Выхадзец з народа
Сцяпан Пятровіч Шупеня нарадзіўся 10 лістапада 1896 года ў вёсцы Нача ў беднай сям’і. З дзіцячых гадоў спазнаў нялёгкую сялянскую працу. У роднай вёсцы ён скончыў 2 класы царкоўна-прыходскай школы, але далей вымушаны быў перарваць вучобу, бо трэба было дапамагаць бацькам. З 12 гадоў хлопец пачаў працаваць на смалакурным заводзе, затым на чыгунцы.
Неўзабаве пачалася Першая сусветная вайна. Баявое хрышчэнне Шупеня прыняў за межамі Беларусі, у ходзе ваенных дзеянняў быў цяжка паранены. Там, на фронце, затым у шпіталі салдат упершыню пазнаёміўся з бальшавікамі і стаў на іх бок. Пасля рэвалюцыі 1917 года Сцяпан Пятровіч добраахвотна далучыўся да Чырвонай Арміі і з вясны 1918 года ваяваў супраць Калчака і Дзянікіна на ўсходнім фронце ў складзе жалезнай дывізіі (так яна афіцыйна называлася) пад камандаваннем У.М. Азіна. Пры штурме горада Іжэўска камандзір узвода Шупеня быў зноў паранены і па стане здароўя дэмабілізаваны з дзеючай арміі.
Тым не менш, нягледзячы на стан здароўя, Шупеня не пакінуў ваенную службу. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны ён доўгі час яшчэ служыў у вайсковых часцях па ахове чыгункі, у 1926 годзе ўступіў у рады камуністычнай партыі. Звольніўся ў запас толькі ў 1929 годзе і тады ж пачаў працаваць у Барысаўскім райкаме партыі. Адначасова вучыўся, спачатку завяршыў школьны курс, затым у 1935 годзе скончыў вышэйшую навучальную ўстанову. Пасля Сцяпан Пятровіч стаў працаваць у партыйных і савецкіх установах: інструктарам палітаддзела МТС у Бабруйскім і Заслаўскім раёнах, старшынёй Заслаўскага, затым пасля 1939 года – у Заходняй Беларусі старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама, сакратаром Шчучынскага райкама партыі. На гэтай пасадзе яго і заспеў пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Як вядома, менавіта на захадзе Беларусі ў першыя дні вайны ішлі найбольш жорсткія баі. У ліпені-кастрычніку 1941 года Шупеня ў Тураўскім раёне выконваў спецыяльнае заданне, затым, адступіўшы з часцямі Чырвонай Арміі на ўсход, нейкі час працаваў у Пензенскай вобласці начальнікам палітаддзела аднаго з саўгасаў. Але ён не хацеў заставацца ў баку ад барацьбы, неаднаразова звяртаўся ў адпаведныя інстанцыі з просьбай накіраваць на фронт. Нарэшце яго заявы былі задаволены і Шупеня быў накіраваны, але не на фронт, а ў далёкі тыл. Там, пад Масквой, на станцыі Сходня вялася падрыхтоўка байцоў для засылкі ў тыл ворага.
Сцяпан Пятровіч успамінаў: «Мне належала накіравацца ў варожы тыл. 2 ліпеня мы праходзілі інструктаж у Луполаве. Сюды прыехалі маршалы Савецкага Саюза Варашылаў, Шапашнікаў, Першы сакратар ЦК КП(б) Панамарэнка ў суправаджэнні групы ваенных. Атабраных для адпраўкі ў тыл пастроілі ў дзве шарэнгі. Варашылаў, прывітаўшыся, адразу ж перайшоў да справы. Ён падкрэсліў, што наша задача – стварыць партызанскія атрады, якія павінны наносіць удары галоўным чынам па камунікацыях праціўніка, каб перашкодзіць яго руху. Тады ж нам далі канкрэтныя заданні. Я атрымаў назначэнне ў Тураўскі раён Палескай вобласці».
І вось група, у складзе якой быў і старшы палітрук Шупеня, была перакінута на планеры, які на буксіры самалёта пераляцеў лінію фронта, на партызанскі аэрадром у раёне Бягомля Мінскай вобласці. Менавіта з гэтага аэрадрома Сцяпан Пятровіч з таварышамі ўжо самастойна ў тыле ворага перабраўся на месца свайго прызначэння, у Заходнюю Беларусь, у Ліпічанскую пушчу для кіраўніцтва партызанскім рухам на тэрыторыі Дзятлаўскага, Жалудоцкага, Зэльвенскага, Мастоўскага і Шчучынскага раёнаў.
