонкай на сваёй легкавушцы яны аб’ездзілі шмат – Грузія, Сібір, іншыя рэспублікі, дзе толькі не былі! І заўсёды разам – відэакамера.

– У гэты перыяд бацька сур’ёзна ўзяўся за пэндзаль, – расказвае Юрый. – Больш любіў масла, але ёсць і цікавая калекцыя акварэляў. Ён лірык па натуры і вялікі аптыміст па жыцці. Таму і палотны мяккія, спакойныя, але, разам з тым, насычаныя, пазітыўныя, жыццярадасныя. «У цябе вольны стыль, ты акадэмічна не зацыклены, і атрымліваецца нейкі асаблівы каларыт», – так гаварылі пра яго прафесійныя мастакі.

Сапраўды, калі глядзіш на яго карціны, адчуваецца надзвычайная любоў да прыроды.

Шмат пісаў па памяці, успамінаў з таго, што багата бачыў з кабіны аўтамабіля. Шмат – з фатаграфій, якіх зрабіў безліч. Любіў пісаць з натуры – браў мальберт і ішоў у лес. На яго палотнах, што ў сямейнай калекцыі і ў Крупскай мастацкай галерэі, – нашы родныя краявіды. «Стаячае возера», «Белякоў хутар», «Раніца на Лебартова» і гэтак далей – усё знаёмыя мясціны. Шмат сюжэтаў, звязаных з вадой. Мастаку ўдавалася паказаць яе загадкавы характар, яе ўласцівась быць люстрам, дзе бачаць свой адбітак дрэвы, кветкі, аблокі. Такая цікавая прыродная сіметрыя – адметная, заўважная рыса мастака. А яшчэ світанак. Колькі пабачыў іх Фёдар Андрэевіч за рулём! «Світанак над возерам Сялява» – на гэту карціну хочацца глядзець. Сонца ўстае над вадой, афарбоўвае неба ў пяшчотна-ружовыя таны, адбіваецца ў драбнюткіх кроплях ранішняй расы на зеляніне дрэў і травы. Здаецца, там, на ўзбярэжжы, так лёгка дыхаецца і так добра марыцца.

У сям’і да жывапісу бацькі ставіліся з павагай, беражліва. І ён не прамінаў параіцца, балазе, сям’я творчая. 

– Заўсёды чакаў нашу ацэнку, а калі трэба, і параду. Мы разумелі, што творчаму чалавеку проста неабходна быць на ўздыме. Настрой, эмацыянальнае падсілкаванне – гэта важна. Бывала, сяду за фартэпіяна, нешта найграю, і пад маю музычную імправізацыю выспявае сюжэт чарговага палатна, – адзначае Юрый, сам прафесійны музыкант. 

Фёдар Андрэевіч добра ведаў нямецкую мову. Нават былі выпадкі, што яго выклікалі ў міліцыю дапамагчы перакладаць, калі, напрыклад, здарыцца аварыя з удзелам інастранцаў. 

– Бывалі гэтыя інастранцы і ў нас дома – бацька запрашаў, каб накарміць, – расказвае Ірына. – Яны дзівіліся прыгажосцю карцін. З гэтага палотны і разыходзіліся па свеце – Аўстрыя, Германія, Польшча…

Увогуле, дзеці шмат добрага ўспамінаюць пра бацьку. Што ён быў вельмі маральны чалавек, ад якога ніколі не чулі брыдкага слова, ні піў, ні курыў. У яго былі свае прынцыпы – сямья, работа, творчасць. І ніхто не мог іх пахіснуць. Фёдар Андрэевіч крыху не дачакаўся свайго 80-годдзя, ён пайшоў з жыцця ў 2008 годзе. 

– Ужо слабы быў, рукі хворыя, але ўсё роўна пісаў – фартух увесь у фарбах, – узгадвае Ірына. – Праўда, карціны былі ўжо больш цёмныя… 

Усё, што дасягнуў гэты цікавы чалавек, – справа яго ўласнага старання. Што ж, сапраўды, калі ты прагнеш да творчасці, калі гэтага патрабуе ўся існасць – то не трэба чакаць, вагацца, сумнявацца. Трэба спрабаваць – і ўсё абавязкова атрымаецца!  

Фота Аляксандра БУДЗЬКО і з сямейнага архіва САРОКІНЫХ.

 

Калі фарбай ружовай, пяшчотнай пісаць, –

Атрымаецца: сонца залоціць нябёсы!

А блакіту і сіні глыбокай дадаць, – 

І вада зіхаціць чысціні найдзівоснай.

 

А з зялёных адценняў з бакоў паўстаюць

Елка з хвойкай, вячыстыя, як вартавыя.

Тут і травы ў неруш сваю пазавуць.

А нябёс вышыня і бызмежнасць якія!

 

Для турыста вялікая мара адна –

Некранутай прыроды куточак – Сялява.

І паўстане любімая сутак пара:

 

Над азёрнаю хваляй світанку выява.

Таццяна КАВАЛЕНКА.

 

 

 

 

 

 

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Please publish modules in offcanvas position.