krupki.by

ru RU be BE en EN


Яна ідзе па жыцці з наказам: "Паэт – як перадатчык, як антэна, якая транслюе ў свет самыя лепшыя пачуцці"

Автор / Фарбы и рыфмы души / Чацвер, 27 Ліпень 2017 12:18 / Просмотров: 2065

Таццяна КАВАЛЕНКАЯна ідзе па жыцці з наказам знакамітай беларускай пісьменніцы Вольгі Іпатавай: паэт – як перадатчык, як антэна, якая транслюе ў свет самыя лепшыя пачуцці. Імя нашай крупскай паэтэсы Таццяны Каваленка добра вядомае. Яе вершы, напоўненые надзвычайным лірызмам і вялікай любоўю да ўсяго, пра што яна гаворыць, ідуць ад душы і пранікаюць у душы.

Зараз Таццяна працуе ў раённай галерэі імя Барыса Аракчэева. Чалавек, вельмі блізкі да мастацтва, умее яго разумець і адчуваць. Можа, менавіта таму вершы ў праекце «Фарбы і рыфмы душы», што яна прысвячае нашым мясцовым мастакам, гучаць так актуальна і так натхнёна. А сёння адна з суаўтараў праекта Таццяна Каваленка і сама стане яго гераіняй. 

Лепшы сябар падае руку

Няўрымслівая і летуценная, натхнёная і ўзнёслая, разам з тым вельмі сур’ёзная і ўзважаная, з багатымі ведамі і цікавымі поглядамі. Цудоўная беларуская літаратурная мова, дзе кожнае слова абгрунтавана і знаходзіцца на сваім месцы. Таццяна – адна з тых рэдкіх на сёння людзей, якія карыстаюцца ёю ў паўсядзённым жыцці. Яна заўсёды з кнігай – калі не вядзе экскурсію, то абавязкова чытае. І заўсёды з паэзіяй, якая спее ў яе творчай душы, як водгук на ўсё, што адбываецца навокал.

…Калі, здаецца, сіл не столькі,
Каб пераплыць нягод раку,
Мне кніга падае старонку,
Як лепшя сябар падае руку…

Адказнасці да слова яе навучылі з маленства бацькі, потым добрая школа і ўніверсітэцкая адукацыя. Здаецца, усё складвалася па жыцці так, каб падкрэсліць і ўзгадаваць яе талент.

– Я нарадзілася ў старадаўнім беларускім горадзе Клецк, але ўжо ў двухгадовым узросце разам з сям’ёй пераехала ў Крупкі, – расказвае Таццяна. – Іншай радзімы, акрамя Крупак, я і не ўяўляю. Вось тут і я карэннем прарасла, і тут бяру ваду сабе жывую…

У таямніцы мастацкага слова дзяўчынка акунулася змалку. Вялікая бібліятэка, багатая калекцыя пласцінак з запісамі казак у цудоўным выкананні лепшых артыстаў:

– Мне ўсё было цікава, зараз успамінаю, як была такой малой расказчыцай – што пачую, абавязкова перакажу бацькам, бабулі, меньшаму брату, сяброўкам. У школе №2, дзе я вучылася, трапіла ў атмасферу ведаў, пазнання, спасціжэння. З удзячнасцю ўспамінаю першую настаўніцу Ганну Міхайлаўну Іваненкаву. Класны кіраўнік Зоя Захараўна Пратасевіч заўважыла і падтрымала першыя мае спробы пяра, і, можа, я б сама і ніколі не рашылася іх нікому паказаць. Але Зоя Захараўна аднесла ў рэдакцыю раённай газеты тады «Ленінскім курсам». Я дагэтуль як талісман захоўваю той нумар з першым просценькім дзіцячым вершам. Потым мне ўжо было смялей, і я сама пачала заходзіць у рэдакцыю, а калі не рашалася – то дасылала лісты. Вельмі ўдзячна супрацоўнікам нашай раёнкі за падтрымку, асабліва кіраўніку літаратурнага аб’яднання «Ручаіны» Паўлу Талкачову за тое, што працаваў з намі, з пачаткоўцамі. Дапамагла мне знайсці сваю трывалую сцежку ў жыцці настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Рыгораўна Дзянісава. Яна зацікавіла мяне сваімі вельмі вялікімі і грунтоўнымі ведамі і любоўю да роднага краю. З ёю мы ездзілі на шматлікія алімпіяды і конкурсы. І ўжо тады я ведала, з чым звяжу свой далейшы прафесійны лёс.

