Знаёмцеся. Навуковы сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства, загадчык школьнага бюро краязнаўства Акадэміі навук БССР, Заслужаны настаўнік Беларусі, аўтар падручнікаў і метадычных дапаможнікаў для пачатковай школы Васіль Андрэевіч Самцэвіч. Вядомы краязнаўца, лінгвіст Пётр Андрэевіч Самцэвіч. Член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР, спецыяліст у галіне мікрабіялогіі, прафесар, Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР Сямён Андрэевіч Самцэвіч.
Старэйшы брат, Васіль, нарадзіўся 19 сакавіка 1889 года. Пазнаёміўшыся з біяграфіяй гэтага чалавека, можна сцвярджаць, што ён усё жыццё вучыўся сам і вучыў дзяцей. У афіцыйных даведніках значацца найбольш буйныя навучальныя ўстановы, дзе ён спасцігаў веды ў даваенны перыяд. У прыватнасці, Віцебскі настаўніцкі інстытут, дзе адначасова наведваў лекцыі на вячэрнім аддзяленні філіяла Маскоўскага археалагічнага інстытута. Нядаўна давялося сустрэць артыкул у газеце «СБ. Беларусь сегодня», дзе журналісту давалі інтэрв’ю ўнукі Васіля Самцэвіча Надзвычайны і Паўнаважны пасол Рэспублікі Беларусь у адстаўцы Аляксандр Астроўскі і вядомы кардыёхірург, акадэмік, лаўрэат дзвюх Дзяржаўных прэмій Юрый Астроўскі. Дык вось, там узгадвалася, што Самцэвіч пачынаў вучобу ў вясковай школе пісьменнасці, Нацкім народным вучылішчы, Маладзечненскай настаўніцкай семінарыі. А затым ужо былі згаданыя ВНУ, а ў 1935 годзе – настаўніцкі інстытут у Мінску.
Зразумела, што такая грунтоўная падрыхтоўка выяўляла высокі ўзровень адукацыі гэтага чалавека. Не толькі на гуманітарнай сцяжыне адчуваў сябе ўпэўнена Васіль Андрэевіч, але і на ратнай.
У Віленскім ваенным вучылішчы атрымаў званне прапаршчыка. У 244-м пяхотным Краснастаўскім палку камандаваў узводам, а затым ротай, ваяваў на Румынскім фронце. Як настаўніка, яго дэмабілізавалі, і пэўны час ён працаваў інструктарам у Міністэрстве адукацыі аблвыканкама Заходняй вобласці і фронта. Зноў армія і зноў дэмабілізацыя. Васіль Андрэевіч настаўнічаў на Лагойшчыне, працаваў у гарадскім упраўленні адукацыі. На Барысаўшчыне загадваў аналагічным упраўленнем, выкладаў на лясным рабочым факультэце, быў завучам у школе. У той час ён супрацоўнічаў з рэспубліканскім краязнаўчым часопісам «Наш край». А з 1929 па 1932 год быў сакратаром Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Акадэміі навук БССР.
У 1941 годзе добраахвотнікам пайшоў у армію і ўсе чатыры гады праслужыў у ваенным шпіталі.
Пасля ліхалецця займаўся выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю ў галіне педагогікі і краязнаўства. Усё яго пасляваеннае жыццё было звязана з Барысаўшчынай. Справядліва лічыцца, што Васіль Самцэвіч стаяў ля вытокаў краязнаўчага руху рэгіёна. Здаецца, што яго хапала на ўсё. Кіруючы гарадскім аддзелам народнай адукацыі ў Барысаве ён шмат увагі надаваў захаванню гістарычных месцаў, складаў спісы загінуўшых настаўнікаў, адкрыў станцыі юнатаў і юных тэхнікаў, укараніў вытворчае навучанне і г.д.