Пачынаць было няпроста. «Я сустрэўся з сакратаром Палесскага абкама Пятром Адамавічам Лявіцкім, абмеркавалі з ім пытанне аб стварэнні партызанскага атрада. Мяне прызначылі камісарам, – узгадваў Шупеня. – Разам са мной накіраваліся сем чалавек. Па лясных сцяжынах хадзілі ў пошуках узброеных груп. Хутка адну знайшлі. У ёй было 30 чалавек. Яе арганізавалі старшыня мясцовага калгаса, сакратар Тураўскага райкама партыі і начальнік раённага аддзела міліцыі. Праз некаторы час мы аб’ядналіся з групай, якую ўзначальваў партыйны работнік. Так узнік наш партызанскі атрад».
На месцы Шупеня шырока разгарнуў вусную і друкаваную прапаганду сярод грамадзянскага насельніцтва, як вынік – масавае папаўненне партызанскіх атрадаў з ліку мясцовага насельніцтва.
Праз кароткі час там быў утвораны Шчучынскі міжраённы партыйны цэнтр пад кіраўніцтвам Сцяпана Пятровіча Шупені. Ён жа ўзначаліў і Шчучынскае партызанскае злучэнне, створанае ў красавіку 1943 года міжраённым цэнтрам у складзе партызанскіх брыгад Ленінскай, імя С.М. Кірава, імя К.Я. Варашылава, імя Ленінскага камсамола, некалькіх асобных партызанскіх атрадаў, усяго на час злучэння з Чырвонай Арміяй у 1944 г. было каля 6 тысяч чалавек.
Гэта была сур’ёзная сіла ў барацьбе з ворагам. Да таго ж Шупеня шмат увагі надаваў прапагандзе. Пад яго кіраўніцтвам выпускаліся газеты ў пяці раёнах – усяго 52 тысячы экзэмпляраў газет і лістовак.
У час цяжкіх аблаў Шупеня выводзіў партызан усіх атрадаў у бяспечныя раёны і граміў нямецкіх акупантаў. Пасля аблаў з яшчэ большай энергіяй працягваў арганізоўваць работу па барацьбе з фашысцкімі захопнікамі.
Аб баявой дзейнасці злучэння камандзір падрабязна напісаў у сваёй кнізе «Гнеўная Шчара», якая выйшла з друку ў 1977 годзе. Пра яе маштаб красамоўна сведчаць і наступныя лічбы. За гады барацьбы партызанамі Шчучынскага злучэння было пушчана пад адхон 485 варожых эшалонаў, узарвана 39 мастоў, знішчана больш за 14 тысяч салдат і афіцэраў праціўніка. Разгромы варожых гарнізонаў у райцэнтры Жалудок, вёсцы Руда-Яварская Дзятлаўскага раёна і многія другія аперацыі праводзіліся пад кіраўніцтвам Сцяпана Пятровіча. Як сведка і напамінак аб гэтым баявым мінулым з’яўляецца памятны знак, устаноўлены ў Ліпічанскай пушчы на месцы дыслакацыі міжрайцэнтра з прозвішчам Шупені.
Партызанскі шлях камандзіра адзначаны ордэнамі Суворава другой ступені і Баявога Чырвонага Сцяга, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» першай і другой ступеняў.
Сын пад стаць бацьку
Як вядома, акупанты шырока прымянялі сістэму заложніцтва, калі ў адместку на дзеянні партызан і падпольшчыкаў расстрэльвалі мірных жыхароў. Прыкладам можа служыць расстрэл заложнікаў ва ўрочышчы Лебартова ў Крупках пасля разгрому партызанамі станцыі Слаўнае альбо шырока вядомы лёс сям’і партызанскага камандзіра Шмырова (бацькі Міная), ярка адлюстраваны ў мастацкай кінастужцы «Бацька».
