Адметна, што пры кожнай нашай сустрэчы дырэктар завода Васіль Хоміч пачынае размову з адзнакі свайго калектыву: «Сваімі дасягненнямі мы абавязаны прафесіяналізму і шчырасці нашых працаўнікоў!» Да месца будзе адзначыць, што на заводзе традыцыйна шмат працоўных дынастый. А гэта сведчыць аб стабільнасці. На гэта раз мы пазнаёміліся з мужам і жонкай Грунінымі. Сёлета спаўняецца чвэрць стагоддзя з таго часу, як гэта сямейная пара працуе на Крупскім ільнозаводзе! Так-так, менавіта ў 1992 годзе Таццяна і Ігар прыйшлі на гэта прадпрыемства. «Працавалі, працуем і будзем працаваць толькі тут», – аднагалосна заявілі яны.
Пра гэтых шчырых і адказных работнікаў шмат цёплых слоў нам давялося пачуць ад многіх. Галоўны эканаміст Надзея Умерава зазначыла, што Таццяна выдатна спраўляецца са сваімі непасрэднымі абавязкамі. Таму натуральна, што яе фотапартрэт неаднойчы змяшчаўся на Дошцы гонару завода. А сёлета там пачэснае месца займае партрэт яе мужа. Ігар – аператар мяльна-трапальнага агрэгата. Фактычна ён – памочнік майстра цэха, яго правая рука. Як нам расказалі, работа аператара з’яўляецца адказнай у брыгадзе, ад якой залежыць канчатковы вынік работы ўсяго калектыву.
Таццяна пачынала сваю працу з адной спецыяльнасці. І ў імкненні шчыраваць як мага лепш з часам асвоіла ўсе рабочыя спецыяльнасці на заводзе. Завочна закончыла Аршанскі механіка-эканамічны каледж, і вось ужо тры гады, як займае пасаду майстра змены. У яе працоўнай кніжцы – адзін запіс: Крупскі льнозавод.
– Я мясцовая, нарадзілася ў Начы, вучылася ў Нацкай і Крупскай пасялковай школах, – гаварыла Таццяна. – Разам з мужам жывём у сямейным інтэрнаце пасёлка Лянок. На заводзе Ігар столькі ж гадоў, колькі і я. Натуральна, што калі ў нас з ім адно і тое месца работы, таму і інтарэсы агульныя. І гэта нас абодвух задавальняе.
Як вядома, вырошчванне і ўборка льну – самы працаёмкі працэс у галіне вытворчасці «беларускага шоўку». Для атрымання высокіх ураджаяў ільну добрай якасці вялікае значэнне маюць тэрміны выканання работ, дакладнае захаванне якіх забяспечваюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы.
– І пераважна з такіх людзей складаецца наш калектыў, – падкрэслівае Васіль Уладзіміравіч Хоміч. – Гавораць, што ўраджай нараджаецца тройчы: першы раз на полі, падчас росту, другі – у час уборкі і трэці – у працэсе атрымання льновалакна на прадпрыемстве. Дык вось, за ўсімі вытворчымі дасягненнямі стаіць карпатлівая праца людзей. Работнікі нашага прадпрыемства з адказнасцю падыходзяць да вырошчвання льну і да яго пярвічнай перапрацоўкі. Калектыў у нас зладжаны, многія прапрацавалі на заводзе не адзін дзясятак гадоў. Ёсць і маладыя, якія сваім юначым запалам і актыўнасцю здольны, калі можна так сказаць, горы зрушыць. І менавіта гэты сплаў вопыту і маладосці дазваляе паспяхова вырашаць пастаўленыя перад намі задачы.
– Сёння прадпрыемства працуе ў трохзменным рэжыме работы, гэта значыць, кругласутачна, – працягвала Надзея Умерава. – Дарэчы, наш ільнозавод адзіны на Міншчыне, які вытрымлівае такі тэмп. За мінулы год, напрыклад, усяго выпрацавана 912 тон ільновалакна, у тым ліку 190 тон доўгага, якое амаль усё і было рэалізавана. Летась лён вырошчваўся на плошчы 1 300 гектараў, з іх 1 100 – непасрэдна палі льнозавода, яшчэ па 100 гектараў было пасеяна ў ААТ «МайскаеАгра» і «Старасельскае». Але догляд за пасевамі, уборка на ўсіх плошчах вяліся выключна сіламі нашага механізаванага атрада. У 2016 годзе нарыхтавана 3 650 тон ільнотрасты сярэднім нумарам 1,03, у тым ліку са сваіх палёў – 3 265 тон сярэднім нумарам 1,05. Да месца адзначыць, што сёлета пасяўная плошча складзе 1 400 гектараў, гэта значыць, дадатковых 100 гектараў прыйдзецца на ўласны механізаваны атрад для вырошчвання льну.
Галоўны эканаміст дадала, што магутнасць завода складае тысячу тон валакна ў год, або чатыры тысячы тон перапрацоўваемай ільнотрасты. Ільнозавод забяспечаны сыравінай для трохзменнай работы тэхналагічнага абсталявання. Рэшткі льнотрасты на пачатак бягучага года склалі 1 438 тон сярэднім нумарам 0,95, сярэдняя перапрацоўка ў месяц – 280 тон. Асноўнымі спажыўцамі доўгага і кароткага льновалакна з’яўляюцца Аршанскі льнокамбінат, філіял «Барысаўлёнэкспарт», кароткага льновалакна – закрытае акцыянернае таварыства «Мара-Лён».
– На прадпрыемстве ў нас працуюць 118 чалавек, у тым ліку 20 спецыялістаў, – заўважыла напрыканцы Надзея Умерава. – І без перабольшвання скажу, кожны з іх на сваім месцы – майстар.