Творчая фантазія нашага земляка, вядомага мастака Аляксандра Ксяндзова надала ёй візуальны вобраз. Яго незвычайную па сваёй эмацыянальнасці і кампазіцыйнасці карціну «Прысвячэнне. Памяці Максіма Багдановіча» можна ўбачыць у Крупках у мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева.
На першым плане – Максім і Ганна, здаецца, кожны ў сваіх думках. Як быццам, знешне ўсё спакойна, але адчуваецца вялікая ўнутраная напружанасць. У яе вобразе чытаецца сумненне, у яго – спадзяванне. На другім плане, у перспектыве, – горад, які даў столькі радасці і столькі тугі, дзе чароўнай кветкай расцвіло яго каханне, але не займела свайго шчаслівага завяршэння.
У той час Максім Багдановіч жыў і вучыўся ў Яраслаўлі. Знаёмства з сястрой свайго гімназічнага сябра Ганнай Какуевай перавярнула яго жыццё. Кожнае спатканне з Аняй прыносіла яму такую вялікую радасць, што яна не магла змясціцца нават у яго вершах. Сваёй музе Багдановіч прысвяціў цыкл «Мадонна», паэму «Вераніка», вершы «Учора шчасце толькі глянула нясмела...», «Уймитесь, волнения страсти» і шмат іншых твораў. Можна смела сцвярджаць, што яраслаўскі перыяд – сапраўдны росквіт таленту паэта, дзе адчуваецца немалы ўнёсак яго музы.
Але над гэтымі пачуццямі ўвесь час лунаў сумны лёс – няўлоўна, але непазбежна. Максім, цяжка хворы на сухоты, не мог паўнавартасна спадзявацца на стварэнне сям’і. Ды і цётка, што выхоўвала Ганну, здагадвалася аб хваробе юнака і ведала, што сухоты, ад якіх памерлі яго маці і брат, рана ці позна забяруць і яго. Максім разумеў, што яна ніколі не пагодзіцца на іх шлюб. Але адмовіцца ад кахання, што надало крылы, ён не мог і не хацеў.
Хуткім часам Ганна едзе вучыцца ў Пецярбургскую кансерваторыю, а затым выходзіць замуж за аднакласніка Максіма Івана Лілеева. Горкім болем адгукнулася гэтая навіна ў сэрцы паэта, але ён усё роўна працягваў абагаўляць сваё нязбытнае каханне. Кожны вечар Максім выходзіў на набярэжную, праходзіў тыя мясціны, якія ён некалі наведваў з Аняй, якая дапамагла яму адкрыць новую, напэўна, самую пранікнёную старонку яго жыцця і лірыкі. Дарэчы, асобнік адзінага надрукаванага пры жыцці паэта зборніка вершаў «Вянок» Максім падарыў свайму сябру Мікалаю Какуеву. Як аказалася, гэтая кніга ўвесь час захоўвалася ў Ганны...
Вельмі шчымлівая гісторыя кахання. Вельмі прыгожая, філасофская, прыцягальная карціна, дзе мы можам убачыць яе герояў.
– Жыццё творчага чалавека было б значна абедненым, калі б у ім не існавала муза, – гаворыць аўтар жывапіснага палатна Аляксандр Ксяндзоў. – Каханне стала моцным эмацыянальным і пачуццёвым падсілкаваннем таленту паэта. Гэты момант быў для мяне, як мастака, вельмі цікавы. Можна сказаць, што ён і прадвызначыў з’яўленне на свет такой карціны.
Аляксандр Паўлавіч сам неаднаразова бываў у багдановіцкіх мясцінах. Як прызнаўся, не столькі як мастак, колькі як чалавек – каб зразумець, адчуць, ужыцца ў той час.
– Менавіта так мне ўяўляецца месца, дзе мог бы сустракацца паэт са сваёй каханай, – дзеліцца ён. – Яно вельмі рамантычнае, з прыгожай панарамай. Горад жыве сваім жыццём. Тым часам у сэрцы маладога паэта віхураць пачуцці: і каханне, і разуменне таго, што яму не наканавана спраўдзіцца. Але адчуваецца вялікая надзея, спадзяванне, жаданне, каб яго пачуцці прынялі.
Можна пафантазіраваць, што адбывалася падчас гэтай сустрэчы. Можа, хвіліна прызнання, а можа – перад расстаннем?
– Я думаю, хутчэй за ўсё гэта паўза, чаканне, папярэднік нейкай сур’ёзнай размовы, – расказвае мастак. – Магчыма, перад тым, як прачытаць вершы, ці прысвячэнне ў спадзяванні на тое, што пранікнёныя радкі знойдуць сваю сцяжынку да сэрца каханай. Памятаеце: «Ах, как умеете Вы, Анна, Не замечать, что я влюблен. Но все же шлю я Вам не стон, А возглас радостный: осанна!». А можа, момант прызнання – кранальна стрыманага, урачыстага, ад усёй чысціні і палкасці пачуццяў.
Карціна вельмі ўражвае сваёй глыбінёй. Яна нібы запрашае да роздуму. Аляксандр Паўлавіч раскрыў сакрэт – калі ён працаваў, то марыў дасягнуць сутворчасці з яе будучымі гледачамі. Каб людзі, кожны са сваім успрыняццем, сваімі асацыяцыямі, эмоцыямі, нібы дапрацоўвалі ў думках вобразы і падзеі. А гэта магчыма тады, калі вобразы гэтыя сапраўды кранаюць. І гэта яму, безумоўна, удалося.