Зразумела, што ведаў аб гэтай практыцы акупантаў і Шупеня. А ў вёсцы ж Нача заставалася яго сям’я: жонка Яўгенія Фёдараўна, 17-гадовы сын Аляксандр і 15-гадовая дачка Аня. Але гэта не спыніла партызанскага камандзіра ў яго барацьбе з ворагам.
Гэтак жа і сям’я Шупені, тут, на Крупшчыне, нягледзячы на смяротную рызыку.
Яшчэ вясной 1942 года Саша ўстанавіў сувязь з партызанамі, якія дыслацыраваліся каля вёскі Выдрыца. Па іх заданні ён правёў работу па разладзе гарнізона ў вёсцы Нача, які ў асноўным складаўся з «народнікаў». Хлопец добра іграў на баяне, без яго не абходзіліся так званыя «пасядзелкі», куды, акрамя мясцовай моладзі, заходзілі і гэтыя «народнікі». У размовах Аляксандр здолеў загітаваць іх перайсці да партызанаў. У выніку амаль увесь гарнізон уліўся ў партызанскую брыгаду імя Шчорса. Трэба адзначыць, што гэта была вельмі рызыковая аперацыя. Яшчэ не сцерлася з памяці тое, што ў пачатку акупацыі некалькі камсамольцаў вёскі спрабавалі стварыць падпольную арганізацыю. Але, не маючы вопыту канспіратыўнай работы, былі выкрыты. Тады карнікі расстралялі сясцёр Сіняк – Еўдакію і Таццяну, братоў Стасевічаў – Паўла і Пятра.
Да партызанаў далучылася і сям’я Шупені. Аляксандр стаў разведчыкам і падрыўніком. Ён з таварышамі ўзарваў бензасховішча на станцыі Крупкі, удзельнічаў у дыверсіях на чыгунцы. Аня, акрамя працы на партызанскай кухні, таксама ўдзельнічала ў баявых аперацыях. Яўгенія Фёдараўна вяла разведвальную дзейнасць, да прыкладу, яна выявіла, што каля вёскі Хутар спыніўся абоз немцаў. Паднятыя па трывозе, партызаны знішчылі некалькі дзясяткаў акупантаў і захапілі падводы з боепрыпасамі і харчаваннем.
Арганізатар партызанскага руху ў Мінскай вобласці Герой Савецкага Саюза Р.Н. Мачульскі пасля вайны ў сваёй кнізе «Люди высокого долга» аб іх напісаў наступнае: «Евгения Федоровна с детьми быстро нашла дорогу к партизанам. И привело ее туда не чувство боязни за свою жизнь и жизнь своих детей, а горячее желание патриотки сражаться с ненавистным врагом»…
Пачэсная праца – пачэсны гонар
Пасля вызвалення Беларусі Сцяпан Пятровіч працаваў намеснікам старшыні Баранавіцкага аблвыканкама, сакратаром Слонімскага райкама партыі, старшынёй Полацкага аблвыканкама, пасля расфарміравання Полацкай вобласці – намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. Ён уваходзіў у склад Цэнтральнага Камітэта КПБ, не аднойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР. На ўсіх гэтых пачэсных і адказных пасадах Шупеня працаваў з поўнай аддачай. Сведкам таму з’яўляюцца высокія ўзнагароды, якімі адзначана мірная праца легендарнага партызанскага камандзіра: ордэны Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Трэба падкрэсліць, што ваенны ордэн Суворава і мірны – імя Леніна – адносяцца да самых высокіх узнагарод, таму з поўнай высновай можна сцвярджаць, што па сукупнасці ўзнагарод Сцяпана Пятровіча Шупеню можна аднесці да Героя.
Яго іменем названа вуліца ў Шчучыне і школа ў аграгарадку Орля на Гродзеншчыне.
У 1977 годзе недалёка ад месца, дзе ў гады вайны размяшчаўся штаб партызанскага злучэння пад камандаваннем Шупені, быў створаны мемарыяльны комплекс «Музей-зямлянка». На ўрачыстым адкрыцці прысутнічаў і сам камандзір злучэння. Тады ж Сцяпану Пятровічу і была павязана лента Ганаровага грамадзяніна горада Шчучына.
Такія вось людзі высокага грамадзянскага абавязку, гаворачы словамі Рамана Навумавіча Мачульскага, выраслі і выхаваліся на Крупскай зямлі.
Марына БАРАДАЎКА, Дзмітрый ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.