У першую чаргу Салігорск асацыіруецца з тэрыконамі, якія мясцовыя жыхары называюць солеадваламі. Светла-ружовыя горы -- адходы калійнай вытворчасці -- відаць за некалькі дзясяткаў кіламетраў пры пад’ездзе да горада.
Жыхары Салігорска параяць гасцям знайсці пару гадзін, каб наведаць «Парк чатырох стыхій». Мясцовы парк адпачынку ўвасабляе чатыры стыхіі: паветра, вады, зямлі і агню. Стыхію агню тут сімвалізуе «Алея шалёсткіх сцягоў», якая змяняецца «Пляцоўкай сонечных зайчыкаў», што ўтвараюцца пры дапамозе люстэркаў і вады. Стыхія зямлі прадстаўлена шматлікімі зялёнымі насаджэннямі, у тым ліку вісячымі садамі і альпійскімі горкамі. Унікальны гарадскі фантан, якому няма аналагаў у Беларусі, увасабляе стыхію вады. Адначасова з велізарнай чашы б’юць на 20-метровую вышыню 740 струменяў. Завяршае гарадскі парк стыхія паветра, якая прадстаўлена «Алеяй гучальных трубак» і «Ветраком».
Самая старажытная праваслаўная святыня Салігоршчыны – Свята-Пакроўскі храм у вёсцы Чыжэвічы, які быў узведзены па загаду імператрыцы Кацярыны ІІ намаганнямі прыхаджан у канцы ХVІІІ стагоддзя. За сваю гісторыю ён перажыў не адзін пажар і шматлікія рамонты. За апошнія дзесяцігоддзі гэта царква ператварылася ў вялікі храмавы комплекс. У пачатку 90-х на яе тэрыторыі быў пабудаваны храм у гонар Раства Іаана Хрысціцеля. Упрыгожаннем комплексу стала Богаяўленская капліца. У 2017-м годзе, пасля 23 гадоў будаўніцтва, у Салігорску адкрыўся кафедральны сабор Раства Хрыстова.
Адна з самых таямнічых славутасцей Салігорска – велізарнае мазаічнае пано рэлігійнай тэматыкі на сцяне дома па вуліцы Заслонава. Афіцыйная назва кампазіцыі – «Дрэва Жыцця». Пра мазаіку ходзіць мноства легенд: адны ўпэўнены, што ў малюнку зашыфравана таямнічае пасланне для «пасвячоных», іншыя сцвярджаюць, што пано валодае моцнай астральнай энергетыкай.
На Салігоршчыне дзейнічаюць музей Працоўнай Славы ААТ «Беларуськалій», музей «Птушкі Беларусі і прамысловага птушкаводства», музей маці, Харастоўскі музей партызанскага краю імя Васіля Каржа, рэспубліканская бальніца спелеалячэння, праходзяць самыя розныя фестывалі, конкурсы, народныя святы, музычныя вечары. Гэта, у прыватнасці, абрад «Шчадрэц» і народнае гулянне «Ішла каляда, калядуючы», рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва «Сугалоссе», раённы майстар-клас «Саламяны цуд», народнае свята «Закалыхванне», міжнародны творчы праект «Масква-Салігорск-Транзіт» і іншыя.