Дарэчы, творчыя асобы заўсёды прыцягвалі ўвагу Аляксандра Ксяндзова – адметным светаўспрыманнем, поглядамі на жыццё і мастацтва. У свой час ён напісаў «Прысвячэнне Уладзіміру Караткевічу», палатно набыла Дырэкцыя мастацкіх выстаў Міністэрства культуры СССР. Ёсць шэраг іншых работ.
Ды і сам Аляксандр Паўлавіч – асоба вельмі цікавая, неардынарная, шматгранная. Захапляе рознабаковасць яго творчых накірункаў. Любімы жанр – партрэт, разам з тым шмат і з задавальненнем піша нацюрморты, батальныя, бытавыя, гістарычныя палотны.
У мастацкім асяроддзі вызначаюць яго творчае вольналюбства і імкненне да эксперыменту. І не без падстаў. Нельга не адзначыць тое, што Аляксандр Ксяндзоў адным з першых беларускіх мастакоў стаў пісаць у такім далікатным жанры, як «ню».
Мастак заўсёды ў рабоце, здзіўляе яго творчая энергія, і са сваім натхненнем знаходзіцца ў пастаяннай гармоніі. Напэўна, таму яго творчая скарбонка надзвычай багатая. Аляксандр Паўлавіч правёў вялікую колькасць персанальных выстаў у Беларусі і за мяжою. Яго жывапісныя работы захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Англіі, Швейцарыі, Італіі, Францыі і іншых краін. Да прыкладу, карціну «Настальгія» набыла Траццякоўская галерэя. Яго работы ўпрыгожваюць Нацыянальную бібліятэку Беларусі, знаходзяцца ў калекцыі Нацыянальнага дзяржаўнага мастацкага музея, а для будынка Савета Рэспублікі ён зрабіў вітражы.
Аляксандр Ксяндзоў належыць да кагорты мастакоў, знакавых для культурнай прасторы нашай краіны. Сёння ён, бясспрэчна, велічыня. Калі азірнуцца на жыццёвы і творчы шлях мастака, то можна адзначыць адну важную рысу – амаль бесперапынны працэс навучання, дзе ён і вучань, і выкладчык. Унушае толькі пералік. Вучоба ў Рэспубліканскай школе мастацтва, Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў знакамітых Гаўрыіла Вашчанкі і Анатоля Бараноўскага, а таксама ў творчай майстэрні жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР у Міхаіла Савіцкага. Сябра Саюза мастакоў СССР і Беларускага саюза мастакоў. Такая сур’ёзная школа і прыроджаны талент сталі падставай вельмі плённай уласнай творчай дзейнасці і шматгадовай выкладчыцкай працы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. А сярод найбольш значных узнагарод – медаль імя Францыска Скарыны.
Сваё ранняе дзяцінства мастак правёў на Крупшчыне, у вёсцы Баравыя. І зараз часам ён прыязджае на малую радзіму. Праўда, парадаваў крупчан сузіраннем сваіх карцін толькі аднойчы падчас персанальнай выставы «Нараджэнне Венеры». Зразумела – занятасць. Але ўсё роўна ёсць усе падставы спадзявацца і чакаць яго з новым творчым візітам.
У чым яна, прыцягальная таямніца палотнаў Аляксанра Ксяндзова? У тым, што на п’едэстале яго творчасці заўсёды стаіць чалавек, прыгажосць яго душы і цела. У тым, што мастак не проста піша палотны, ён спасцігае сутнасць сваіх герояў, таму атрымліваюцца яны такія сапраўдныя. У тым, што валодае таямніцамі святла і стварае карціны, у прастору якіх хочацца ўвайсці.
Давайце яшчэ раз паглядзім на палатно «Прысвячэнне. Памяці Максіма Багдановіча». Гэта ўнікальная работа – цэлае апавяданне з яго галоўнымі героямі, вонкавым асяроддзем і яшчэ многімі дэталямі, дзякуючы якім яна ўспрымаецца асабліва. Гэта шчодры дар нам, гледачам, а таксама памяці назаўжды юнаму геніяльнаму паэту, якому лёс наканаваў 25 гадоў зямнога і вечнасць творчага жыцця.
Фота Аляксандра БУДЗЬКО.
Таццяна КАВАЛЕНКА
Гады мінаюць. На карціне мастака
Стаіце вы ў тым самым усё маўчанні.
І Аня побач! Вы ў баку ад гарадка.
І часу шмат яшчэ да развітання…
О, як жа многа вам ёй хочацца сказаць,
Завесці б з ёю шчырую размову!
Але вы і далей усё будзеце маўчаць,
Бо гэта лепей, чым пачуць адмову.
У маўчанні шчэ надзея ўсё жыве.
Вы, юны, гэта добра зразумелі.
Таму прыспешваць вы не будзеце яе,
А проста пастаіце ў задуменні.
І вершы потым у вас з’явяцца, Максім,
Неверагоднай, дзіўнай прыгажосці.
Лёс мудрым вас зрабіў не па гадах зусім.
Ваш талент пасталеў у маладосці.
Ёсць мастакі ў гэтым свеце нездарма.
Яны імгненне пераўтвораць у вечнасць!
Ў жыцці патрэбна Аня вам адна?
У паглядзе вашым бачыцца бясспрэчнасць.
Вы не пачулі ад яе жаданых слоў,
Жыцця дарогі так вас не злучылі.
Яе ж імя толькі таму паўтораць зноў,
Што моцна вы, Паэт, яе любілі.