Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вараб’ёў заўважыў:
– Заўсёды прыемна віншаваць людзей, а павіншаваць вас, сённяшніх прысутных, з днём мудрасці – прыемна ўдвая. Ад імя старшыні раённага выканаўчага камітэта Ігара Мікалаевіча Часнака і ад сябе асабіста прыміце самыя шчырыя словы прызнанасці за вашу працу, за цярпенне і вытрымку. Велізарная воля, актыўная жыццёвая пазіцыя, невычарпальная энергія, уласцівыя вам, нашы шаноўныя ветэраны, з’яўляліся і з’яўляюцца прыкладам для моладзі. Ваша пакаленне характарызуюць аптымізм, мэтанакіраванасць, настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты. Мы ўдзячны вам за ўсё, што вы рабілі і працягваеце рабіць для нашага грамадства цяпер. Усім вам і надалей зычу нязгаснага інтарэсу да жыцця, моцнага здароўя, душэўнага спакою, цяпла і любові блізкіх людзей.
Старшыня раённага савета ветэранаў Святлана Макрыцкая зазначыла, што ў перапоўненай зале сабраліся ветэраны працы аграпрамысловага комплексу, адукацыі, медыцыны, гандлю, транспарту, бытавога і жыллёва-камунальнага абслугоўвання, дзяржаўнага кіравання.
– У гэты дзень мы аддаем даніну павагі людзям старэйшага пакалення, у якіх за плячыма вялікае жыццё з цяжкасцямі і радасцямі, стратамі і ўдачамі, – гаварыла Святлана Нікіфараўна. – Менавіта вы вучыце моладзь верыць у сябе і свае сілы, цаніць справядлівасць і прыстойнасць, спадзявацца на лепшае. Толькі захоўваючы пераемнасць традыцый і каштоўнасцей, носьбітамі якіх з’яўляецеся менавіта вы, можна забяспечыць гарманічнае развіццё нашага грамадства. Назапашаныя вамі за доўгія гады веды асабліва важныя ў сучасных умовах, калі побач з ініцыятывай маладых патрабуецца мудрасць старэйшых. Жадаю вам актыўнага даўгалецця і толькі добрых навін. Няхай вашы мары становяцца рэальнасцю, а кожны новы дзень заўсёды дае надзею.
Святлана Макрыцкая ўручыла заахвочванні і букеты кветак актывістам ветэранскага руху Ганне Пятроўне Рыжковай і Валянціне Іванаўне Скваркоўскай, Падзяку – Раісе Іванаўне Быкавай. Ганаровыя граматы раённага аб’яднання прафсаюзаў атрымалі ветэраны працы Іван Іванавіч Маеўскі і Алена Яўціхіеўна Іотчанка. У гэты дзень сувеніры і кветкі былі ўручаны Івану Сямёнавічу Пікта, Еўдакіі Пятроўне Куксіной і Кацярыне Міхайлаўне Здараўцовай.
У першы дзень кастрычніка, калі па ўсёй краіне славіцца мудрасць і жыццёвы вопыт, калі аддаецца даніна павагі тым, хто пражыў слаўнае, нялёгкае жыццё, калі віншаванні прымаюць тыя, у каго за плячыма добрыя справы і ўчынкі, словы прывітання гаварылі таксама старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лілія Федзькіна і намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Алена Іотчанка.
Падчас падвядзення вынікаў агляду-конкурсу «Кветкі міру», які праводзіўся сярод ветэранаў працы раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і раённай ветэранскай арганізацыяй, адзначалася, што ўдзел у ім прынялі практычна ўсе ветэранскія арганізацыі. Найбольш актыўную работу правялі гарадская ветэранская арганізацыя, ветэранскія арганізацыі Крупскага, Халопеніцкага, Ухвальскага, Ігрушкаўскага і Хацюхоўскага сельвыканкамаў.
– Прадстаўленыя на конкурс фотаматэрыялы прыдамавых тэрыторый, кветнікаў і клумбаў, – заўважыла Алена Іотчанка, – адлюстроўваюць унутраны свет іх уладальнікаў, працавітасць, імкненне як мага далей акружыць сябе разнастайнымі ўнікальнымі кветкавымі культурамі, каб атрымаць асалоду ад іх прыгажосці, жаданне зрабіць свой дом і тэрыторыю вакол яго больш утульнай і прыцягальнай, падарыць хвіліны радасці, цудоўнага настрою сабе і людзям. Для іх кветкі – гэта сімвал міру і дабрабыту, уклад у агульную справу – навядзенне парадку на зямлі, жаданне зрабіць свой горад, сваю вёску яшчэ прагыжэйшымі.
Пераможцы агляду-конкурсу кветкаводаў-аматараў узнагароджаны Дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступеняў, многія атрымалі сертыфікат удзельніка і грашовыя прэміі. Арганізатары гэтага конкурсу выказваюць удзячнасць спонсарам – Сяргею Кірпічову, Анатолю Багдановічу, Мікалаю Вусіку, Вользе Ігнатовіч, а таксама дырэктару ААТ «Туршоўка» Надзеі Вусік, якія прадаставілі магчымасць прэміяваць пераможцаў.
А святочны настрой на працягу некалькіх гадзін усім прысутным стваралі артысты вакальнага ансамбля “Наша песня” Крупскага сельскага Дома культуры. У іх рэпертуары гучалі песні, добра знаёмыя і любімыя многімі прысутнымі, таму яны і падпявалі артыстам. Апладысментамі сустракалі і юную Анастасію Навіцкую, якая прачытала верш пра бабулю. З падзякамі за змястоўны канцэрт, за тое, што яны сагрэлі душы добрай песняй і цёплым словам, артыстам уручылі кветкі.