Падумаць толькі, школьнікі тады ездзілі ў Мінск на сустрэчу, дзе былі Максім Танк, Пімен Панчанка, Эдзі Агняцвет, Барыс Сачанка, Уладзімір Юрэвіч! Таму натуральна, што завяршылася ўсё філалагічным факультэтам БДУ. Там Таццяна з задавальненнем паглыбілася ў навуковую атмасферу апантаных аднадумцаў – вывучаць мову, спазнаваць літаратуру, кнігу. Наведвала літаратурнае аб’яднанне «Узлёт», якім кіраваў цудоўны беларускі паэт Алег Лойка. Выкладаў сам Ніл Гілевіч! Ну як тут не пісаць вершаў?! Дарэчы, і на самастойную прафесійную дзейнасць філфак натхніў сваіх выпускнікоў самым творчым чынам: з друку выйшаў зборнік студэнцкай паэзіі «Вусны», дзе ёсць і верш Таццяны. Яго маладыя філолагі атрымалі разам з дыпломамі.

 З кнігай па жыцці – гэта пра Таццяну Каваленка. І калі працавала ў школе, у бібліятэцы, у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. І ўвогуле, у любую вольную часіну.

– Якая кніга найбольш закранула вашу творчую душу? – цікаўлюся я.

– Кожная прачытаная пакінула адбітак, узбагаціла. Але ёсць такая, якая асабліва напаўняе мяне натхненнем. Гэта «Новая зямля» Якуба Коласа. Трэба толькі пачаць чытаць першыя радкі – і ты ўжо сабе не належыш, ты ўжо там, у тых падзеях, разам з тымі цудоўнымі, таленавітымі і добрымі людзьмі, чуеш пявучае слова, бачыш краявіды. Такі магутны нацыянальны каларыт! Яе загадка і моцнае ўздзеянне на людзей праз дзесяцігоддзі і, упэўнена, праз вякі, у тым, што ўсё ў гэтай кнізе прыцягальнае. Ты не чытаеш кнігу, ты жывеш у тым часе і ўдзельнічаеш у тых падзеях. А напісаць так можа толькі геній, якім, бясспрэчна, і з’яўляецца Якуб Колас.

Таццяна – вялікая прыхільніца рускай і беларускай класікі – гэта непараўнальна высокага ўзроўню творы. А на маё пытанне, якую б кнігу перачытала зноў, адказала так:

– «Людзі на балоце» Івана Мележа. Вельмі глыбокая па сэнсе кніга, яркая, каларытная беларуская мова з дыялектамі. Грунтоўнае веданне жыцця, абвостраны сюжэт і вялікая шматграннасць пачуццяў.

Рамантыкі зорнай ступень

Па ўласнай паэтычнай дарозе Таццяна Каваленка крочыць упэўнена і з радасцю. Прашу падзяліцца таямніцай, як жа нараджаецца яе верш?

– З перажытага, з пачуццяў, часцей за ўсё тады, калі нешта востра адчуваеш – ці  трывожнае, ці радаснае. З падарожжаў, новых ведаў і новых сустрэч.

Лірыка Таццяны вельмі багатая тэматычна. 

Гэта Крупкі:
…У ціхі горад прыеду
Самым раннім світаннем.
Родны горад мой спіць –
Сон салодкі такі!
Асцярожная буду,
Каб сваім дакрананнем
Тумановую коўдру не парушыць ракі…
Гэта родныя краявіды:
… Ну, што за дзіва – летні вечар,
Тут, ля Бабра, маёй ракі!
Дзе зоркі спелаю парэчкай
Ляцяць з нябёс на ўсе бакі…
… Тут водар ліпеньскі ў паветры
Пладоў і кветак. Пах жыцця!..
Гэта возера Сялява:
Мой лепшы скарб – куток зямлі святой,
Дзе ветрык свежы з пахам раніц росных,
Лясоў празрыста-хвоевы настой
І хрусткі снег  бадзёрых дзён марозных.
Я на Сяляве стану над вадой.
А ў той вадзе, дагэтуль, мне здаецца,
Акрыленай, усмешлівай маёй
Адбітак маладосці застаецца…

Гэта вершы, прысвечаныя бацькам, настаўнікам, людзям увогуле і персанальна суседзям, сябрам, паэтам, таленавітым асобам нашай Крупшчыны, каханню, кнізе, бібліятэцы і нават раённай газеце. Адна з асаблівых старонак – гэта прырода, жывы свет. Па перакананні Таццяны, на сёння прад людзьмі няма больш важнай задачы, як захаваць мір і нашу прыроду. 