Шмат увагі надаваў вывучэнню беларускай мовы. У 1950-х выдаў падручнікі і дапаможнікі, па якіх не адно дзесяцігоддзе займаліся настаўнікі і дзеці. Васіль Андрэевіч сцвярджаў, што вывучэнне беларускай мовы ў школах з рускай мовай навучання мэтазгодна пачынаць не з III класа, а значна раней. Ён лічыў, што перш за ўсё дзеці павінны чытаць, расказваць аб прачытаным, вучыцца выказваць свае думкі, назіраць за асаблівасцямі напісання і вымаўлення слоў, а граматыка павінна быць ўжо вынікам назірання за мовай. Сцвярджаў неабходнасць стварэння спецыяльных падручнікаў па беларускай мове для школ з рускай мовай навучання і распрацоўкі адпаведных методык.
Ратныя подзвігі Васіля Андрэевіча ў барацьбе з ворагам адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны другой ступені, мірная праца – ордэнам «Знак пашаны». Ён удастоены звання «Заслужаны настаўнік БССР». Памёр Васіль Самцэвіч у 1973 годзе.
Як згадвалі ў артыкуле яго ўнукі, Васіль Андрэевіч не толькі ўвесь час вучыўся сам, але прыкладам старэйшага брата дапамог усім малодшым атрымаць адукацыю. Дзве сястры сталі настаўніцамі, брат Адам пасля вайны быў старшынёй калгаса. А яшчэ два браты, як і ён сам, унесены ў Беларускую энцыклапедыю. Пра іх – больш падрабязна.
Пётр Андрэевіч Самцэвіч нарадзіўся ў 1899 годзе. На жаль, звестак пра яго засталося небагата, і даводзіцца абапірацца пераважна на энцыклапедычныя даныя. Вядома, што ён скончыў Горы-Горацкі сельскагаспадарчы інстытут. Затым доўгі час працаваў настаўнікам на Барысаўшчыне, адначасова актыўна займаўся краязнаўчай працай, супрацоўнічаў з часопісам «Наш край». Пётр Самцэвіч быў адным з заснавальнікаў Барысаўскага краязнаўчага музея, якому перадаў калекцыю прадметаў археалогіі і этнаграфіі. Падчас гутарак з землякамі ён запісаў больш за 1 000 фальклорных твораў, значную частку якіх пазней перадаў у Інстытут беларускай культуры (цяпер Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі).
Пётр Андрэевіч таксама склаў слоўнік тапонімаў і мікратапонімаў Барысаўшчыны і Крупшчыны, які быў выдадзены Інбелкультам. Ён імкнуўся і далей прадоўжыць вывучэнне роднага краю, стаць у будучым гісторыкам, для чаго паступіў у Мінскі педагагічны інстытут на гістарычнае аддзяленне. Скончыў Самцэвіч ВНУ у 1941 годзе. Канечне, было і імкненне шмат чаго зрабіць, і грунтоўная падрыхтоўка, і талент, і энтузіязм. І не выклікае ніякага сумнення, што гэты чалавек яшчэ шмат чаго змог бы зрабіць для захавання беларускай гісторыі і культурнай спадчыны, але ў гэтым жа годзе яго не стала, а было яму ўсяго 42 гады.
А вось пра Сямёна Андрэевіча Самцэвіча вядома больш. Ён нарадзіўся ў 1902 годзе. Спачатку вучыўся ў Горацкім зямельна-агранамічным вучылішчы, затым, як і брат, у Горы-Горацкім сельскагаспадарчым інстытуце. Узначальваў саўгас «Новыя Зелянкі» ў Смілавіцкім раёне, быў раённым аграномам. Прага да навукі прывяла яго ў аспірантуру пры Усесаюзным Інстытуце жывёлагадоўлі па спецыяльнасці «мікрабіялогія», дзе ён вучыўся пад кіраўніцтвам вядомых вучоных, прафесараў Вайткевіча і Рудакова. А з 1939 года пачаў сваю навуковую дзейнасць на Беларусі ў Інстытуце біялогіі НАН. Перад вайной Самцэвіч загадваў лабараторыяй мікрабіялогіі Усесаюзнага НДІ льну, пасля абароны доктарскай узначальваў кафедру фізіялогіі раслін і мікрабіялогіі Уманскага сельскагаспадарчага інстытута.
