krupki.by

ru RU be BE en EN


Барыс Макарэвіч: "Сэрцам лаві пазітыў!"

Автор / Фарбы и рыфмы души / Серада, 06 Верасень 2017 08:37 / Просмотров: 2215

Борис МакаревичСваё творчае крэда наш вядомы крупскі паэт вызначае: «Вельмі хочацца знайсці новыя словы, новыя вобразы для таго, каб узмацніць акцэнт дабрыні ў сучасным свеце». Лірыка Барыса Макарэвіча вельмі шматпланавая. Вершы чытаюцца лёгка і прыемна, яны адточаныя па форме і напоўненыя асаблівым лірызмам.

Хаця паэт прызнаецца, што спецыяльна не шліфуе свае творы, усё атрымліваецца неяк само сабой, таму што льецца з глыбіні душы сапраўднага рамантыка. Можа таму і здаецца, што яны не проста чытаюцца, яны спяваюцца.

Менавіта гэтыя ўласцівасці вершаў Барыса Макарэвіча і паспрыялі таму, што яны вельмі запатрабаваныя ў музычным асяроддзі. А песні ў нас на слыху і ў эфіры папулярных радыёстанцый «Сталіца» і «МВ-радыё». «Мінск» у выкананні Якава Навуменкі, «Жураўлі» – Крысціны Святлічнай, «Дзяўчына» – арт-групы «Беларусы», «Позна» – Анастасіі Лушчык, «Развітальны блюз» – Дзіяны Бажко, «Салдаты Перамогі» – Дзмітрыя Сушко, «Паўночны хіт» – Анатоля Мяккага і гэтак далей.

Зараз Барыс Макарэвіч займаецца пераважна песеннымі тэкстамі. Дарэчы, ён і сам музыкант – вучыўся ў Мінскім вучылішчы мастацтва і культуры па класах «народныя інструменты», і «народны аркестр». Таму адразу адчувае ў цэласнасці, які можа атрымацца твор.

Найбольш плённа паэт супрацоўнічае з вядомым беларускім кампазітарам, выкладчыкам Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Аленай Атрашкевіч. З апошняга ў іх творчым тандэме – песня «Маладзічок» запальвае зоркі», якая мусіць стаць сапраўдным гімнам адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзiчок», што даў старт у творчае жыццё многім таленавітым дзецям нашай краіны. Работа на завяршальным этапе, і Барыс крыху хвалюецца перад першым праслухоўваннем. Дарэчы, гэта не першы такі твор у яго скарбонцы. Кожны крупчанін ведае гімн Крупскага раёна. Верш «Мой крупскі край» – з ранняй лірыкі паэта. Шмат гадоў таму кампазітар, таксама наш зямляк Сяргей Сарокін шукаў словы для музыкі, у якую ўклаў вялікую любоў да сваёй малой радзімы. І ўбачыў верш Барыса Макарэвіча, надрукаваны ў раённай газеце тады «Ленінскім курсам». Роднасць памкненняў двух маладых таленавітых людзей дала такі ўражлівы вынік, што песню сталі называць гімнам Крупскага раёна. А вось асабіста суаўтары пазнаёміліся пазней, калі песня была ўжо гатова. Праўда, пакуль больш сумесных твораў няма, яны яшчэ ў творчых планах.

Напэўна, кожны ведае, што гімн – адметны жанр, тут свае патрабаванні і да тэксту, і да музыкі. І вымагае ён удзелу ў сваім стварэнні людзей асабліва таленавітых. Несумненна, Барыс Макарэвіч – з такіх. 

Паэзія – рамяство асаблівае. Яго прызванне – абуджаць душы. Але не сакрэт, што далёка не ў кожнага зараз на стале ляжыць томік вершаў. Хутчэй, гэта выключэнне. У чым будучае паэзіі – цікаўлюся меркаваннем Барыса.

– У многім яно звязана з песняй, – перакананы ён. – Менавіта ў такой форме паэтычнае слова бліжэй да сучаснага чалавека. Заўважце, што зараз моладзь слухае пераважна песні. Вось праз гэта – праз зразумелыя і актуальные тэксты, пакладзеныя на адпаведную музыку, можна дастукацца да маладых сэрцаў, узгадаваць зярняты самых лепшых пачуццяў да людзей, да добрых узаемаадносін, да краіны і сусвету.

І тут нельга не падкрэсліць, што шмат песень на вершы Барыса выконваюць салісты Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. А гэта шмат пра што гаворыць, і найперш пра тое, што тэксты цікавыя і зразумелыя. Ніхто не стане спрачацца з тым, што сучасная моладзь вельмі патрабавальная.

Не кожныя зрыфмаваныя радкі – верш. Паэзія – гэта асаблівая навука, падпарадкаваная сваім законам і правілам. Як жа нараджаецца верш Барыса Макарэвіча?   

– Мяне вельмі натхняе ўсё прыгожае: прыгожыя людзі, падзеі, учынкі, прыгожыя з’явы, – дзеліцца ён. – Муза заўсёды разам са мной. Але найбольш яе прысутнасць адчуваецца падчас нейкага эмацыянальнага ўздыму ці абвастрэння. Тады абавязкова будзе верш. У мяне часта пытаюцца, як я асвойваў навуку вершаскладання. Тут я самавучка. Звычайна верш нараджаецца досыць спантана, сам сабой узнікае ў галаве ў нейкі пэўны час. Здаецца, што спеюць да пэўнага часу і вобразы, і сэнс, і словы. І вось нейкі неспадзяваны штуршок – і з’яўляецца чарговы верш. Наўмысна яго не шліфую, неяк нутром адчуваю, па якім законе пойдзе яго форма. З удзячнасцю ўспамінаю Паўла Талкачова, які ў свой час даў мне вельмі слушныя парады.