Вершы Таццяны Каваленка ўбачылі свет з раённага і студэнцкага друку, яны былі на старонках «Чырвонай змены» і знакамітага «ЛіМа», часопіса «Маладосць», займаюць пачэснае месца ў кнізе паэтаў Крупшчыны «Ручаіны», верш-прадмова і некалькі празаічных твораў змешчаны ў кнізе «Таямніцы Крупшчыны». Ёсць і свой уласны невялічкі зборнічак з мілагучнай назвай «Просінь», які ў свой час аматарскім спосабам дапамаглі выдаць мясцовыя краязнаўцы.

Вельмі добрыя адносіны склаліся ў Таццяны з таленавітымі людзьмі, што ўзрасціла крупская зямля:

– Асабліва дарагія сустрэчы з паэтамі-землякамі, – дзеліцца яна. – Шмат супрацоўнічалі з Васілём Макарэвічам, які, на вялікі жаль, нядаўна пайшоў з жыцця. Калі ён працаваў на беларускім радыё, то шмат праграм рабіў пра сваіх землякоў. З тых перадач гучалі на ўсю краіну і мае вершы. Пра яго вельмі шчымлівая і добрая памяць засталася. Сустракалася з Васілём Зуёнкам. Памятаю, калі працавала ў школе, з дзеткамі вырашылі напісаць ліст яму – ад землякоў, ад крупскай зямлі. І атрымалі адказ – бандэроль, а там кніга і ліст з добрымі словамі. Пазней сустракаліся асабіста, калі ён прыязджаў у Крупкі. Неаднойчы бачыліся са Змітраком Марозавым – былі цудоўна наладжаныя вечарыны і ў мастацкай галерэі. Разам з Іванам Цітаўцом удзельнічалі ў мерапрыемствах у Крупках і ў фестывалі «Халопеніцкі карагод». Некалі, у дзень прэзентацыі зборніка «Ручаіны», прыязджаў Міхась Пацёмкін. Дарэчы, на гэтым зборніку ёсць запіс і Валерыя Грышановіча. 

Кнігі з аўтографамі гэтых таленавітых людзей Таццяна беражліва захоўвае ў сваёй бібліятэцы.

Зараз людзі чытаюць радзей, і вершы пішуць радзей – гэта праўда. Ці то век мітуслівы такі, ці то не заўсёды да лірыкі? А што думае на гэты конт паэтэса?

– Напэўна, менш людзі імкнуцца выказаць тое, што адчуваюць, – разважае яна. – Пачуццяў і перажыванняў бывае шмат, але не заўсёды думкі ўкладваюцца ў патрэбныя словы – добрыя, натхнёныя, пазітыўныя, прыгожыя. Мы бачым, што змяніўся наш паўсядзённы слоўнік. Для таго, каб нешта напісаць, трэба спыніцца, задумацца, засяродзіцца. І гэта, на маю думку, рабіць проста неабходна.

Да кожнай спробы пяра Таццяна ставіцца вельмі аптымістычна:

– Упэўнена, што любы чалавек можа скласці верш. Адчуванне слова дадзена ўсім людзям. Галоўнае, каб было патрабаванне душы, думкі, вобразы. А форму заўсёды можна дапрацаваць – адны гэта робяць інтуітыўна, а другія пры жаданні могуць і падвучыцца. Найважнейшае – пачуцці, штуршок, з якога можа пачацца верш. І гэта не трэба ў сабе ўтрымліваць. Праз вешы самы кароткі шлях да чалавечага сэрца. Увогуле, у душы кожнага чалавека жыве агеньчык, трэба яго выпусціць, няхай ён увасобіцца ў добрых словах, у вершах, у музыцы, у жывапісу, у нашых добрых учынках і адносінах адзін да аднаго! Такая мая парада ўсім людзям. Знайдзіце хвілінку шчырасці для сябе, для сваіх думак, пачуццяў, адчуванняў, каб нешта сказаць сабе і іншаму чалавеку. Зазірніце ў сябе – там столькі ўсяго прыгожага!

Барыс МАКАРЭВІЧ 

Таццяне Каваленка прысвячаецца

Жанчына як светлая мара,
Вясны несканчаемы сон,
Радкоў вашых дзіўныя чары,
Мяне захапілі ў палон.
 
Жаданая вельмі сустрэча –
Святло цеплыні новых слоў, 
Жыцця філасофскія рэчы,
Пачуюцца песняй ізноў.
 
Ракою пяшчота ліецца,
Душой, дзе не будзе зіма,
У шчырага, добрага сэрца,
Няпраўды ніколькі няма.
 
Усмешкаю знак прывітання,
Адчыніць вакно ў добры дзень,
Паэзія – гэта прызванне,
Рамантыкі зорнай ступень.
 
Натхненне не знае змяркання, 
Натхненне не трэба шукаць,
Удачай мае пажаданні,
Няхай сіняй птушкай ляцяць. 

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Please publish modules in offcanvas position.