Падчас вайны самааддана змагаўся з ворагам. За мужнасць пры выкананні баявых задач вучоны быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
Пасля дэмабілізацыі да 1963 г. Сямён Андрэевіч Самцэвіч працаваў у навукова-даследчых установах Украіны, з’яўляўся прафесарам Украінскай сельскагаспадарчай акадэміі, Украінскага НДІ земляробства. У 1954 г. атрымаў вучоную ступень доктара біялагічных навук, у 1956 г. стаў прафесарам.
У 1964 г. Сямён Андрэевіч вярнуўся на Радзіму: загадваў лабараторыяй Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР, по яго ініцыятыве быў арганізаваны аддзел мікрабіялогіі АН БССР. У гэтым інстытуце Сямён Самцэвіч працаваў да апошніх дзён: займаў пасаду загадчыка лабараторыі, з 1977 г. з’яўляўся навуковым кансультантам у галіне глебавай мікрабіялогіі.
Асноўным напрамкам навуковых даследаванняў вучонага-мікрабіёлага было вывучэнне ўзаемаадносін паміж мікраарганізмамі і вышэйшымі раслінамі. У гэтай галіне ён прадставіў цыкл работ па даследванні прыроды сімбіёзу клубяньковых бактэрый і бабовых раслін, выкрыў заканамернасці развіцця мікрафлоры глебы ў сувязі з сезоннымі змяненнямі, прадставіў новыя даныя пра ўздзеянне на карнявую мікрафлору высокіх доз мінеральных тукаў. Вучоны даказаў, што станоўчае дзеянне вапнавання абумоўліваецца вялікай патрэбай у злучэннях кальцыю, якія лёгка засвойваюцца і выклікаюць паляпшэнне росту карэнняў, папярэджваюць іх загніванне.
Шмат намаганняў прыклаў Сямён Андрэевіч Самцэвіч для стварэння беларускай школы мікрабіёлагаў: пад яго кіраўніцтвам былі падрыхтаваны 22 кандыдаты і адзін доктар навук. Яго пяру належыць каля 250 навуковых і навукова-папулярных прац, 6 вынаходніцтваў. Вынікі сваіх даследаванняў вучоны агучваў на шматлікіх міжнародных кангрэсах і канферэнцыях. На працягу свайго жыцця прафесар Самцэвіч з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Усесаюзнага таварыства мікрабіёлагаў, узначальваў беларускае аддзяленне гэтага таварыства, уваходзіў у склад вучоных саветаў шэрагу навукова-даследчых устаноў.
Важкі ўклад Сямёна Самцэвіча ў сучасную навуку атрымаў высокую ацэнку: у 1967 г. вучоны быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР, у 1977 г. прафесару Самцэвічу было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР» і ўручаны медаль «За доблесную працу». Сярод іншых узнагарод вучонага – Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і шматлікія медалі.
Яго праца паклала пачатак развіцця фундаментальных і прыкладных даследаванняў па тэхнічнай мікрабіялоіі ў рэспубліцы. Пайшоў з жыцця наш знакаміты зямляк у 1985 годзе.
Гісторыя Крупшчыны захоўвае нямала імён людзей, якія пакінулі ў жыцці свой адметны след. Яны годныя таго, каб пра іх памяталі, імі ганарыліся. Такімі і былі браты Самцэвічы з Дакудава. Яны прайшлі непраторанымі шляхамі, простыя вясковыя хлопцы сталі гонарам сваёй краіны.
Марына БАРАДАЎКА, Дзмітрый ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.