У паэзіі Барыс Макарэвіч – чвэрць стагоддзя. У яго творчай скарбонцы – больш за тры сотні вершаў. Піша для сябе, для сяброў, пад заказ для будучых песень. Усе вершы – у электронным выглядзе ў дамашнім камп’ютары. Можна смела выдаваць сур’ёзны зборнік лірыкі. Дасюль у паэта пакуль адзін персанальны зборнік «Мелодыя душы». Хаця публікуецца пастаянна. Яго вершы ёсць у зборніках  «Незабудкавыя таямніцы», «Край верасовы», «Сонечны ліхтарык», «Расчыні ў вясну вакно», «Мне рамонкі цалуюць калені», «Непадкупны подых навальніцы», «Дзіцячыя сакрэты», «На парозе вечнасці». І, зразумела ж, у раённай газеце «Крупскі веснік» на працягу ўсёй творчасці паэта. І тут нельга не зрабіць акцэнт на нашым праекце «Фарбы і рыфмы душы», дзе Барыс – адзін з маіх пастаянных суаўтараў.

Цікава, а калі ж ён сам упершыню адчуў за спіной крылы Пегаса. Аказалася, што падчас студэнцтва па прыкладзе аднаго з аднакурснікаў. Паспрабаваў – атрымалася.  Хаця адзінкавыя спробы пяра былі і раней. Праўда, дзіцячы вершык пра вераб’я Барыс са сціпласці так і не прачытаў. 

Борис Макаревич

– Мне заўсёды цікава было нешта запісваць, – успамінае ён. – Людзі рэальныя, сюжэты – выдуманыя. Але гэта была не проста мая фантазія, а нейкая праекцыя, маё ўспрыняцце і адчуванне, як гэты чалавек мог бы павесці сябе ў той ці іншай сітуацыі. Часцяком атрымлівалася, як кажуць, ні ў брыво, а ў вока.

Героямі Барысавых замалёвак рабіліся сябры, блізкія людзі, аднавяскоўцы з Каменкі, дзе ён нарадзіўся, правёў сваё дзяцінства і частку сталага жыцця. Увогуле ж 25 гадоў ён адпрацаваў у школах, дзіцячых садках, ва ўстановах культуры. І зараз не пакідае родную Каменку, яго часцяком можна ўбачыць у мясцовым клубе.

На сёння лірыка Барыса Макарэвіча мае заўважны філасофскі ўхіл. У вершах – разважанні пра чалавечыя каштоўнасці, месца чалавека ў жыцці, пра дабро і зло.

– Вельмі хочацца знайсці новыя словы для таго, каб данесці людзям усім вядомыя і зразумелыя каштоўнасці, якія зараз часцяком ігнаруюцца. Здаецца, усё вядома і нават банальна.Таму трэба шукаць новыя словы, новыя вобразы, каб яны сапраўды змаглі закрануць сэрцы сучасных людзей. Асабліва, калі гэта датычыцца моладзі. У сучасным свеце шмат зла і раўнадушша. А так хочацца дабрыні, сапраўдных шчырых чалавечых адносін, каб у людзей было больш радасці, веры і мацнейшага адзінства, а ў свеце – менш войнаў і агрэсіі.

Натуральна, што і сам Барыс з’яўляецца прыхільнікам філасофскай літаратуры:

– На жаль, не заўсёды стае часу, але вельмі хачу перачытаць усяго Канфуцыя. Люблю творы Булгакава, Шэкспіра. Творчасць гэтых людзей кранае адначасова сваёй прастатой і складанасцю, глыбінёй асэнсавання чалавечых і жыццёвых каштоўнасцяў, чалавечай бытнасці. 

Дарэчы, у Барыса не толькі натхнёнае, але і вельмі вострае пяро. Спрыяе гэтаму досціп і прыроднае пачуццё гумару. Як гаворыць сам Барыс, сатыра зараз досыць запатрабавана. Па яго перакананні, любая жыццёвая сітуацыя можа быць апранута ў сатырычнае. І больш смешна, і больш цікава, і больш выхавальна з-за сваёй нязмушанай формы. Увогуле, падыход з добрай доляй гумару да любых сітуацый часцяком бывае проста выратавальным.

– Сіла слова вельмі вялікая, – падкрэслівае Барыс. – Яна заўсёды адчуваецца, кожны дзень у нашым паўсядзённым жыцці. І тады, калі пакутуем ад грубасці і нястрыманасці, якія часцяком беспадстаўна абрушваюцца на нас усюды, дзе толькі магчыма. Чамусьці, лаянку і абразу людзі вымаўляюць гучна і нават ганарацца гэтым. А вось пахвала ці падтрымка гучаць куды цішэй. Можа, менавіта таму мы перажываем так шмат стрэсаў, якіх увогуле магло б і не быць. Стрэсы і перажыванні праз пустыя нядобразычлівыя словы, за якімі на самой справе няма ніякіх падстаў. Найбольшая сіла стваральнага, добрага слова, здольнага памірыць людзей, надзяліць верай і абагрэць душу. Пра гэта нельга забываць ніколі!

Творчых планаў у Барыса Макарэвіча шмат. Ён плённа супрацоўнічае  з народным клубам кампазітараў і паэтаў «Жывіца», збіраецца стаць сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пажадаем яму натхнення і будзем чакаць наступных вершаў!

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Please publish modules in offcanvas position.