На працягу ліпеня і жніўня 1944 года аднавілі сваю работу Крупская, Халопеніцкая, Абчугская лячэбніцы, адкрыты Ухвальская, Ігрушкаўская бальніцы, пазней, у 1950-м годзе – Бобрская бальніца. Пачалі працаваць таксама 27 ФАПаў, амбулаторый і ўрачэбных участкаў, у 1945 годзе адкрыты станцыя хуткай дапамогі, санэпідэмстанцыя. Значным поспехам было адкрыццё ў асобных медыцынскіх установах рэнтгенаўскіх кабінетаў і стацыянараў. Але да 1950-га года ў раёне працаваў толькі 21 урач і 80 чалавек сярэдняга медперсаналу. Сярод іх былі і тыя, хто ў гады акупацыі дапамагалі партызанам – хірург Дробат, фельчар Раіса Паўлаўна Лапарэвіч, якая здолела адкрыць пры дзіцячай кансультацыі першую ў рэспубліцы малочную кухню, дзе рыхтавалі харчовыя сумесі для немаўлят.
Пасля заканчэння вайны вярнуліся да мірнай працы і франтавікі. Людміла Іванаўна Лукашэвіч (Новікава) скончыла медыцынскае вучылішча перад самай вайной. Добраахвотна стала на абарону Радзімы, працавала хірургічнай сястрой у шпіталях. Дэмабілізаваўшыся ў 1946 годзе, яна зноў вярнулася ў пасёлак Крупскі і пачала працаваць фельчарам у Крупскім ФАПе. Да яе баявых узнагарод, трох медалёў «За баявыя заслугі», хутка дабавілася і мірная – знак «Выдатнік аховы здароўя СССР».
Клаўдзія Піліпаўна і Ягор Захаравіч МІКУЛЬСКІЯ.
Ураджэнец пасёлка Крупскі Іван Рыгоравіч Іваноў скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут таксама перад вайной, у 1941 годзе. Пачынаючы з 1944 года, амаль на паўстагоддзе яго працоўная дзейнасць была звязана з Крупшчынай, дакладней, з Ухвальскай лячэбніцай, дзе ён доўгі час быў галоўным урачом. Праца Івана Рыгоравіча адзначана, акрамя Ганаровых грамат Мінаблздраўаддзела, таксама знакамі «Выдатнік санітарнай абароны СССР», «Выдатнік аховы здароўя СССР», «Выдатнік аховы здароўя БССР».
Медыкі працавалі ў складаных умовах, не хапала самага неабходнага. Да таго ж пачасціліся ўспышкі розных эпідэмій: малярыі, тыфу. У барацьбе з эпідэміяй тыфу асабліва вызначыліся медыкі Абчугскай лячэбніцы, а таксама работнікі Грыцкавіцкага ФАПа – муж і жонка Ягор Захаравіч і Клаўдзія Піліпаўна Мікульскія. Клаўдзія Піліпаўна падчас вайны была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, пазней медалём «За мужнасць». Ягор Захаравіч быў удзельнікам абароны Сталінграда, вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў, бітвы за Берлін. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны першай і другой ступеняў, медалём «За баявыя заслугі». У мірны час менавіта за заслугі ў барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі Ягор Захаравіч быў узнагароджаны медалём «За працоўную адзнаку». Пазней жа ён быў адзначаны знакам «Выдатнік аховы здароўя СССР».
Таксама за самаадданую работу ў барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі галоўны ўрач Абчугскай лячэбніцы М.М. Кабылянц у 1946 годзе быў узнагароджаны знакам «Выдатнік аховы здароўя СССР».
Па ўспамінах Е. Віталёва, які ў першыя пасляваенныя гады кіраваў райздраўаддзелам, «фактычна без транспарту, пры недахопе медыкаментаў, перавязачных матэрыялаў мы паставілі заслон эпідэміям. Ішлі нашы медыкі за 20-30 кіламетраў, несучы на сабе дэзсродкі, біяпрэпараты. І толькі разборную дэзкамеру вазілі на кані». Дзякуючы самааданай рабоце медыкаў ачагі захворвання тыфам да 1949 года былі ліквідаваны.
Прыкладна ў такіх умовах пачынаў працаваць у 1947 годзе ў Выдрыцы былы франтавік, кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі, Славы трэцяй ступені, Айчыннай вайны першай ступені Іван Міхайлавіч Смарговіч. Пачынаў ён, вобразна кажучы, з нуля. Спаленыя хаты. Памяшкання для медыцынскага пункта няма, у вёсцы больш за сто чалавек хворых малярыяй… Івану Міхайлавічу давялося прыкласці шмат намаганняў, каб адбудаваць новы ФАП, перамагчы эпідэмію. Гэтая праца была адзначана пісьмом-падзякай ад Міністра аховы здароўя БССР. Але, бадай, не менш ганаровымі з’яўляюцца словы падзяк ад пацыентаў Івана Міхайлавіча. Адзін з іх, дарэчы, выказаў гэтую падзяку ў вершаванай форме ў раённай газеце. Мы яе прывядзём у скарочаным выглядзе:
Пусть вьюга, за окном ни зги.
Людским страданьем озабочен.
На зов «Михалыч, помоги!»
Он шел в любое время ночи…
Души приятнее не будет
Двух слов «Наш доктор».
Так прозвал его народ
За щедрость к людям.
Такія прыклады не адзінкавыя. З цягам часу ў Крупскай бальніцы былі адкрыты фізіятэрапеўтычнае аддзяленне і рэнтгенкабінет, супрацьтуберкулёзны кабінет, у Халопенічах рэнтгенкабінет. У цэлым жа да 1950 года раённая сетка ўстаноў аховы здароўя была адноўлена.
Дзмітрый ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.