Сёння традыцыі музейнай справы працягвае калектыў пад кіраўніцтвам Анастасіі Гайдук.

Старонкі лёсу
Ля вытокаў музея стаяла Таццяна Якаўлеўна Белая, якая ў 1995 годзе была ўключана ў саюз майстроў Беларусі, што дала ёй права на шырокую творчую дзейнасць, у тым ліку – арганізацыю музейных выстаў.
Таццяна Якаўлеўна ўспамінала: «За 56 дзён было сабрана больш за 2 тысячы экспанатаў. І ўжо 26 мая 1995 года ў СШ № 1 адкрыліся дзве музейныя залы: гістарычная і этнаграфічная. У снежні гэтага ж года музею прысвойваецца званне «народны».
30 чэрвеня 2004 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка музея, прымеркаванае да 60-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтва раёна, госці з розных куткоў краіны і замежжа. На свяце прысутнічаў Герой Савецкага Саюза Мікалай Якаўлевіч Зайцаў. Вуліца горада, на якой сёння знаходзіцца музей, носіць яго імя. Мікалай Якаўлевіч разам са старшынёй райвыканкама пераразаў сімвалічную чырвоную стужку. Усе прысутныя былі запрошаны на першую экскурсію. Многія з наведвальнікаў выказалі жаданне прыйсці ў музей яшчэ раз, аднак ужо з дзецьмі і ўнукамі.
А вось дата 3 ліпеня 2010 года для гісторыка-краязнаўчага музея таксама знамянальная: адбылося адкрыццё Алеі Славы Герояў. На тэрыторыі музея з’явіліся 20 зорных знакаў людзям, чыё жыццё – подзвіг, прыклад для падрастаючага пакалення.
Словы ўдзячнасці, а таксама Падзякі старшыні райвыканкама за ініцыятыву стварэння Алеі Славы былі аб’яўлены дырэктару Тамары Уладзіміраўне Бальбот і ўсім, хто дапамог ператварыць ідэю ў жыццё.
Было сказана шмат добрых слоў, падараваны кветкі ветэранам, хвілінай маўчання ўшанавалі імя кожнага, хто загінуў у гады вайны. Па Алеі Славы ўслед за ветэранамі ішлі госці і жыхары Крупшчыны і дзякавалі славутым людзям за іх мужнасць і гераізм.
Еднасць навукі і творчасці
Працоўны шлях Алы Васкрасенскай, галоўнага захавальніка фондаў музея, звязаны з установай культуры амаль што з пачатку яе існавання. Разам з аднадумцамі яна і сёння працягвае значную і адказную місію: зберагае спадчыну продкаў і перадае яе нашчадкам.
– Яе праца звычайным наведвальнікам здаецца непрыкметнай, але патрабуе скурпулёзнасці, валодання нарматыўных і заканадаўчых дакументаў музейнай справы, уседлівасці, цярпення і пачуцця адказнасці перад кожным, хто даверыў музею нешта сваё блізкае і каштоўнае. Ала Анатольеўна добрасумленна выконвае свае абавязкі. Ад яе залежыць правільнае афармленне экспантаў, іх выгляд, папаўненне фондаў і ўзбагачэнне кампазіцый. Выстава, мерапрыемства, урок, сустрэча – да ўсяго захавальнік фондаў падыходзіць уважліва і дасканала, – так ахарактарызавала Алу Васкрасенскую былы супрацоўнік музея Святлана Домненка.
Музейнай справе Ала Васкрасенская прысвяціла больш за 30 гадоў. З часам развівалася прафесійна. Яна стала не толькі захавальнікам фондаў, але і захавальнікам памяці сваёй малой радзімы.
– Сёння ў нас 34 калекцыі, а фонд налічвае больш за 15 тысяч экспанатаў. У асноўным іх прыносяць нам жыхары раёна. З хваляваннем разглядаю «навінкі», уяўляю, якія таямніцы яны схавалі ў сабе. У залах музея нашы наведвальнікі бачаць не ўсё, перыядычна экспазіцыі абнаўляем тым, што ёсць у фондасховішчы, – дзеліцца Ала Анатольеўна. – Памятаю, як з калегамі збіралі першыя экспанаты – фотаздымкі, прадметы побыту, дакументы, артэфакты, якія расказвалі пра жыццё людзей Крупшчыны. Усе прадметы былі значныя і важныя, бо яны былі часткай гісторыі. Так і сёння. Калі бачу ў вачах нашых наведвальнікаў інтарэс і цікавасць, з’яўляецца натхненне і жаданне працаваць у гэтым жа накірунку.
Дзейнасць галоўнага захавальнікі фондаў музея ідэальна яднае навуковы падыход і творчасць. Ала Васкрасенская гэтаму пацверджанне, бо займаецца вышыўкай. Яна інтэрпрытуе карціны знакамітых мастакоў праз вышыванне. Так з’явіліся «Три богатыря», «Алёнушка», на фінішнай стадыі «Грачи прилетели», а ў планах карціна «Охотники на привале».
З кожным новым экспанатам Ала Васкрасенская дае магчымасць расказаць яшчэ адну старонку гістрыі роднага краю. Яна працуе з той жа адданасцю, як і ў пачатку свайго шляху, і ўспамінае тых, з кім працавала раней.
– Калектыў мяняўся, але ў нас заўсёды працавалі людзі адказныя, добрасумленныя: Таццяна Белая, Тамара Бальбот, Таццяна Каваленка, Таццяна Мельнік, Вольга Мартыненка, Алена Макарэвіч, Святлана Домненка, Таццяна Папаўян, Алена Дубадзел. Мы рабілі ўсё магчымае, каб установа была даступнай і цікавай для ўсіх, – акцэнтуе супрацоўнік музея.
Ала Анатольеўна за гады працы ўпэўнілася, пакуль ёсць людзі, якія дзеляцца сваімі адкрыццямі і гісторыямі, захоўваюць гістарычную і культурную спадчыну, музей будзе жыць і развівацца. Яе імя па праву займае месца на раённай Дошцы гонару.

Праз прызму сучаснасці
У гісторыю трапляеш ужо ў самім двары музея. Па ім можна праводзіць асобную экскурсію. Тут і Алея Славы з партрэтамі Герояў Савецкага Саюза, два культавыя камяні, у якіх існуюць свае легенды.
Музей складаецца з некалькіх залаў, прысвечаных экалогіі, археалогіі, этнаграфіі, падзеям вайны і сучаснасці. Кожная зала расказвае пра розныя аспекты гісторыі Крупшчыны. Гістарычныя перыяды дапамагаюць аднавіць дыярамы.
Напрыклад, дыярама экалагічнай залы адлюстроўвае ўсю ўнікальнасць і непаўторнасць нашай прыроды, «Бітва на Бобрскім мосце» – бітву падчас ваеннай аперацыі «Баграціён».
Стэнд «Квітнее Крупская зямля» распавядае пра ганаровых грамадзян раёна і значныя падзеі духоўна-культурнага жыцця горада.
– Напэўна, самыя ўнікальныя экспанаты знаходзяцца ў археалагічнай зале. У ёй вы зможаце пазнаёміцца з Выспянскай гарой, што з’яўлялася аб’ектам старажытнага паселішча людзей. Амулеты з костак і рэбраў жывёл, шлак ад плаўлення ў печах-домніцах, фрагмент знойдзенага жаначога ўпрыгожвання з бронзы і срэбра – наш гонар, – падкрэслівае Анастасія Гайдук. – Самая любімая зала нашых наведвальнікаў – этнаграфічная. Тут яны сустракаюцца з жыццём нашых продкаў, прадметамі побыту, якія людзі рабілі сваімі рукамі. Зайшоўшы ў залу, мы трапляем у беларускую хатку. Цэнтральнае месца ў ёй займае печ. Каля яе – усё што патрэбна гаспадыні. Нашым гасцям таксама расказваем пра асаблівасці ткацтва ручнікоў на Крупшчыне і іх галоўны элемент – Берагіню.
Працягвае экспазіцыю музея сучасны этап гісторыі. Цікава супрацоўнікі раскажуць пра дзейнасць лётчыка-касманаўна, двойчы Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Кавалёнка.
У ваеннай зале сабралі матэрыялы пра герояў, патрыётаў, партызан, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і землякоў, у лёсе якіх была Афганская вайна.
Анастасія Гайдук упэўнена, што музей – гэта жывы арганізм, які павінен знаходзіць баланс паміж інавацыямі і захаваннем ідэнтычнасці.
– Мы развіваемся, дадаючы новыя пласты часу, але захоўваем фундамент, дзеля якога людзі да нас вяртаюцца. Гэта еднасць традыцый і інавацый, – разважае кіраўнік установы культуры. – Укараняючы новыя тэхналогіі, важна захаваць залы, дзе наведвальнік застанецца поруч з арыгіналам. Музей пераасэнсоўвае свае фонды праз прызму сучаснасці, робіць старыя экспанаты зразумелымі новаму пакаленню.
Уладзімір РОГАЎ.



